Гэта прыкольна? Гэта прышпільна? Ці, можа, гэта пацешна?

У папярэднім выпуску нашай моўнай старонкі мы разглядалі выкарыстанне ў беларускай мове, найперш у вуснай неафіцыйнай камунікацыі, назоўніка варушняк і дзеяслова варушыцца. Нагадаем, што нашаму назоўніку варушняк у рускамоўнай нефармальнай практыцы адпавядае лексема движуха (движ).

І вось пасля выхаду чэрвеньскага нумара “Каталіцкага весніка” аўтар матэрыялу атрымаў з дзясятак водгукаў. А таксама пытанняў і прапановаў парэкамендаваць беларускія адпаведнікі для некаторых іншых папулярных словаформаў і канструкцый, якія ўжываюцца пераважна ў рускамоўным афармленні. Ідэя нам падаецца даволі цікавай, тым больш што жывая камунікацыя спрыяе больш якаснаму засваенню і ўнармаванай літаратурнай мовы, развівае вербальны густ.

Сёння мы звернемся да допісу спадарыні Тамары К. з Вілейскага раёна. Бо пытанне, якое яна ўздымае, як нельга лепш карэлюе з нашым чэрвеньскім моўным матэрыялам. Так, у прыватнасці, сп-ня Тамара зазначае: “З вялікай цікавасцю прачыталі артыкул пра слова “варушняк”. Мая дачка-школьніца часам выкарыстоўвае гэта слова, кажучы, напрыклад, Надакучыла сядзець дома, хочацца нейкага варушняку. Ці яшчэ: У школе цяпер такі варушняк – ні на што не хапае часу. Праз дачку і я, бывае, неяк несвядома таксама магу сказаць, да прыкладу, Хопіць ужо гэтага варушняку, дай адпачыць. Ці штосьці падобнае… А з газетнага матэрыялу я зразумела, што ва ўжыванні такіх слоў нічога страшнага няма. Тады ў мяне пытанне: а як можна было б сказаць прыгожа па-беларуску нешта накшталт гэта прыкольна, гэта нейкі прыкол? Мая дачка ўжывае слова прышпільна. Але як тады сказаць прыкол? Прышпіл ці што?)”

Адразу падзякуем сп-ні Тамары за цікавасць да нашых публікацый, а яе дачцэ – за прыхільнасць да беларускага слова, за імкненне ўжываць у вусным маўленні нестандартныя, адметныя лексемы. І тут зусім не важна, што аналізаваныя намі словы – гэта пазаслоўнікавая лексіка, некадыфікаваная, інакш, слэнгізмы. Важна тое, што любыя эмоцыі, экспрэсію можна перадаць менавіта па-беларуску. Гэта асабліва папулярна сярод моладзі.

І, безумоўна, паспрабуем адказаць на пастаўленае пытанне адносна словаформаў прыкольна і прыкол.

Сапраўды, у штодзённай камунікацыі мы часта можам пачуць падобныя словы: і назоўнік прыкол, і прыслоўе прыкольна. Але мэтазгоднасць іх ужывання ў беларускамоўнай нефармальнай камунікацыі выклікае ўсё ж сумненні. І ў працытаваным вышэй фрагменце ліста нашай чытачкі цалкам слушна пастаўленае пытанне: прыкол – гэта прышпіл? Мяркую, кожны разумее, што такога слова няма.

У якіх сітуацыях мы звычайна ўжываем названыя словы? Гэта адбываецца, калі мы хочам падкрэсліць сваё здзіўленне з нечага, нечаканасць нечага, малаверагоднасць. Пры гэтым прысутнічае дастаткова выразная эмацыйная ацэнка. Іншымі словамі можна было б сказаць нечакана, неспадзявана. Але гэтыя прыслоўі, з’яўляючыся кадыфікаванымі літаратурнымі лексемамі, не маюць па сутнасці экспрэсіі, эмацыянальнай выразнасці, якая тут акурат і патрабуецца. Што цікава, нашыя слоўнікі, каторыя ўжо фіксуюць лексемы кшталту прыкольна, прыкол, прапануюць беларускія варыянты да прыслоўя прыкольна якраз як прышпільна, а слова прыкол пакідаюць нязменным. І электронны слоўнік “Белазар” таксама, дарэчы. А, да прыкладу, “Слоўнік новых слоў беларускай мовы” (Мінск, 2009, аўтары – В. Уласевіч і Н. Даўгулевіч) пакідае ўвогуле без зменаў рускія формы: прыкол, прыколвацца, прыкольны, прыкольна (с. 287). Яно і не дзіўна, бо з часу выхаду згаданага слоўніка прайшло чатырнаццаць гадоў, а мова змяняецца імкліва.

На нашу думку, рускае прыслоўе прыкольна па-беларуску варта перадаваць словам пацешна. Яго, дарэчы, фіксуе акадэмічны “Слоўнік беларускай мовы” (Мінск, 2012, с. 573). Як і прыметнік пацешны, і назоўнік пацешнік. І гэта цалкам заканамерна. А “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (1980, т. 4, с. 134) падае значэнне прыметніка пацешны як “смешны, забаўны”. Гэта цалкам падыходзіць як адпаведнік да рускага прикольный. Прывядзём пару кантэкстаў дзеля ілюстрацыі: Уся хлопчыкава пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча (Міхась Лынькоў); Пацешны народ гэтыя малыя! Не было такога месяца, каб цудоўны сынок чым-небудзь не здзіўляў Васіля Цімафеевіча… (Іван Мележ); Барсучаняты былі такія мілыя, пацешныя, што хлопцам і ў думку не прыйшло іх забіваць (Янка Маўр).

Слова прыкол мае свой беларускі адпаведнік – назоўнік пацеха. У названым слоўніку яно падаецца са значэннем ”забава, забаўка, весялосць, якое-небудзь смешнае здарэнне”, што выдатна падыходзіць для перадачы сэнсу адпаведнага эмацыйна афарбаванага кантэксту: Бубніць тут човен, ходзіць рэха – / Такая хлопцу з ім пацеха! (Якуб Колас). Нехта б мог сказаць цяперашняй мовай Такі ўжо хлопцу з ім прыкол, і сэнс перадаўся б дакладна. Або яшчэ прыклад: Гаспадар глядзеў з вясёлай цікаўнасцю.., быццам хацеў сказаць: “Пачакайце, зараз будзе такая пацеха!” (Янка Маўр).

Пацешыцца – па-беларуску тое, што па-руску приколоться. Слоўнік так трактуе значэнне згаданага дзеяслова: “Парадавацца, палюбавацца, атрымаць задавальненне. Паздзекавацца з каго-небудзь, чаго-небудзь, пазабаўляцца”: Старэйшы любіў пацешыцца з малога, даваў яму розныя смешныя заданні; Я думаю, з цябе ўсяго толькі пацешыліся, а ты ўспрымаеш усур’ёз. Ну і яшчэ назоўнік пацешнік як адпаведнік да рускага приколист: Андрэй – усім вядомы пацешнік, які нікога не прапусціць, каб не пакпіць; – І ты яму паверыў? Гэта самая сапраўдная пацеха, а сябар твой – яшчэ той пацешнік!

Як бачым, прыведзеныя ўласнабеларускія лексемы выдатна адлюстроўваюць сэнс рускіх слоў прикольный, прикол, приколоться, приколист, у поўнай меры перадаюць адценне іроніі, валодаюць выразнай эмацыянальнай афарбоўкай, экспрэсіяй. Зразумела, мы можам іх ужываць толькі ў нефармальнай камунікацыі, але менавіта ім варта аддаваць перавагу перад рускімі адпаведнікамі, узбагачаючы нашу лексіку і павышаючы свой уласны ўзровень валодання мовай.

Юрась Бабіч,  кандыдат філалагічных навук

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі