- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Фэст святога Юрыя ў капліцы ў Барсуках

[1]23 красавіка Касцёл адзначае ўспамін святога Юрыя, аднаго з найбольш легендарных святых. Святы Юрый – хрысціянскі мучанік, воін Хрыста, якога ўшаноўваюць ва ўсім свеце. Святы Юрый – нябесны заступнік Пінскай дыяцэзіі, а таксама Літвы, Швецыі, Англіі, Галандыі, Германіі. Святы Юрый лічыцца апекуном вайскоўцаў, сялян і скаўтаў. Касцёлы ў гонар гэтага святога ёсць ва ўсіх беларускіх дыяцэзіях.

Парафія Святой Сям“і і Св. Велікамучаніка Юрыя ёсць і ў Віцебскай дыяцэзіі ў вёсцы Барсукі Докшыцкага раёна. Пробашча парафіі завуць кс. Юрый Бараўнёў. Таму ў нядзелю 23 красавіка ў невялікую, але вельмі прыгожую капліцу завітала шмат гасцей: кс. Сяргей Бараўнёў, кс. Алег Півавар, кс. Эдвард Ахрамовіч, а. Тадэвуш Кавальскі, куратар падрыхтоўчага курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Павел Эйсмант разам з навучэнцамі Станіславам Бервячонкам і Львом Ляховічам.

[2]

Святую Імшу ўзначаліў родны брат пробашча парафіі кс. Сяргей Бараўнёў, які разам з іншымі святарамі маліўся ў інтэнцыі імянінніка. Кс. Юрый Бараўнёў ахвяраваў св. Імшу за парафіян, каб заступніцтва св. Юрыя дапамагала ім жыць паводле хрысціянскай веры і ўзрастаць у святасці.

Падчас гаміліі кс. Павел Эйсмант грунтоўна пазнаёміў вернікаў з жыццём і мучаніцтвам св. Юрыя, заахвоціў усіх быць мужнымі сведкамі Хрыста.

Пасля св. Імшы парафіяне скіравалі словы віншавання і шчырай удзячнасці свайму пробашчу Юрыю Бараўнёву.

[3]

На заканчэнне ўрачыстасці адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, Літанія да св. Юрыя, спеў гімна «Цябе, Бога, праслаўляем».

Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, фота