- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Гэта ваш дом”. Урачыстасць пасвячэння касцёла адбылася ў Мінску

[1]Чэрвеньскі дзень напачатку лета стаў асабліва ўрачыстым і святочным не толькі для адной з парафій Мінска, але і для Касцёла на Беларусі.

7 чэрвеня 2025 года адбылося пасвячэнне касцёла Божага Цела ў адным са спальных раёнаў Мінска.

Гісторыя парафіі распачалася ў 2005 годзе, калі Касцёл перажываў год Эўхарыстыі. Адпаведнае рашэнне падпісаў кардынал Казімір Свёнтак. Працэс заснавання парафіі быў даручаны ксяндзу Ігару Лашуку, а потым тагачасны Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка даручыў апеку над парафіяй айцам кармелітам босым.

Рэгістрацыя парафіі адбылася 18 студзеня 2007 года, а 31 мая 2018 года арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў вуглавы камень пад будаўніцтва касцёла і кляштара.

І вось надышоў доўгачаканы момант – пасвячэнне новага храма. На прыступках святыні парафіяне разам з пробашчам айцом Юрыем Кулаем OCD віталі мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Узрушаныя вернікі зазначылі, што доўгія гады яны маліліся па кватэрах, у актавай зале ЖЭСа, невялікай каплічцы, а сёння запрашаюць прысутных раздзяліць вялікую радасць і распачаць малітву ў велічным  касцёле.

[2]

На пачатку Імшы да прысутных звярнуўся айцец Сяргей Трысцень. Найперш святар прывітаў гасцей свята: мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, арцыбіскупа на пенсіі Тадэвуша Кандрусевіча, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB, апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, правінцыяла Варшаўскай правінцыі айцоў кармелітаў босых айца Лукаша Канса OCD, братоў кармелітаў босых з розных супольнасцяў Беларусі на чале з Рэгіянальным вікарыем айцом Пятром Фронштэнга OCD, прысутных святароў і кансэкраваных асоб.

Сярод прысутных вернікаў з асаблівай цеплынёй былі прывітаныя прадстаўнікі свецкіх уладаў, архітэктары і прадстаўнікі будаўнічых фірм, парафіянаў, дабрадзеяў з Беларусі і розных краін,  якія прыклалі рукі і сэрцы да працэсу стварэння святыні.

Гамілію да  прысутных прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі. Ён параўнаў радасць адкрыцця новага храма з радасцю пераезду чалавека з нязручнага, цеснага дома ў новы дом, што мае ўсе выгоды для жыцця.

[3]

Храм – гэта таксама дом, дзе гаспадаром з’яўляецца сам Бог. Святары — распарадчыкі Божых таямніц, становяцца тут праваднікамі чалавечых душ да Збаўлення.

У Божай святыні сабрана ўсё неабходнае  для нашага духоўнага жыцця.

Напрыканцы біскуп Аляксандр запрасіў кожнага імкнуцца да Божай святыні, да Нябеснага Гаспадара Божага дому. Бо толькі ўваходзячы ў брамы храма, душа можа дасягнуць галоўнай мэты чалавечага жыцця – Брамы Валадарства Нябеснага.

Пасля гаміліі адбылася малітва пасвячэння і намашчэння. Напачатку прысутныя маліліся Літаніяй да ўсіх святых, а потым мітрапаліт Юзаф Станеўскі, зняўшы арнат і падперазаўшыся грэміялам, намасціў алтар алеем.

[4]

Далей адбылося намашчэнне чатырох крыжоў на сценах святыні і акаджэнне храму і алтара.

[5]

Напрыканцы святой Імшы канцлерам курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндзом Дзмітрыем Пухальскім быў зачытаны Дэкрэт аб пасвячэнні касцёла.

[6] [7]

[8] [9]

У гэты дзень прагучалі шматлікія словы падзякі і віншаванняў, а ўвечары парафіяне разам з айцамі кармелітамі сабраліся на пікнік, каб у сямейным коле адсвяткаваць сваю вялікую ўрачыстасць.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, фота