Гэта адзіная Імша на працягу года, якая цэлебруецца ў раманскай ратондзе св. Мікалая. Самы каштоўны помнік Цешынскага краю вядомы ўсім палякам, таму што ён знаходзіцца на адваротным баку банкноты наміналам у дваццаць злотых.
У ратондзе св. Мікалая, раманскай капліцы на Замкавай гары ў Цешыне, што ў Бельска-Жывецкай дыяцэзіі, 6 снежня адбываецца святая Імша. Цэлебруецца яна тут толькі раз на год, у дзень памяці заступніка дзяцей і бедных, а заадно і заступніка ўнікальнага храма. Ратонда, круглы будынак мяжы XI-XII стагоддзяў, можа змясціць каля 100 чалавек.
На працягу многіх стагоддзяў ратонда была замкавай капліцай, прысвечанай св. Мікалаю. Пабудаваная з колатых каменных і вапняковых блокаў. З усходу да круглага нефа прымыкае паўкруглая апсіда, аддзеленая ад яго трыма прыступкамі.
Першапачаткова ратонда служыла цэнтрам царкоўнай адміністрацыі Цешынскага кашталяна і была парафіяльным касцёлам. Паводле адной з гіпотэз, ратонда таксама выкарыстоўвалася як замкавая капліца, а побач з ёй знаходзіліся найстарэйшыя парафіяльныя могілкі ў Цешыне, дзе хавалі кіраўнікоў кашталянаў, членаў іх сем’яў і рыцараў.
Ратонда была перабудавана ў XIV ст. Затым унутраны ўзровень паднялі і паклалі падлогу. Падчас пажару ў 1484 годзе будынак быў знішчаны. Канструкцыя была грунтоўна перабудавана ў 1839 годзе. Кансервацыйныя работы, завершаныя ў 1955 г., аднавілі будынак у першапачатковым выглядзе і выявілі былы ўзровень вуліцы.
З 1995 года выява Цешынскай ратонды знаходзіцца на адваротным баку банкноты ў дваццаць злотых з выявай Баляслава Адважнага.
Паводле deon.pl [4]
Пераклад Марыны Сінкевіч