[1]Тэма закаханасці сямейнага чалавека досыць папулярная ў мастацтве. Канфлікт такога кшталту звычайна вырашаецца двума спосабамі: праз бунт супраць маралі і ўстояў або праз трагедыю і адчай. У першым выпадку дзеля свайго новага яркага пачуцця герой ідзе на здраду, уцёкі ці развод, у другім – саступае нормам, але застаецца зламаным і няшчасным. Па сваёй сутнасці гэта канфлікт рамантыкі і рэальнасці, які аўтары для большай выразнасці максімальна драматызуюць. Тым не менш, ёсць і трэці, больш тонкі і далікатны шлях: пошук балансу між гэтымі дзвюма крайнасцямі. Менавіта такім шляхам ідзе рэжысёрка Селін Сон у сваім дэбютным фільме «Мінулыя жыцці».
Сеульскім школьнікам Хэ-сону і Ён-на па дванаццаць гадоў. Хлопчык і дзяўчынка разам ходзяць у школу і прагульваюцца пасля ўрокаў. Яна часта плача праз розныя дробязі, а ён проста заўсёды побач. Дзеці падабаюцца адно адному, і дзяўчынка прызнаецца маме, што хоча аднойчы выйсці замуж за Хэ-сона. Аднак лёс складваецца іначай. Інтэлігенцкая сям’я Ён-на эмігруе ў Канаду, а хлопчык застаецца ў Сеуле.
Мінае час. Дзяўчына, якую цяпер клічуць Нора, робіць кар’еру паспяховага драматурга ў Нью-Ёрку і выходзіць замуж за амерыканскага пісьменніка. Хэ-сон праходзіць службу ў карэйскай арміі і бярэцца вучыцца на інжынера. Цяпер маладых людзей раздзяляюць тысячы кіламетраў, рознасць культур і лёсаў, аднак кожныя дванаццаць гадоў іх жыцці зноў пераплятаюцца. Яны адчуваюць моцную душэўную блізкасць, і калі надыходзіць момант сустрэчы – узгадваюць мінулае, дзеляцца сваёй сучаснасцю і задаюцца пытаннем, ці магло ўсё скласціся іначай.
Цэнтральным вобразам карціны з’яўляецца метафара мінулых жыццяў. Паводле карэйскіх павер’яў, усякая сустрэча між людзьмі, нават просты дотык адзеннем у натоўпе – гэта іньён, сустрэча, перадвызначаная лёсам. А калі людзі жэняцца, гэта значыць, што іх яднае больш за восем тысяч іньёнаў. Аднак гэты прыгожы рамантычны вобраз разбіваецца аб будзённую рэальнасць. Роднасныя душы герояў ніяк не могуць злучыцца, а гераіня выходзіць замуж зусім за іншага чалавека. Тым не менш фільм не супрацьпастаўляе рамантычны і рэалістычны погляды, але асцярожна балансуе на мяжы двух светаў. Ачышчаны ад празмернай сентыментальнасці, фільм быццам наўмысна стрымлівае фарбы, гэтак жа, як героі не даюць волі сваім пачуццям, што рвуцца вонкі. І ў той жа час карціна поўніцца стрыманай прыгажосцю, якая раз-пораз праглядвае на экране.
У адрозненне ад класічных рамантычных стужак, карціна Селін Сон умела абыходзіць жанравыя клішэ і нават іранізуе над імі. У адной са сцэн муж гераіні прызнаецца, што ва ўсёй гэтай гісторыі ён бачыцца сабе тым самым кепскім чалавекам, які перашкаджае роднасным душам быць разам. Аднак кіно адмаўляецца ад такога спрашчэння. У дадзенай гісторыі няма адмоўных герояў. Кожны ў гэтым трыкутніку мае добрае стаўленне да дваіх іншых і імкнецца паступіць годна. І так атрымліваецца гісторыя пра няспраўджаны лёс, пра стрыманае каханне і далікатную рэўнасць.
Стах Лысы