[1]Глыбей разумець Слова Божае і з энтузіязмам сведчыць яго ў штодзённым жыцці заахвоціў Святы Айцец вернікаў Экватарыяльнай Гвінеі.
23 красавіка 2026 года, у апошні дзень апостальскага падарожжа ў Афрыку, Папа Леў XIV узначаліў урачыстую Імшу на гарадскім стадыёне ў Малаба, дзе сабраліся каля 20 тысяч вернікаў з розных рэгіёнаў краіны і з-за мяжы.
Ці разумеем мы Слова Божае?
У гаміліі Пантыфік звярнуўся да евангельскага ўрыўка пра сустрэчу дыякана Філіпа з эфіопскім еўнухам з Дзеяў Апосталаў. Ён падкрэсліў, што гэты тэкст заахвочвае нас задацца пытаннем, ці сапраўды мы разумеем тое, што чытаем у Святым Пісанні.
Дыякан Філіп, сустрэўшы падарожніка, які вяртаўся з Ерузалема ў Афрыку, спытаў: “Ці разумееш, што чытаеш?” (Дз 8:30). Гэта быў еўнух царыцы Эфіопіі, які сціпла адказаў: “Як жа магу разумець, калі ніхто не павучыў мяне? Яго адказ дэманструе адкрытасць і жаданне зразумець, — сказаў Святы Айцец.
Ад рабства да свабоды ў Хрысце
Папа прапанаваў паразважаць над асобай гэтага чалавека: ён багаты, як і яго зямля, і ўсё ж ён раб. Багацце, якім ён распараджаецца, яму не належыць: усё, што ў яго ёсць, — гэта яго праца, які прыносіць карысць іншым. Ён разумны і адукаваны, аб чым сведчаць як яго дзяржаўная роля, так і малітва, але не цалкам вольны. Яго становішча адлюстроўваецца нават у яго целе: ён еўнух, чалавек, пазбаўлены магчымасці даць жыццё. Яго жыццёвая сіла пастаўлена на службу ўладзе, якая кантралюе яго і пануе над ім.
Аднак абвяшчэнне Евангелля на радзіме, у Афрыцы, якая была для яго месцам рабства, вызваляе яго. Слова Божае, якое ён чытак, прыносіць нечаканы плён у яго жыцці. Сустрэча з дыяканам Філіпам, сведкам укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, ператварае яго з простага чытача Пісання ў аднаго з удзельнікаў гісторыі збаўлення, якая цяпер тычыцца яго асабіста. Праз хрост ён становіцца дзіцём Божым і нашым братам у веры. Нягледзячы на рабства і бяздзетнасць, ён адраджаецца да новага і свабоднага жыцця ў імя Пана, і мы па сённяшні дзень гаворым пра гісторыю яго збаўлення, чытаючы Святое Пісанне, — нагадаў Пантыфік.
Вера як ключ да разумення Святога Пісання
Падобна яму, мы таксама праз хрост атрымалі тое ж святло – тую ж веру, з дапамогай якой чытаем і разумеем Святое Пісанне: разважаем пра прароцтвы, чытаем псальмы, вывучаем Закон Божы і абвяшчаем Евангелле ў сваім жыцці. Усе тэксты Святога Пісання раскрываюць свой сапраўдны сэнс у веры, бо яны былі напісаны і перададзены нам праз веру. Таму чытанне Бібліі заўсёды з’яўляецца не толькі асабістым, але і супольным, касцёльным актам – яно ніколі не бывае ізаляваным або чыста механічным, — падкрэсліў Папа Леў XIV.
Мы чытаем Святое Пісанне разам як агульную спадчыну Касцёла, пад кіраўніцтвам Святога Духа і Апостальскай традыцыі, якая яго захавала і перадала. Як і еўнух, мы можам прыйсці да разумення Слова Божага з дапамогай настаўніка, які суправаджае нас на шляху веры, як гэта было з дыяканам Філіпам, які абвясціў яму Добрую навіну пра Езуса. Тое, аб чым чытаў еўнух у прароцтве Ісаі, спраўдзілася ў Хрысце: пакутны слуга, пра якога казаў прарок – гэта Езус, які праз муку, смерць і Уваскрасенне збаўляе чалавецтва ад граху і смерці. Ён – Слова, якое стала целам, у якім спаўняецца і атрымлівае поўны сэнс і канчатковую мэту ўсё Святое Пісанне, — сказаў Папа.
Хрыстус – хлеб жыцця
Бог адкрываецца людзям у Езусе Хрысце, які дае жыццё. Як манна ў пустыні была знакам Божага клопату, так цяпер гэты старажытны сімвал саступае месца сакрамэнту новага і вечнага запавету. Езус становіцца “хлебам жывым” у Эўхарыстыі: хто прымае Яго, атрымлівае вечнае жыццё, таму што Хрыстус – жывы! Ён уваскрос і працягвае аддаваць жыццё за ўсіх людзей, — сцвердзіў Папа Леў XIV.
Выбар паміж надзеяй і роспаччу
Уваскрасенне Хрыста вызваляе чалавецтва ад рабства зла і дае яму выбар: верыць і мець жыццё вечнае або заставацца ў роспачы. Прымаючы рашэнне верыць у Яго, кожны з нас выбірае паміж непазбежным адчаем і надзеяй, якую прапануе Бог, — сказаў Святы Айцец. “Хрыстос – гэта ўсё для нас!” У Ім мы знаходзім паўнату жыцця і сэнс, адказ на свае патрэбы – справядлівасць, моц, жыццё, шлях і святло. Хоць жыццёвыя цяжкасці не знікаюць, у Божай прысутнасці яны атрымліваюць тлумачэнне. Бог заўсёды любіць нас першым і дае чалавеку Добрую Навіну, якую кожны хрысціянін пакліканы сведчыць сваім жыццём, служэннем і прабачэннем, — нагадаў Папа.
Радасць Евангелля і небяспека эгаізму
Папа Леў XIV нагадаў словы Папы Францішка аб тым, што сустрэча з Хрыстом напаўняе чалавека радасцю, але гэтая радасць можа знікнуць, калі сэрца замыкаецца ў эгаізме, ліхаманкавай пагоні за легкадумнымі задавальненнямі, прытупленым сумленні і абыякавасці да іншых, асабліва да бедных. Менавіта любоў Пана падтрымлівае нашы намаганні, асабліва ў служэнні справядлівасці і салідарнасці.
Папа заклікаў вернікаў Экватарыяльнай Гвінеі працягваць місію першых вучняў Хрыста: чытаць Евангелле разам, абвяшчаць яго з запалам і ўсім сваім жыццём сведчыць пра веру, якая збаўляе, каб Слова Божае стала “добрай закваскай” для ўсіх.
Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News [2]