- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Фільм «Спіс Шындлера»

[1]Кажуць, у цёмныя часы найлепш бачна светлых людзей. Менавіта гэтае выслоўе прыходзіць на думку, калі пачынаеш паглыбляцца ў стужку “Спіс Шындлера”.

Гэта гістарычная драма, заснаваная на рэальных падзеях. У ёй распавядаецца пра нямецкага бізнесмена Оскара Шындлера. Ён, з’яўляючыся чальцом фашысцкай НСДАП, здолеў уратаваць ад смерці больш за тысячу габрэяў падчас Халакосту.

Польскі Кракаў, 1939 год. Нацысцкае камандаванне збірае габрэяў, каб потым перасяліць у гета. А ў гэты час Оскар Шындлер арганізоўвае сваю новую фабрыку. Яму не хапае ані працаўнікоў, ані грошай, таму Оскар наймае на працу габрэяў, якія прыносяць свае грошы, бо траціць іх не было куды.

Здавалася б, хітры ход хітрага бізнесмена. Але людзі ідуць да яго з радасцю, бо гэта адзіны шанец пазбегнуць гета. А Шындлер пры тым купаецца ў багацці ад даходаў фабрыкі, якая развіваецца.

Гістарычныя падзеі не стаяць на месцы, яны змяняюцца адна за адной. І вось час становіцца цёмным і для габрэяў, і для Оскара. На працягу ўсяго фільма гледачы бачаць, як змяняецца ён ад прадпрымальнага авантурыста да гуманнага і сапраўды светлага чалавека.

Я не буду пераказваць сюжэт, толькі зазначу, што заканчваецца стужка кранальным і шчымлівым кадрам. Гэта працэсія да магілы Оскара Шындлера. У ёй ідуць выратаваныя габрэі, іх дзеці і ўнукі, акцёры з фільма.

Фільм насычаны цяжкімі сцэнамі гвалту, забойстваў, жорсткіх адносінаў… А разам з тым – шматлікімі пытаннямі, каторыя можа задаць сабе кожны глядач.

Слоганам стужкі з’яўляецца сказ з габрэйскага Талмуда: “Той, хто ратуе адно жыццё, ратуе ўвесь свет”. У самы цёмны час у аднаго чалавека хапіла сілаў, каб выратаваць многія жыцці. Што за якасці дапамаглі яму ў гэтым? Праз якія выпрабаванні яму давялося прайсці? Якія маральныя цяжкасці ён мусіў пераадолець?

Цікава, што карціна пабачыла свет дзякуючы аднаму з выратаваных габрэяў – Полдеку Пфеффербергу. Ён быў упэўнены, што гэтую гісторыю павінен ведаць увесь свет і прыкладаў усе намаганні. Першым плёнам такіх намаганняў стала кніга Томаса Кенеллі “Каўчэг Шындлера”. А ў 1993 годзе свет пабачыла кінастужка, рэжысёрам якой стаў знакаміты Стывен Спілберг.

Ужо ў 1994 годзе фільм “Спіс Шындлера” атрымаў узнагароду “Оскар” у сямі намінацыях. А ў 1995 годзе легендарны саўндтрэк кампазітара Джона Уільямса быў узнагароджаны прэміяй “Грэмі” ў намінацыі “Найлепшая інструментальная кампазіцыя для кіно”.

Стужку адназначна можна назваць фільмам не для ўсіх. Але разам з тым “Спіс Шындлера ” – гэта твор выбітнага рэжысёра пра выбітнага чалавека.

Вікторыя Філіпенка