- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Фільм «Распраў крылы»

[1]Думаю, шмат хто з нас у дзяцінстве чытаў неверагодную гісторыю пра Нільса і яго падарожжа з гусямі. Яе на пачатку ХХ стагоддзя прадставіла чытачам шведская пісьменніца Сельма Лагерлёф. Гэта, канешне, была фантастычная казка.

Але гісторыя падарожжа чалавека з гусямі адбылася насамрэч. Яна здарылася ўжо ў 1995 годзе. Французскі арнітолаг Крысціян Мулек быў заклапочаны лёсам асаблівых птушак: карлікавых белалобых гусей. Гэта быў від, які выміраў, і шмат птушак гінула падчас пералёту на зімоўку.

Крысціян Мулек распрацаваў унікальны праект – новы маршрут для гусей, якіх сам арнітолаг суправаджаў на дэльтаплане. Трэба зазначыць, што, нягледзячы на цяжкасці, праект аказаўся паспяховым.

Гэтая падзея лягла ў аснову кінастужкі “Распраў крылы” (фр. Donne-moi des ailes). Адзін з галоўных герояў – чатырнаццацігадовы падлетак Тома. Ягоныя бацькі даўно не жывуць разам, але аднойчы маці хлопца Паола бала вымушаная на ўсё лета прывезці сына да таты Крысціяна.

Крысціян працуе арнітолагам, захапляецца жыццём птушак і дбае пра захаванне аднаго з рэдкіх відаў. Ён уяўляецца гледачу вялікім дзіваком, які жыве ў сваім свеце.

Напачатку здаецца, што Тома і Крысціян – зусім чужыя адзін для аднаго, але раптам іх аб’ядноўвае агульная справа. Разам яны клапоцяцца пра маленькіх птушанят, разам вывучаюць маршрут для птушак, разам вучаць іх лётаць за дэльтапланам. Гэта дапамагае бацьку і сыну знайсці агульную мову.

Як і ў сапраўднай гісторыі, так і ў кінастужцы на шляху рэалізацыі праекта сустракаецца шмат цяжкасцяў. І паводле сюжэту фільма гусей на дэльтаплане на шляху міграцыі суправаджае менавіта Тома, чатырнаццацігадовы падлетак.

Гэта быў доўгі шлях, падчас якога Тома праявіў сябе як мужны дарослы хлопец. Той, што не спыніцца перад цяжкасцямі, той, каторы на шляху да мэты пераможа цяжкасці і нават сябе.

Сёння Каталіцкі Касцёл разам з Папам Францішкам заклікаюць звярнуць увагу на экалагічную сітуацыю на Зямлі. І, здаецца, кінастужка “Распраў крылы” – маленькі крок для таго, каб зразумець: любоў і шанаванне прыроды – гэта сапраўдны дар.

Прагляд фільма можа стаць добрым правядзеннем часу для ўсёй сям’і. Апроч асноўнай думкі, там можна паразважаць над праблемамі падлеткавага ўзросту, адносінамі бацькоў і дзяцей, дылемай выбару паміж добрымі ўчынкамі і здрадай, а таксама атрымаць асалоду ад неверагодна прыгожых краявідаў французскіх, нарвежскіх рэк, гор, азёраў з вышыні птушынага палёту.

Вікторыя Філіпенка