- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Грамадскасць Віцебска працягвае абмяркоўваць аднаўленне ў абласным цэнтры на Ратушнай плошчы касцёла Святога Антонія

[1]Гісторыя святыні сягае ў XVII стагоддзе, калі на нашы землі прыбылі манахі-бернар­дзінцы. Першы, яшчэ драўляны, касцёл быў узведзены на сродкі віцебскага ваяводы Яна Антонія Храпавіцкага. Касцёл быў спалены падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе. Аднаўленне сталася магчымым дзякуючы ахвяраванням наступнага ваяводы — Міхаіла Шпака.

Чарговае аднаўленне ў 1733 годзе матэрыяльна падтрымаў віцебскі падкаморый Казімір Саковіч, але храм згарэў. Гэта ўсё былі драўляныя пабудовы, а вось фундатарам сталага каменнага будынка стала Тэкля Агінская, удава віцебскага ваяводы. Архітэктарам абралі італьянца Іосіфа Фантана. Большасць даследчыкаў лічыць, што будынак быў асвечаны ў 1768 годзе. У такім выглядзе храм прастаяў амаль два стагоддзі. Унікальнасць аб’екта ў тым, што ён з’яўляўся помнікам двух стыляў. Звонку — структура барока, унутры — рэнесансу. [2]

Хараством касцёла захапляліся вядомыя мастакі Напалеон Орда і Юзаф Пешка, якія адлюстравалі яго для нашчадкаў. Унутраны роспіс у свой час рабілі Юдэль Пэн, Марк Шагал, Саламон Юдовін. А вось як апісваў свае ўражанні ад Святога Антонія нобелеўскі лаўрэат Іван Бунін у аўтабія­графічным творы «Жыццё Арсеньева»: «Ни Акрополь, ни Баальбек, ни Фивы… ни святая София, ни старые церкви в русских Кремлях и доныне несравнимы для меня с готическими соборами. Как потряс меня орган, когда я впервые (в юношеские годы) вошел в костел, хотя это был всего на всего костел в Витебске. Мне показалось тогда, что нет на земле более дивных звуков…»

Пасля рэвалюцыі яго зачынілі. Пэўны час тут быў музей атэізму, у якім улада выстаўляла як прыклад рэлігійнага цемрашальства святыя парэшткі Еўфрасінні Полацкай і зрабілі адзіны ў рэспубліцы маятнік Фуко. Аднак кіраўніцтва горада прызнавала гістарычную каштоўнасць касцёла. [3]

У час вайны будынак быў значна пашкоджаны, і хаця навуковая камісія прызнавала, што можа быць з поспехам адноўлены, аднак гэтага рабіць не сталі і, калі надышла чарговая хваля барацьбы з рэлігійным опіумам, касцёл проста знішчылі. Гэта быў 1961 год.

У перабудовачны час і пазней грамадскасць горада неаднойчы выказвалася за аднаўленне святыні, рабіліся праекты рэканструкцыі.

Ініцыятарам, заказчыкам і выканаўцам адбудовы будзе Віцебская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Яе юрысконсульт Іван Каташук адзначае, што ўжо вы­значана кола фундатараў, якія выдаткуюць сродкі на вяртанне святыні. Пачаць жа збор ахвяраванняў можна толькі тады, калі будзе адведзена зямля пад касцёл. Бюджэтныя сродкі для гэтага не выдзяляліся. [4]

Праблема размяшчэння новабудоўлі ў тым, што даўнія падмуркі вы­ступаюць на праезную частку, у раёне маста праз Віцьбу да канцэртнай залы «Віцебск». Таму будынак плануецца «ссунуць» углыб пры захаванні яго габарытаў. Трэба адзначыць, што фантан «Зліццё трох рэк — Віцьбы, Лучосы, Дзвіны» пры гэтым не пацерпіць: за кошт фундатараў ён будзе проста перанесены на іншае месца са згоды архітэктара гэтага твора Азата Тарасяна. На сайце Vitbichi.by [5] праходзіць галасаванне, можна выказаць сваё меркаванне, адзначыўшы патрэбны пункт і націснуўшы кнопку «аддаць голас».

Vitbichi.by [5]