[1]101 год таму на нашых землях былі легалізаваны аборты, што дало пачатак самай крывавай старонцы ў гісторыі Беларусі. Толькі па афіцыйных дадзеных за гэты час ва ўлонні маці было забіта больш за 8 мільёнаў дзяцей. Апошнія дзесяцігоддзі ўнеслі свой уклад у гэтую крывавую статыстыку, бо выкарыстанне сучасных сродкаў кантрацэпцыі, а таксама ЭКА дапускае знішчэнне эмбрыёнаў на тэрміне да 7 дзён. Да прыкладу, пры выкарыстанні спіралі, ва ўлонні маці забіваюцца ў сярэднім 3-4 эмбрыёна на год.
Голас крыві гэтых нявінных дзяцей, падобна крыві Авеля, лямантуе да Бога ад зямлі. Менавіта таму тое, што адбылося ў Наваградку з 18 па 21 лістапада можна без перабольшання назваць гістарычнай падзеяй.
Гаворка ідзе пра пакаянне нашага народа за грахі супраць жыцця і сям’і, якое прайшло ў рамках першага міжнароднага малітоўнага кангрэса ў абарону жыцця і сям’і. Нягледзячы на заразу, якая бушуе вакол, на кангрэс прыбылі больш за 80 удзельнікаў з Беларусі і Расіі, у тым ліку арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, біскуп Алег Буткевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў Беларусі. З урачыстым прывітальным пасланнем да ўдзельнікаў кангрэсу звярнуўся біскуп гродзенскі Аляксандар Кашкевіч. Пры дапамозе інтэрнэт-трансляцыі з дакладамі выступілі абаронцы жыцця і сям’і Ева Кавалеўская з Польшчы і Габрыела Кубі з Германіі.
Менавіта ўдзел нашых біскупаў і святароў зрабіў магчымым ажыццяўленне ўпершыню ў гісторыі Беларусі маштабнага акту пакаяння за грахі супраць жыцця і сям’і. У касцёле Св. Міхаіла Арханёла ў гэтай інтэнцыі праходзілі св. Імшы, адарацыі, Ружанец і Крыжовы шлях. Асаблівай падзеяй стала пешая пілігрымка з 52 белымі крыжамі з Навагрудка ва Уселюб у санктуарый Божай Маці Новага Жыцця, якая адбылася ў суботу 20 лістапада.
Кульмінацыяй стала вячэрняя Св. Імша, пасля якой арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прачытаў Акт пакаяння за грахі нашага народа супраць жыцця і сям’і. У гэты час большасць удзельнікаў пакаяння (больш за 150 чалавек) ляжалі крыжам, молячы Бога аб прабачэнні.
Адбылася велізарная па сваёй духоўнай і эмацыйнай глыбіні падзея. Яе важнасць нам яшчэ трэба будзе ўсвядоміць і ацаніць, але ўжо сёння ясна, што без усенароднага пакаяння за нашы цяжкія грахі, немагчыма казаць пра будучыню нашай краіны, пра адзінства нашага народа, пра мір паміж людзьмі.
Уладзіслаў Валаховіч