- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Глыбоцкі кляштар кармелітаў босых: асноўныя формы ўключэння ў сацыякультурную дзейнасць (канец XVIII – пачатак XIX стст.)

[1]

Касцёл і кляштар кармелітаў у Глыбокім, 1878 г.

— Колькі вы маеце ўладанняў?
— Сто вёсак.
— О, гэта так шмат! А чым вы займаецеся?
-Молімся.
-О, гэта так мала!
(З легенды пра размову Напалеона Банапарта з прыёрам кармелітаў у Глыбокім).

Ордэн кармелітаў сваю гісторыю традыцыйна выводзіць ад групы пустэльнікаў, якія пасяліліся ля гары Кармэль. Адбылося гэта ў XII стагоддзі. Афіцыйнае зацвярджэнне ордэн атрымаў у 1226 г. – у час, калі ўзнікалі і іншыя ордэны, якія атрымалі назву “жабрачых”. Акрамя кармелітаў, у гэтую групу залічваюць яшчэ дамініканцаў і францысканцаў. Жабрачымі ордэны назвалі таму, што ў адпаведнасці з першапачатковымі статутамі ані яны, ані іх чальцы не маглі мець уласнасці. Аднак з развіццём ордэнаў стала неабходнай іх больш стабільная арганізацыя, што патрабавала наяўнасці манастыроў і зямельнай уласнасці. Афіцыйная назва – “Ордэн братоў Найсвяцейшай дзевы Марыі з гары Кармэль”. У 1452 г. узнікла жаночая галіна ордэна.

У 1580 г. у выніку рэформы ў ордэне з’явілася галіна, якую назвалі “Ордэнам братоў босых Найсвяцейшай Дзевы Марыі з гары Кармэль”. Традыцыйна гэтыя дзве галіны сталі называць кармелітамі босымі і кармелітамі чаравічковымі (абутымі). На беларускіх землях кармеліты абутыя (чаравічковыя) мелі найбольш моцныя пазіцыі і большую колькасць манастыроў. Кляштараў кармелітаў босых было толькі 4: у Глыбокім, Гродне, Гудагаі і Мядзелі.

Гісторыя Глыбокага, яго феномену (складання з двух частак “радзівілаўскай/горада” і “кармеліцкай/мястэчка”) і кармелітаў – тэма не новая і дастаткова даследаваная. Ужо выдадзены шэраг манаграфій і публікацый (напрыклад, а. Бенігнуса Юзафа Ваната аб кармеліцкіх кляштарах, Отта Хедэмана пра Глыбокае, зборнік цэнтра Сэфер пра Глыбокае, ёсць бакалаўрская праца Аляксандра Івашчонка пра ролю і месца кляштара кармелітаў босых у Глыбокім).

Аднак хацелася б яшчэ раз нагадаць пра існаванне і дзейнасць гэтага манастыра і звярнуцца да формаў уключэння мясцовых кармелітаў у сацыякультурнае жыццё краю ў канцы XVIII–XIX ст. – у час, калі беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі. У якасці складнікаў гэтай сферы можна вылучыць наступныя: адукацыя, кніжная справа, душпастырства, дабрачыннасць. Хочацца адзначыць, што глыбоцкія кармеліты не вылучаліся кірункамі дзейнасці сярод іншых ордэнаў і іх кляштараў, якія існавалі на беларускіх землях. Практычна для ўсіх кляштараў былі характэрныя пералічаныя напрамкі актыўнасці.

Глыбокае было невялікім мястэчкам. У яго “радзівілаўскай” частцы (не той, дзе знаходзіўся кляштар) у 1807 г. налічвалася 198 яўрэйскіх дымоў (двароў) і 134 хрысціянскія. У 1820 г. прапорцыі адпаведна 234 і 89. У “кармеліцкай” частцы Глыбокага яўрэям было забаронена сяліцца, што не перашкодзіла некаторым з іх уступіць у ордэн. Ёсць звесткі пра двух яўрэяў, якія прынялі хрысціянства і ўступілі ў ордэн. Агулам у Глыбокім пражывалі прадстаўнікі розных этнасаў і канфесій. У ХІХ ст. тут жылі хрысціяне (уніяты, католікі, праваслаўныя), іудзеі, мусульмане (нешматлікая група, 2 мужчыны і 2 жанчыны ў 1880 г.). Асноўнымі саслоўнымі групамі былі мяшчане і сяляне. Малаколькаснымі – купцы, дваране, духавенства, дваравыя людзі (служылі ў Глыбоцкім двары) і ваенныя.

[2]

Юзаф Корсак, фундатар кляштара кармелітаў

Кляштар кармелітаў у Глыбокім быў заснаваны Юзафам Корсакам, ваяводам і старастам Мсціслаўскім. Даследчыкі адзначаюць, што ён напісаў два фундацыйныя дакументы. Першы – у Варшаве 29 лістапада 1636 г., які прадставіў каралю. Другі – адрэдагаваны – 20 верасня 1640 г. Неабходнасць рэдакцыі была выклікана тым, што некаторыя пункты першапачатковага варыянту не ўзгадняліся са статутамі кармелітаў.

Глыбоцкі кляштар кармелітаў босых быў найлепш забяспечаны сярод кляштараў гэтага ордэна ў Літоўскай правінцыі. Перад канфіскацыяй расійскімі ўладамі ўсіх духоўных маёнткаў, якія належалі каталіцкай царкве, глыбоцкія кармеліты мелі ва ўласнасці 11 фальваркаў у трох паветах (Віленскім, Дзісненскім і Барысаўскім), 67 вёсак з 800 дымамі, у якіх жылі 2533 мужчыны. Кляштару належала 14 млыноў. Штогадовы даход з усіх гэтых маёнткаў складаў амаль 13 тысяч срэбраных рублёў.

Непасрэдна ля кляштара быў вялікі сад і некалькі сажалак, у якіх гадавалі рыбу. Ёсць згадкі, што глыбоцкія кармеліты “патаналі ў раскошы”. У кляштары працаваў штат слуг. У сярэдзіне ХІХ ст. іх налічвалася 69 чалавек, сярод якіх 3 закрыстыяніны, 2 памочнікі арганіста, 5 кухараў, 3 пекары, 3 краўцы, 3 шаўцы, 3 сталяры, 3 кавалі, 2 агароднікі, 3 цырульнікі, 3 фурманы, 7 парубкаў, 5 рыбакоў і іншыя. Такую фінансавую сітуацыю запэўнілі глыбоцкім кармелітам іх фундатары – Корсакі. Пры гэтым яны фінансава падтрымалі не толькі прадстаўнікоў рымска-каталіцкай царквы, але і ўніяцкай (добра забяспечылі Беразвецкі кляштар базыльянаў).

Што датычыць персанальнага складу кляштара, то ён, у пэўнай ступені, быў адпаведны яго матэрыяльнаму забеспячэнню. У 1834/1835 гг. там пражывалі 24 манахі, у тым ліку 16 святароў, 5 клерыкаў пасля першых шлюбаў, 3 браты. У сярэдзіне ХІХ ст. кляштар налічваў 10 святароў, 8 клерыкаў пасля першых шлюбаў, 7 навіцыяў, 1 брата прафеса, 6 братоў навіцыяў. Гэты кляштар можна аднесці да найбуйнейшых на тэрыторыі Беларусі ў абазначаны перыяд.

Дзякуючы ўмовам фундацыі пры кляштары дзейнічалі манаскія студыі, якія забяспечвалі падрыхтоўку будучых святароў. Грунтоўны матэрыяльны дабрабыт, а таксама кадравы рэсурс лагічна ўплывалі і на фарміраванне шырокага спектру сацыякультурных і дабрачынных ініцыятыў, якія існавалі пры кляштары. Да іх можна аднесці наступныя:

Душпастырства. Кармеліты не мелі ўласнай парафіі. Паводле фундацыйнага дакумента, яны былі абавязаныя ўтрымліваць дыяцэзіальнага святара, які б здзяйсняў парафіяльныя функцыі (перадусім удзяляць сакраманты). Для яго ўтрымання фундатар вызначаў дадатковыя сродкі.

Асноўнай формай душпастырскай дзейнасці глыбоцкіх кармелітаў былі брацтвы. У канцы XVIII – пачатку XX стст. брацтвамі ў рымска-каталіцкім касцёле называліся згуртаванні альбо таварыствы вернікаў, якія аб’ядноўваліся ў рэлігійных альбо дабрачынных мэтах і былі афіцыйна зацверджаныя касцёлам. Пра брацтвы распавядалася ў папярэднім выпуску “Каталіцкага весніка”. Так, пры кляштарах і касцёлах кармелітаў традыцыйна дзейнічалі шкаплерныя брацтвы. Права на заснаванне гэтага брацтва меў выключна ордэн кармелітаў. Да заняткаў і абавязкаў яго чальцоў належала: 1) насіць шкаплер; 2) выконваць абавязкі свайго стану і ўчынкі міласэрнасці; 3) штодзённа маліцца вызначаныя малітвы; 4) дакладна захоўваць пасты; 5) не есці мясных страў таксама ў серады і суботы; 6) дапамагаць у працы ў касцёлах кармелітаў, асабліва ў пятніцы; 6) у адпаведнай вопратцы ўдзельнічаць ў касцельных працэсіях і пахаваннях.

У Глыбокім пры кармеліцкім касцёле дзейнічалі некалькі брацтваў. Першае – гэта традыцыйнае лля кармелітаў брацтва Маці Божай Шкаплернай. У Глыбоцкім касцёле яно было заснавана з дазволу віленскага біскупа Ежы Тышкевіча 17 лістапада 1753 г. Другое – брацтва св. Юзафа, трэцяе – брацтва св. Барбары.

[3]

Руіны кляштара кармелітаў, сучасны стан. Здымак Змітра Лупача

Падтрымка адукацыйных ініцыятыў. Глыбоцкі кляштар заўсёды аказваў адукацыйныя паслугі мясцоваму насельніцтву. Тут пастаянна жылі некалькі бедных хлопцаў, якім давалася адукацыя. Функцыі выкладчыка выконваў адзін з манахаў. Ёсць звесткі, што ў 1829 г. дзейнасць гэтай школы была рэфармаваная і ўведзеная методыка Ланкастэра (т.зв. узаемнае навучанне). Для гэтай мэты на кляштарнай тэрыторыі аддалі асобны дом. Кармеліты прымалі на сябе абавязак утрымліваць у ім 15 вучняў і настаўніка. Пра гэта яны паведамілі ў Віленскі ўніверсітэт, на што атрымалі дазвол.

Ёсць звесткі, што на пачатку ХІХ ст. кармеліты навучалі каля сотні дзяцей. Гэта было навучанне дзяцей у тых вёсках, якія належалі кармелітам. У 1803 г. яны навучалі 84 чалавекі. Што давала школа акрамя асветніцкага складніку? Утрымліваючы навучальныя ўстановы, кармеліты захоўвалі ўплыў на дзяцей і іх бацькоў. Гэта было важна ва ўмовах неабходнасці захавання традыцый і ўмацавання пазіцый каталіцкага касцёла ў новых палітычных абставінах.

Утрыманне канвікту. У сённяшнім разуменні канвікт – гэта інтэрнат, які забяспечваў пражыванне і ўтрыманне для вызначанай колькасці канвіктараў – вучняў школы, пры якой канвікт існаваў. Глыбоцкія кармеліты ўтрымлівалі такую ўстанову для 12 хлопцаў, якія мелі шляхецкае паходжанне і вучыліся ў павятовай школе, каторую ўтрымлівалі базыльяне ў Беразвеччы. Канвікт перажыў перыяды ўздыму і заняпаду. Менавіта ў канцы XVIII – пачатку ХІХ стст. ён аднавіў сваю дзейнасць. У 1806 г. у гэтым канвікце пражывала 10 вучняў, за ўтрыманне якіх плацілі глыбоцкія кармеліты.

У манаграфіі а. Б.Ю. Ваната ёсць звесткі пра візітацыю школы беразвецкіх базыльян. Візітатар адзначыў, што кляштар кармелітаў босых у Глыбокім утрымліваў пры тутэйшай школе канвікт, які складаецца з 10 чалавек беднай шляхты і выдзеленага для іх дазорцы (выхавальніка). Гэтым вучням кляштар забяспечваў “ўсе жыццёвыя патрэбы”. Было наведана іх жыллё, якое знаходзіцца ў асобным драўляным будынку, што з’яўляецца ўласнасцю кармелітаў босых. Што да ўмоваў утрымання, то яны таксама апісаныя ў гэтым жа дакуменце: “Сталаванне: на абед 3 стравы, 2 на вячэру, на сняданне, падвячорак, вучням па кварце піва, дазорцу – 2; акрамя гэтага, дазорцу плацяць [штогод] наяўнымі 210 рублёў срэбраных і прадуктаў даюць – 4 бочкі жыта, масла 4 фаскі шасцігарнцавыя, круп ячменных – 15 гарнцаў, круп аўсяных пудоў 2, соладу ячменнага пудоў 3, буракоў салодкіх бочку, свечаў коп 2, дрэва сажняў 4, малако, 4 бочкі жыта ў кляштарным млыне”.

Па звестках таго ж а. Б. Ваната у 1819 г. адбылася чарговая візітацыя школы. Візітатар адзначыў, што штогадовы фундуш на ўтрыманне канвікту замалы, напрыклад, вучні не маюць зімовага адзення. Акрамя гэтага, не ўсе вучні, якія там знаходзяцца, сапраўды бедныя і патрабуюць такой падтрымкі. Візітатар адзначыў, што пры выбары канвіктараў кармеліты кіруюцца асабістымі знаёмствамі і поглядамі. Свае заўвагі ён прадставіў як глыбоцкім кармелітам, так і ў Віленскі ўніверсітэт, якому падпарадкоўвалася школа.

Беразвецкая школа была закрытая ў маі 1834 г. Канвікт ў 1835 г. перавялі ў дынабургскія школы, але і там ён дзейнічаў толькі да 1842 г, калі расійскія ўлады канфіскавалі ўсю маёмасць у каталіцкіх кляштараў.

Бібліятэка. Каталіцкія манастыры традыцыйна былі цэнтрамі кніжнай справы ў розных яе праявах. У тым ліку – гэта і калекцыі друкаваных выданнях, утрыманне бібліятэк. Кніжныя зборы ў манастырах былі рознымі паводле аб’ёмаў. Бібліятэка глыбоцкіх кармелітаў была адной з найбольшых на тэрыторыі Беларусі. Па стане на 1830 г. у ёй налічваўся 2621 том кніг, якія дзяліліся на наступныя групы: Святое пісанне – 27 тамоў, св. Айцы – 73, экзэхеза – 115, кананічныя – 72, гістарычныя – 113, духоўныя – 809, медыцынскія – 29 і іншыя.

Дабрачыннасць. Асноўным кірункам дабрачыннай дзейнасці глыбоцкіх кармелітаў было ўтрыманне шпіталяў. Існавалі два віды шпіталяў. У першым выпадку ўстанова дзейнічала менавіта для лячэння хворых людзей, у другім – гэта быў дом састарэлых, бедных і бяздомных, якія не мелі сродкаў на сваё ўтрымання. Глыбоцкі кляштар апекаваўся шпіталем другога тыпу. Гэты абавязак усклаў на іх фундатар Юзаф Корсак сваім тастамантам ад 2 мая 1642 г. У ім ён абавязаў кармелітаў да пастаяннага ўтрымання ў шпіталі 12 бедных, якіх кармеліты павінны былі забяспячыць ежай і вопраткай. Гэты абавязак кармелітамі выконваўся. Напрыклад, у 1830 г. падчас біскупскай візітацыі ў шпіталі знаходзіліся 3 старыя мужчыны і 9 жанчын, якія былі на поўным утрыманні манастыра.

Медыцынскі складнік забяспечваўся праз утрыманне аптэкі Сама яна змяшчалася ў будынку кляштара. На другім паверсе над памяшканнем аптэкі размяшчаўся склад зёлак, з якіх выраблялі лекі. Лекавыя сродкі прызначаліся як на продаж, так і для дабрачыннай медыцынскай падтрымкі мясцовага насельніцтва і манахаў.

Музыка. Аркестр. Ёсць звесткі, што глыбоцкія кармеліты ўтрымлівалі аркестр з 40 чалавек, які іграў не толькі на набажэнствах, але і ў святочныя дні на балконе над уваходам у касцёл. Спіс музыкаў пакуль не выяўлены.

Кляштар кармелітаў у Глыбокім быў скасаваны ў 1862 г. Манахаў перавялі ў манастыр гэтага ж ордэна ў Камянцы Падольскім. Касацыі папярэднічаў шэраг абмежавальных мерапрыемстваў, якія зрабілі немагчымымі рэалізацыю традыцыйных сацыяльных і культурніцкіх ініцыятыў. Сярод іх асноўным было пазбаўленне ордэнаў і кляштараў маёмасці (1842 г.). Касцёл кармелітаў стаў філіяльным. Мерапрыемствы па садзеянні паўстанцам у 1863-1864 гг. (у кармеліцкім касцёле чыталіся адозвы, прымаліся прысягі ад паўстанцаў) паўплывалі на тое, што касцёл быў закрыты, а яго будынак перадалі праваслаўнай царкве.

[4]

Былы кармеліцкі касцёл, зараз праваслаўная царква. Здымак Змітра Лупача

Артыкул падрыхтаваны на аснове даклада Раісы Зянюк на канферэнцыі “Беларусь, Глыбоцкі край і Эдвард Вайніловіч”