- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Хрысціянін у свеце»: у Шчучыне адбылася сустрэча моладзі

Pijary_systrecha moladzi05 [1]Жывучы ў сучасным свеце, дзе ўжо ніхто не можа ўбачыць сапраўднай мяжы паміж дабром і злом, любоўю і нянавісцю, верай і абыякавасцю, здаецца немагчымым адказваць Богу ўпэўнена «так-так», «не-не». Але мы, як сапраўдныя хрысціяне, трымаемся сваёй веры і надзеі, каб усё жыццё змагацца за свет і праўду, якой з’яўляецца наш Збавіцель, Езус Хрыстус.

Пытанне да нас застаецца толькі адно: «Ці гатовыя мы прайсці гэты складаны шлях? Ці гатовыя цяперашнему стагоддзю сказаць: Я — Хрысціянін!».

Мне здаецца, што ніколі ўжо не забуду 45 сур’ёзных твараў, якія з 6 па 8 лістапада на піярскіх сустрэчах молодзі разважалі над тэмай: «Хрысціянін у свеце».

Цэнтрам для такога непамернага пытання стаў г. Шчучын. Вялікі кляштар ордэна піяраў змог вытрымаць энергію і гарачыя сэрцы моладзі 9-11 класаў.

Штогод ініцыятыўныя святары намагаюцца ў розны спосаб абудзіць мясцовую і запрошаную з Ліды моладзь ад штодзённасці. На дапамогу айцам у гэты раз прыехала крэатыўная каманда з Мінску.

Тут трэба сказаць пра сябе. Я чалавек мясцовы, шчучынскі, але зараз жыву ў Мінску, таму з радасцю адгукнулася на запрашэнне пробашча шчучынскай парафіі а. Вітольда Пяцельчыца. Паклікала на дапамогу сяброў і мы распачалі з Богам.

Адразу хачу выказаць вялікую падзяку людзям, якія падтрымалі мяне ў арганізацыі і правядзенні сустрэч: Юля Атрашкевіч, Настасся Савіцкая, Аляксей Пабедзінскі, Віктар Муліца.

Няхай добры Бог вам адудзячыць.

Канферэнцыі, сведчанні, дзебаты, святая Імша, адарацыя… Хлопцам і дзяўчатам сапраўды было дзе падумаць і паразважаць.

Акрамя асноўнай  часткі былі такія пункты праграмы як вечар знаёмстваў, творчы батл, майстар-клас, школа спеваў. Усе гэта дало магчымасць праявіць сябе з усіх бакоў.

Размаўляючы на галоўную тэму, разам прыйшлі да высновы: «Калі хочаш быць сапраўдным хрысціянінам у свеце, пачні з сябе!» Адразу ж распачалі працаваць над сабой.

А замацаваць вынікі вырашылі сярод сваіх парафіянаў на нядзельнай Імшы. Веру, што і кроплі сумніву на тварах больш старэйшых людзей не з’явілася,  бо так гучна моладзь спявала  праслаўляючы Бога.

Упэўнена, гэтыя сустрэчы заклалі цаглінку для таго, каб абудзіцца і пайсці ў гэты свет за імя Езуса Хрыста!

Алёна Мыслівец, тэкст і фота