[1]У кіно нярэдка здараецца так, што высокабюджэтныя фільмы, арыентаваныя на самую шырокую аўдыторыю, з трэскам правальваюцца, а нечаканую славу атрымліваюць сціплыя стужкі, якім удалося трапіць у самы нерв сучаснага грамадства. Іх глядзяць, іх абмяркоўваюць, аб іх ламаюць коп’і. Адной з такіх гучных кінападзей мінулага года стала чатырохсерыйная псіхалагічная драма “Пераходны ўзрост” – зрэз сучаснасці на фоне вечнай праблемы сталення.
Ранішні спакой безыменнага англійскага мястэчка парушае паліцэйскі штурм. Група захопу ўломваецца ў дом, кладзе сям’ю тварам у падлогу і арыштоўвае малодшага з дзяцей, 13-гадовага Джэймі. Паліцэйскія бесцырымонна абшукваюць пакоі ў пошуку ўлік, а хлопца вывалакваюць на двор і вязуць ва ўчастак. Бацькі тут жа адпраўляюцца следам, не сумняваючыся, што адбылася нейкая страшная памылка і сына адпусцяць. Аднак аказваецца, што ў паліцыі ёсць важкія прычыны падазраваць Джэймі ў жорсткім забойстве аднакласніцы. Пачынаюцца цяжкія паліцэйскія працэдуры, і становіцца ясна, што жыццё сям’і ніколі не будзе ранейшым.
Ужо з першых сцэн фільма ўвагу прыцягвае незвычайная манера яго здымак. Камера ўрываецца ў дом разам з групай захопу, ліхаманкава аблятае ўсе пакоі, ідзе следам за затрыманым Джэймі ў паліцэйскую машыну, суправаджае яго па дарозе ва ўчастак і пільна назірае за ім падчас усіх паліцэйскіх працэдур. І хоць падзеі адбываюцца ў розных частках мястэчка, яны ніколі не перарываюцца. Мантаж у класічным сэнсе гэтага слова тут цалкам адсутнічае, а камера фіксуе ўсё адным бесперапынным дублем. Такі складаны і працаёмкі прыём звычайна выкарыстоўваюць, каб мацней уцягнуць гледача ў кінааповед, стварыць эфект глыбокага пагружэння ў падзеі. Аднак у гэтым фільме неперарыўнасць кадра дадае яшчэ і нейкі новы ўзровень шчырасці, калі героі не могуць схаваць сваіх перажыванняў і эмоцый у міласэрнай мантажнай склейцы.
Камера нібы пераследуе іх, бесстаронна, крок за крокам фіксуючы гэты незваротны жыццёвы пералом. Апрача таго, фільм дае прадчуванне крохкасці звыклага жыцця, якое літаральна за гадзіну можа перамясціць цябе з утульнага хатняга ложка на турэмныя нары. Але нават калі гэтая манера становіцца ўжо звыклай, аўтарам ёсць чым здзівіць гледача, бо пасля чарговай сцэны камера раптам узмывае ў паветра, пралятае над усім гарадком і апускаецца побач з месцам забойства на іншым яго канцы, такім чынам звязваючы пакаранне і злачынства.
Нельга не заўважыць, якую складаную задачу ставяць перад акцёрамі здымкі адным планам, калі неабходна адыграць кожную гадзінную серыю за адзін раз, захаваўшы пры гэтым усю гаму складаных перажыванняў і эмоцый. Асабліва ўражвае ігра 13-гадовага дэбютанта Оўэна Купера, які выканаў ролю Джэймі. Яго бенефісам становіцца трэцяя серыя, цалкам прысвечаная сустрэчы хлопца з псіхолагам. Герой Купера выяўляе складаную карціну псіхікі пераходнага ўзросту. Сцэны разгубленасці і безабароннасці змяняюцца эпізодамі нахабнасці і самаўпэўненасці, а на змену ранімасці прыходзяць раптоўныя прыступы шаленства.
Цягам чатырох серый фільм не раз прымушае гледача ашукацца ў сваіх чаканнях, у прыватнасці адносна жанру. Завязка фільма намякае на пакручасты дэтэктыўны сюжэт, аднак неўзабаве становіцца ясна, што загадкі няма. Фільм спачатку дрэйфуе ад дэтэктыўнага ў бок крымінальнага і сацыяльнага, але ў выніку выліваецца ў чыстую псіхалагічную драму. Калі карціна ўрэшце раскрывае свае карты, робіцца ясна, чаму ён называецца менавіта так, і ўсё становіцца на свае месцы. Аказваецца, справа не ў самім забойстве і не ў яго расследаванні, а асноўная тэма карціны была заяўленая ад пачатку: пераходны ўзрост.
Галоўным нервам фільма становіцца крытыка сучаснага грамадства, завязлага ў дылеме свабоды і ўсёдазволенасці, патрэбы ў выхаванні і адначасова ў захаванні правоў падлетка. Тэма цкавання аднымі дзецьмі іншых раскрываецца ў святле новых рэалій і тэндэнцый – жыцця ў сацыяльных сетак, сексуальнага выхавання. Аднак сама праблема застаецца вечнай: складанасць фарміравання асобы ў непрыветным, варожым свеце.
У адным з ключавых эпізодаў карціны разбітыя горам бацькі задаюцца пытаннем, што яны зрабілі не так? Яны прыгадваюць жыццё сваёй сям’і і не знаходзяць у ім вялікіх хібаў. Больш за тое, яны бачаць, што выхавалі добрую дачку, і таму пытанне “Як так атрымалася?” застаецца без адказу. Але, магчыма, адказ хаваецца не ў тым, што паказана ў фільме, але ў яго гуяным маўчанні на тэму духоўнасці, якая засталася за кадрам мітуслівага сучаснага жыцця.
Стах Лысы