- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Хацеў быць звычайным росіцкім пілігрымам, таму прыехаў інкогніта»: Апостальскі Нунцый Клаўдыё Гуджэроці завітаў у Росіцкі санктуарый у Дзень Кансэкраванага Жыцця

rosica78 [1]Росіца – вёсачка ў Верхнядзвінскім раёне, прыгожы куточак Віцебшчыны. Кожны год гэтае святое месца прыцягвае пілігрымаў з розных парафій Беларусі. І ў гэтым годзе Росіца не стала выключэннем. На вуліцы можна было заўважыць вялікую колькасць машын і аўтобусаў, а  святыня тым часам напаўнялася людзьмі, каб узносіць свае малітвы і просьбы праз заступніцтва бласлаўлёных айцоў-марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.

На жаль біскуп Віцебскі Алег Буткевіч не змог прысутнічаць на ўрачыстасці, але ў зваротным лісце да братоў і сясцёр манаскіх супольнасцяў, кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі адзначыў: “Мяркую, што гэтае месца, акропленае крывёю Манахаў-мучанікаў, найлепшым чынам адпавядае духу Кансэкраванага жыцця, са сваёй істоты прызначанага ахвярнаму служэнню Богу і Яго Касцёлу”. Таму 21 лютага ў Росіцы адбылося агульнадыяцэзіяльнае святкаванне Дня Кансэкраванага Жыцця. Аб’яднаць гэтыя дзве падзеі — мучаніцтва і Кансэкраванага жыцця – была ініцыятыва біскупа Буткевіча: “Спадзяюся, што праз заступніцтва бласлаўлёных мучанікаў кожнаму з вас атрымаецца наноў перажыць радасць з асаблівай абранасці да таго, каб быць сведкам Божай любові да кожнага чалавека”.

Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў Генеральны Вікарый Віцебскай дыяцэзіі кс. Францішак Кісель.

Пасля прамоўленай гаміліі прысутныя законныя сёстры і браты з запаленымі свечкамі ў руках ля алтара аднавілі свае манаскія абяцанні.

rosica28 [2]

Але санктуарый мучанікаў не мог пакінуць сваіх пілігрымаў без цуда. Сапраўдным сюрпрызам стаў візіт Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці, які неспадзявана для ўсіх увайшоў у святыню. Сам Нунцый пасля патлумачыў: “Я хацеў прыехаць сюды менавіта як пілігрым, росіцкі звычайны пілігрым, як усе вы, бо інакш бы я стаў цэнтрам падзеі. Аднак Росіца — гэта месца, дзе мы ў нейкім сэнсе адчуваем нашу аднолькавасць у шляху да неба”.

rosica26 [3]

Разважаючы над сэнсам пакутніцкай смерці блаславёных, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці паставіў цікавае пытанне: “Гледзячы на ахвяру гэтых святароў, якія дабравольна прынялі смерць са сваімі вернікамі, хто можа паставіць пад сумніў факт, што Каталіцкі Касцёл з’яўляецца на гэтай зямлі не чужой структурай, а мае глыбокія карані ў гісторыі гэтага народу. Які большы ўклад можна ўнесці ў культуру народа, як не раздзяліць з ім самыя жорсткія пакуты і пераслед?”

rosica51 [4]

Як склалася традыцыя, адразу пасля Літургіі ўсе прысутныя накіраваліся працэсіяй на месца мучаніцтва, дзе адбылася малітва, урачыстае бласлаўленне Апостальскага Нунцыя ад Папы Францішка  і адарацыя Крыжа.

rosica61 [5]

Марына Сінкевіч, тэкст і фота