[1]Каталіцкі Касцёл на Гаіці стаў мішэнню бандыцкіх груповак, якія імкнуцца знішчыць апошнюю маральную і духоўную апору краіны ў умовах эскалацыі гвалту.
Каталіцкі Касцёл на Гаіці сутыкнуўся з жорсткім ціскам бандыцкіх груповак. Біскуп дыяцэзіі Жэрэмі Жазэф Гантран Дэкост у размове з Папскім фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» падкрэсліў, што злачынцы імкнуцца ліквідаваць Касцёл, бо ён застаецца «апошняй запорай – маральнай, этычнай, духоўнай і прароцкай».
Паводле звестак арганізацыі, узброеныя банды кантралююць ад 70 да 90 % сталіцы Порт-а-Прэнс, дзе праз гвалт зачынены каля 40 парафій. Нападам і спаленню падвяргаюцца таксама школы і манаскія дамы.
Пра драматычны стан спраў распавяла і сястра Пэзі, кіраўніца арганізацыі «Kizito Family», што дае дзецям прытулак і адукацыю. Пасля атак у Порт-а-Прэнс 9 жніўня 2024 года ў яе цэнтр прыбылі каля 20 дзяцей, а затым іх колькасць павялічылася да 50. Законніца апісала трагічны выпадак чатырох братоў, чый бацька быў забіты і спалены бандытамі, а пра маці нічога невядома. Гвалт спыняе працу касцельных устаноў, у тым ліку зруйнаванага 2 гады таму кляштара Місіянерак Любові. Сястра Пэзі заўважыла: «Ён дагэтуль цалкам пусты, а будынкі зруйнаваны».
Біскуп Дэкост выказаў шчырую ўдзячнасць дабрачынным арганізацыям за дапамогу і малітву. Ён зазначыў: «Без іх мы не маглі б далей дзейнічаць».
Сітуацыя на Гаіці выклікае моцную занепакоенасць і ў біскупаў Злучаных Штатаў Амерыкі, якія заклікалі ўлады падоўжыць часовы ахоўны статус для гаіцянскіх грамадзян. Арцыбіскуп Маямі Томас Вэнскі папярэдзіў, што прымусовае вяртанне людзей на Радзіму раўназначна адпраўцы іх у палаючы будынак.
Амерыканскія іерархі звяртаюць увагу на масавыя выкраданні, нястачу харчавання і поўны калапс дзяржаўных інстытутаў. У красавіку Палата прадстаўнікоў Злучаных Штатаў Амерыкі прыняла закон аб працягу аховы гаіцян, аднак Сенат пакуль не прыняў рашэння па гэтым пытанні.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News