- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“In unitate fidei”: ліст Папы да 1700-годдзя Нікейскага Сабора

[1]“Аднаўленне адзінства паміж хрысціянамі не робіць нас бяднейшымі, а, наадварот, узбагачае нас”, — падкрэсліў Папа Леў XIV у Апостальскім лісце “In unitate fidei” (“У адзінстве веры”), прымеркаваным да 1700-годдзя Нікейскага Сабора.

“У адзінстве веры, што абвяшчаецца ад самага пачатку Касцёла, хрысціяне пакліканы ісці ў згодзе, захоўваючы і перадаючы з любоўю і радасцю атрыманы дар. Ён выказаны словамі Сімвала веры: “Верым у Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, Які сышоў з неба дзеля нашага збаўлення”, сфармуляванымі на Нікейскім Саборы – першай экуменічнай падзеі ў гісторыі хрысціянства, якая адбылася каля 1700 гадоў таму”, — гаворыцца на пачатку папскага дакумента. ПОЎНЫ ТЭКСТ АПОСТАЛЬСКАГА ЛІСТА. [2]

Ліст быў апублікаваны 23 лістапада 2025 года – у нядзелю Хрыста, Валадара Сусвету, і за некалькі дзён да пачатку падарожжа Святога Айца ў Турцыю, у рамках якога ён наведае месцы, звязаныя з Нікейскім Саборам.

Дакумент складаецца з дванаццаці раздзелаў. З яго дапамогай Папа хоча заахвоціць увесь Касцёл абнавіць запал у вызнанні веры, “праўда якой на працягу стагоддзяў складала супольную спадчыну хрысціян і вартая таго, каб яе вызнавалі і разумелі заўсёды новым і актуальным чынам”.

Вызнанне адзінай веры – надзея ў цяжкія часы

Пантыфік адзначыў, што вера ў Езуса Хрыста, Сына Божага, з’яўляецца сэрцам хрысціянскай веры, якую вызнаюць розныя канфесіі. Яна, па словах Папы, “дае нам надзею ў цяжкія часы, у якія жывём, пасярод шматлікіх хваляванняў і страхаў, пагроз вайны і гвалту, прыродных катаклізмаў, сур’ёзнай несправядлівасці і нераўнавагі, голаду і беднасці, ад якіх пакутуюць мільёны нашых братоў і сясцёр”.

Вялікая экуменічная каштоўнасць Сабора

Пасля разгорнутага аналізу гісторыі, звязанай з Нікейскім Саборам, Пантыфік заўважыў, што яго рашэнні былі падтрыманы Айцамі Касцёла на Усходзе і Захадзе хрысціянскага свету. Таму гэтая падзея з’яўляецца актуальнай і сёння з прычыны яе вялікай экуменічнай каштоўнасці.

Паміж хрысціянамі больш таго, што іх аб’ядноўвае, чым таго, што раздзяляе

Пантыфік нагадаў, што дасягненне адзінства паміж усімі хрысціянамі было таксама адной з галоўных мэт Другога Ватыканскага Сабора. “Дзякуй Богу, экуменічны рух дасягнуў многіх вынікаў за апошнія шэсцьдзесят гадоў. Нават калі поўнае бачнае адзінства з Праваслаўнымі і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі, а таксама з царкоўнымі супольнасцямі, якія ўзніклі падчас Рэфармацыі, яшчэ не дасягнута, тым не менш экуменічны дыялог, заснаваны на адным хросце і Нікейска-Канстанцінопальскім Сімвале веры, прывёў нас да прызнання членаў іншых Цэркваў і царкоўных супольнасцей нашымі братамі і сёстрамі ў Езусе Хрысце і да адкрыцця адзінай і паўсюднай супольнасці вучняў Хрыста ва ўсім свеце”, — напісаў Папа, падкрэсліваючы, што паміж хрысціянамі ёсць больш таго, што іх аб’ядноўвае, чым таго, што раздзяляе.

Адзінства хрысціян важны знак міру для свету

“У свеце, падзеленым і разарваным шматлікімі канфліктамі, з’яднаная паўсюдная хрысціянская супольнасць можа быць знакам міру і прыладай прымірэння, адыгрываючы вырашальную ролю ў глабальным імкненні да міру”, — сцвердзіў ён.

Папа Леў XIV нагадаў таксама словы Яна Паўла ІІ пра тое, што памяць пра “сведчанне шматлікіх хрысціянскіх мучанікаў усіх Цэркваў і царкоўных супольнасцей” аб’ядноўвае нас і падштурхоўвае “быць сведкамі і будаўнікамі міру ў свеце”.

Нікейскі Сабор – арыенцір на шляху да адзінства

Па словах Святога Айца, пераканаўчае выкананне гэтага служэння патрабуе ад нас “ісці разам, каб дасягнуць адзінства і прымірэння паміж усімі хрысціянамі”. “Нікейскі Сімвал веры можа стаць асновай і арыенцірам на гэтым шляху: ён прапануе нам мадэль сапраўднага адзінства ў законнай разнастайнасці”, — напісаў Папа, дадаючы: “Таму мы павінны пакінуць у мінулым тэалагічныя спрэчкі, якія страцілі свой сэнс, каб прыйсці да супольнай думкі і, больш за тое, да супольнай малітвы да Святога Духа, каб Ён мог сабраць нас усіх разам у адной веры і адной любові”.

Аднаўленне адзінства ўзбагаціць усіх

Пантыфік падкрэсліў, што гаворка не ідзе пра вяртанне да стану, які папярэднічаў падзелам ці пра ўзаемнае прызнанне актуальнага status quo разнастайнасці Цэркваў і царкоўных супольнасцей, але ў першую чаргу пра экуменізм, скіраваны ў будучыню, які імкнецца да прымірэння праз дыялог, шляхам дзялення нашымі дарамі і духоўнай спадчынай.

“Аднаўленне адзінства паміж хрысціянамі не робіць нас бяднейшымі, а, наадварот, узбагачае нас. Як і ў Нікеі, дасягненне гэтай мэты будзе магчымым толькі праз цярплівы, доўгі і часам складаны шлях узаемнага слухання і прыняцця. Гаворка ідзе пра тэалагічны выклік, а яшчэ ў большай меры пра выклік духоўны, які патрабуе ад усіх пакаяння і навяртання”, — падкрэсліў Леў XIV, завяршаючы свой Апостальскі ліст заклікам да супольнай малітвы да Святога Духа.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News [3]