- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Іменна Анастасія нераз тут была ці Менавіта Настасся не раз была тут: як будзе правільна?

[1]Тэмы сённяшняга выпуску нашай моўнай старонкі падказала чытачка “Каталіцкага Весніка” Анастасія Э. Менавіта тэмы, бо спадарыня Анастасія акрэсліла адразу тры пытанні, на якія хацела б атрымаць адказы. У прыватнасці, яна піша: “Неаднаразова сустракала ў творах Я. Скрыгана слова «іменна». Заўсёды лічыла, што гэта калька з рускай мовы, а па-беларуску – «менавіта». Ці ёсць розніца паміж гэтымі словамі? У якіх выпадках іх правільна ўжываць у маўленні?

Некалькі разоў бачыла напісанне слоў разам «няраз» і «недзіва». Ці правільна гэта? Ці не трэба часціцу «не» пісаць асобна?

Які правільны беларускі варыянт імені «Анастасия»? У некаторых людзей у пашпарце запісана Анастасія, у іншых – Настасся. Можа, Настасся адносіцца да рускага варыянта Настасья?”

Мы шчыра дзякуем нашай чытачцы за ўзнятыя пытанні, якія, па-першае, насамрэч з’яўляюцца важнымі і, па-другое, сведчаць пра ўдумлівы, сур’ёзны падыход сп-ні Анастасіі да культуры беларускага слова. Таму паспрабуем разабрацца ва ўсім па парадку.

Сапраўды, і часціца “іменна” і часціца “менавіта” выкарыстоўваюцца ў беларускай мове. Так, напрыклад, у Віталя Вольскага чытаем: Самуйлёнак прыносіў у беларускую літаратуру сваё новае, арыгінальнае, уласцівае іменна яму. А ў Міхася Зарэцкага знаходзім: Марына Паўлаўна не зманіла – яна ў гэту хвіліну ўжо сапраўды была ўпэўнена, што едзе менавіта заўтра. Абедзве часціцы маюць аднолькавае значэнне, з’яўляюцца сінанімічнымі. Але з пункту гледжання культуры беларускага маўлення варта ўсё ж аддаваць перавагу слову менавіта, бо сінонім іменна мы павінны трактаваць як кальку з рускай мовы. Дарэчы, можна таксама ўжываць у нашай мове часціцу якраз з гэтым жа значэннем.

Цяпер пра другое пытанне. Напісанне разам слова нераз адназначна з’яўляецца памылковым. Пра гэта выразна гаворыць правіла: “Асобна пішуцца часткі выразу не раз: Не раз прыходзілася яму хадзіць праз гэты лес (Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. – Мінск, – 2008. – С. 66). Варыянтаў тут быць не можа, калі мы гаворым пра напісанне. Але пры вымаўленні дзейнічае правіла першага склада перад націскам, прынцып якання, калі мы гаворым ня раз. Зрэшты таксама, як мы вымаўляем і ня трэба, ня варта, ня можна, хоць пішам тут усюды часціцу не.

Што датычыць слова недзіва, то акурат у такім выглядзе яно пісацца не можа, у сэнсе, разам з часціцай не, бо таксама дзейнічае закон якання. Але ўвогуле магчымае напісанне як нядзіва, калі падразумяваецца выразнае супрацьпастаўленне: Гэта нядзіва, даўно ўсё было зразумела. Тут мы можам замяніць слова нядзіва іншым словам без не, напрыклад, заканамерна, натуральна, відавочна. Але ў пераважнай большасці выпадкаў часціца тут пішацца ўсё ж асобна: Гэта было не дзіва нейкае, а звычайная недапрацоўка майго калегі.

Цяпер што датычыць наступнага пытання – пра формы “Анастасія” і “Настасся”. Адразу хацелася б адзначыць, што нашая чытачка правільна расставіла тут акцэнты, слушна трактуючы асаблівасці выкарыстання асабовага імя ў беларускай і рускай мовах. “Слоўнік асабовых уласных імён” (аўтары – У. М. Завальнюк, В. К. Раманцэвіч, Мінск, 2017) падае як нарматыўныя, правільныя ў беларускай мове абодва варыянты – Анастасія і Настасся (с. 112), дадаючы размоўныя формы Наста і Насця. У гэтым жа слоўніку канстатуецца і паходжання імені: “Анастасія, Настасся — адроджаная, уваскрэслая (грэц.)” – с. 246. У рускай мове таксама ўжываецца імя Настасья, якое па-беларуску павінна, несумненна, перадавацца як Настасся.

Але на практыцы ў беларускай мове ўжываюцца абедзве формы як адпаведнікі да рускага АнастасияАнастасія і Настасся. Гэта значыць, што па сваім жаданні можна выбраць канкрэтную форму згаданага імені, якая і будзе афіцыйна замацаваная. Тут дарэчы будзе прыгадаць, што раней у беларускіх вёсках надзвычай пашыранае было імя Настася. Можна меркаваць, што сучасны варыянт Настасся больш блізкі да нас у этнакультурным плане, чым Анастасія.

Заўважым таксама, што названы вышэй слоўнік з’яўляецца нарматыўным даведнікам па выкарыстанні асабовых уласных беларускіх імёнаў у афіцыйнай і штодзённай практыцы, іх правапісе і скланенні, а таксама па ўтварэнні імёнаў па бацьку. У слоўніку пададзены найбольш пашыраныя народныя і размоўныя формы і варыянты імёнаў, а таксама кананічныя (праваслаўныя і каталіцкія) хрысціянскія імёны, што выкарыстоўваюцца пры хрышчэнні дзяцей.

Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны і пазнавальны не толькі для аўтаркі пытанняў, але і для ўсіх нашых чытачоў. Бо гэта дазваляе пашырыць уласны кругагляд, асэнсаваць некаторыя моўныя аспекты, якія не заўсёды відавочныя.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук