- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Гістарычны візіт: Пантыфік упершыню ў Люксембургу

[1]26 верасня 2024 года Папа Францішак прыбыў у Люксембург з аднадзённым афіцыйным візітам. У аэрапорце яго ўрачыста сустрэлі Вялікі герцаг з жонкай і прэм’ер-міністр краіны. Гэта першы візіт Пантыфіка ў Вялікае Герцагства за ўсю гісторыю дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Люксембургам.

Варта адзначыць, што гэты візіт носіць не толькі рэлігійны, але і дыпламатычны характар. Люксембург – адна з найменшых краін Еўропы, але яна мае вялікае значэнне як фінансавы цэнтр і месца размяшчэння некаторых інстытутаў Еўрапейскага саюза.

[2]

Пасля цырымоніі ў аэрапорце Папа Францішак накіраваўся ў Вялікагерцагскі палац у Люксембургу. Цырымонія прыёму была арганізавана з уласцівай Люксембургу элегантнасцю і ўвагай да дэталяў.

Пасля афіцыйнага прывітання, адбылося прадстаўленне сям’і Вялікага герцага. Далей — запіс у Кнізе ганаровых гасцей – традыцыйны акт, які сімвалізуе павагу і прызнанне важнасці візіту, а таксама серыя афіцыйных фотасесій. Асаблівую ўвагу прыцягнула прыватная сустрэча Папы з Вялікім герцагам і Вялікай герцагіняй. Змест размовы застаўся канфідэнцыяльным. Адбыўся абмен падарункамі – традыцыйны жэст добрай волі і ўзаемнай павагі.

У той час як Святы Айцец праводзіў прыватную размову з Вялікім герцагам у Salon des Rois, у іншым памяшканні палаца – Bureau des Ministres – адбывалася паралельная сустрэча. Прэм’ер-міністр Люксембурга Люк Фрыдэн і яго дэлегацыя правялі перамовы з прадстаўнікамі дыпламатыі Святога Пасада.

Праз некаторы час да суразмоўцаў у Salon des Rois далучыўся для кароткай размовы Папа Францішак. Гэта сустрэча стала лагічным працягам папярэдніх перамоў і дазволіла абмеркаваць найбольш важныя пытанні непасрэдна з Пантыфікам.

Сустрэчы ў Вялікагерцагскім палацы, які сам па сабе з’яўляецца сімвалам багатай гісторыі і культуры Люксембурга, стварылі ўнікальны кантэкст для абмеркавання пытанняў, якія хвалююць як Каталіцкі Касцёл, так і еўрапейскую супольнасць у цэлым.

[3]

У рамках свайго апостальскага візіту ў Люксембург Папа сустрэўся каталіцкай супольнасцю ў катэдры Нотр-Дам, заклікаючы вернікаў да актыўнага служэння і місіі ў сучасным секулярным грамадстве.

Краіна з глыбокімі каталіцкімі традыцыямі сёння сутыкаецца з выклікамі секулярызацыі. Святы Айцец падкрэсліў важнасць адаптацыі Касцёла да зменлівых рэалій, захоўваючы пры гэтым вернасць Евангеллю.

Візіт Пантыфіка супаў з важным Марыйным юбілеем – 400-годдзем ушанавання Багародзіцы Суцяшальніцы Засмучаных, заступніцы Люксембурга. Гэты кантэкст надаў асаблівае значэнне тэме служэння, якую Папа Францішак абраў цэнтральнай для сваёй прамовы.

Святы Айцец засяродзіўся на трох ключавых тэмах: служэнне, місія і радасць. Гаворачы пра служэнне, ён асабліва падкрэсліў важнасць гасціннасці, нагадваючы пра шматвяковую традыцыю Люксембурга ў прыёме бежанцаў і мігрантаў. Папа заахвоціў вернікаў працягваць гэтую традыцыю, робячы сваю краіну «гасціннай хатай для кожнага, хто стукае ў вашы дзверы, просячы дапамогі і прытулку».

У кантэксце місіі Святы Айцец гаварыў пра неабходнасць эвалюцыі Касцёла ў секулярызаваным грамадстве. Ён заклікаў да пераходу ад простага душпастырскага падыходу да актыўнага місіянерскага прапаведавання. Францішак падкрэсліў важнасць сінадальнасці і супольнай адказнасці ў гэтым працэсе, заахвочваючы да большага падзелу служэнняў і адказнасці сярод вернікаў.

Завяршаючы сваю прамову, Папа Францішак звярнуўся да тэмы радасці, узгадаўшы традыцыйную вясновую працэсію ў Эхтэрнаху. Гэтая працэсія, якая адбываецца на Пяцідзясятніцу ў памяць пра місіянерскую працу святога Віліброрда, стала для Папы сімвалам радаснай і дынамічнай веры.

Святы Айцец заклікаў люксембургскіх католікаў працягваць сваю місію суцяшэння і служэння, падзякаваў ім за іх працу і шчодрую дапамогу патрабуючым, і папрасіў іх маліцца за яго.

Перад тым як пакінуць краіну Пантыфік правёў кароткую прыватную размову з Вялікім герцагам Анры, Вялікай герцагіняй Марыяй Тэрэзай і Прэм’ер-міністрам Люксембурга Люкам Фрыдэнам.

Пасля цырымоніі развітання Папа Францішак апошнім падняўся на борт самалёта. Ён сфатаграфаваўся з экіпажам лайнера, пасля чаго вылецеў у Бельгію, дзе застанецца да 29 верасня.

[4]

Візіт Папы ў Люксембург з’яўляецца не толькі важнай падзеяй у дыпламатычных адносінах, але і магчымасцю для ўмацавання духоўных сувязей і дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і грамадствам Люксембурга.

Францішак стаў другім Папам у гісторыі, які наведаў Люксембруг. У 1985 годзе двухдзённы візіт у гэтую краіну Еўропы здзейсніў святы Ян Павел ІІ, наведаўшы яе разам з Нідэрландамі і Бельгіяй.

Па матэрыялах Vatican News [9]