- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Фільм “Жыццё караля”

[1]Кінастужка “Жыццё караля” выклікае цікавасць дзякуючы некалькім фактарам. Па-першае, гэта фільм пра шахматны спорт – не самы папулярны ў кіно. Па-другое – гэта фільм пра рэальныя падзеі і рэальных людзей.

Юджын Браун – заснавальнік шахматнага клуба “Вялікае крэсла”. Калі пачытаць яго біяграфію, адкрываюцца незвычайныя рэчы. Аказваецца, шахматыст – былы злачынца, які вялікую частку жыцця правёў у турме.

За доўгія 17 гадоў мужчына не толькі навучыўся гуляць у шахматы, але і шмат разважаў над жыццём і прыняў рашэнне не вяртацца да асяроддзя злачынцаў і іх спраў. Гэты і іншыя факты біяграфіі Юджына Брауна сталі асновай сюжэту.

Настае час вяртання на волю. Што чакае галоўнага героя? Нічога радаснага: дачка, якая марыць стаць юрыстам, не жадае мець з бацькам ніякіх адносінаў; сын знаходзіцца ў калоніі за распаўсюджванне наркотыкаў. Адзіная праца, якую знаходзіць мужчына, – прыбіральшчык у школе.

Абставіны складваюцца так, што Юджыну прапануюць пабыць выхавальнікам у асаблівым класе – тым, дзе збіраюцца цяжкія падлеткі. На першы погляд, яны лянівыя, грубыя, шалёныя хлопцы і дзяўчаты. Яны растуць на вуліцы, для іх няма правілаў, няма аўтарытэтаў, няма межаў прыстойнасці.

Але калі зазірнуць глыбей у гісторыю кожнага з падлеткаў, мы бачым, што гэта проста нешчаслівыя дзеці, якія трапілі ў складаныя абставіны і выжываюць як могуць.

Юджын Браун намагаецца знайсці з выхаванцамі агульную мову. Часам гэтая мова вельмі шчырая, часам – нават балючая. Хтосьці пачынае давяраць выхавальніку, змяняе жыццё да лепшага, а хтосьці выбірае свой шлях – той, які вядзе ў цемру. У фільме добра бачна, што кожны чалавек робіць свой выбар, і ад гэтага выбару залежыць, кім ты становішся і як жывеш.

Юджын Браун прапаноўвае выхаванцам вучыцца гуляць у шахматы. Вельмі часта мова шахматных правілаў становіцца мовай, якая прамаўляе да сэрца, а правілы пераносяцца ў штодзённасць.

Дзякуючы падтрымцы моладзі, якая паверыла свайму настаўніку, атрымліваецца заснаваць шахматны клуб “Вялікае крэсла”. Выхаванцы Юджына Брауна паказваюць добрыя вынікі на спаборніцтвах. Становяцца годнымі канкурэнтамі для “элітных” і “выхаваных” удзельнікаў.

Цікава, што над сюжэтнай лініяй кожнага героя можна разважаць паасобку, а таксама назіраць за падзеямі ў кантэксце сацыяльных і маральных пытанняў.

Ролю галоўнага героя выканаў знакаміты Кьюба Гудзінг-малодшы (вядомы па кінастужках “Перл-Харбар”, “Інстынкт”, “Куды прыводзяць мары”).

Ці заканчваецца фільм “хэпі-эндам”? На гэтае пытанне кожны адкажа, калі паглядзіць кіно. Але ўжо зараз можна ўпэўнена сказаць: час на прагляд “Жыцця караля” не будзе дарэмна патрачаным.

Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка