[1]Здаецца, няма чалавека, які б не чуў пра знакамітага Людвіга ван Бетховена. Кампазітара называюць адной з галоўных фігур класічнай музыкі.
Кожнаму вядомыя творы “Месяцавая саната”, “Да Элізы”, “Сімфонія №5”. Але Бетховен таксама пісаў творы ў розных жанрах, што існавалі ў той час. Яго аўтарству належаць музыка да опер і драматычных спектакляў, харавыя творы, санаты і сімфоніі.
Розныя крыніцы інфармацыі падаюць пра жыццё маэстра адны і тыя ж факты. Паўсюль адзначаюць глухату, дзёрзкі характар, замкнутасць і непрыязнасць да людзей. Вось тут і з’яўляецца адказ на пытанне: чаму варта паглядзець біяграфічны фільм “Людвіг ван Бетховен”? Кінастужка дапамагае зазірнуць у сэрца – таемны свет кожнага чалавека.
Прэм’ера фільма была прымеркаваная да 250-годдзя з дня нараджэння кампазітара. Асноўнай задачай кінастужкі стала асвяціць жыццё музычнага творцы з розных бакоў.
Напачатку гледачу прадстаўляецца дарослы Бетховен, які прыязджае жыць з пляменнікам да свайго брата. Ён адразу ж пачынае ўступаць у канфлікты з усімі, хто трапляецца на шляху: з жанчынамі, які едуць побач у карэце, братам, які прымае Людвіга ў сваім доме, жонкай брата, пляменнікам, які, на думку кампазітара, з’яўляецца няўдачнікам. “Чалавек з жорсткім сэрцам” – узнікае слушная глядацкая думка.
Але з якіх кавалкаў складаецца сэрца чалавека? Вядома ж, з дзяцінства, юнацтва і шматлікіх жыццёвых радасцяў і выпрабаванняў.
Кінастужка пагружае гледача ў дзяцінства Людвіга. Маленькі хлопчык рос у сям’і, дзе нарадзілася сем дзяцей. З-за перанесеных хваробаў чацвёра з іх памерлі ў раннім узросце. Хлопчык вельмі перажываў гэтыя страты, але яму дапамагала музыка.
Бацька Людвіга верыў у талент сына і прымушаў шмат іграць на фартэпіяна. З цягам часу хлопчык пачаў укладаць у музыку свой боль, імправізаваць, пісаць першыя п’есы.
А якім быў далейшы шлях кампазітара? З якіх кавалкаў складалася яго чалавечае сэрца? Ці было яно жорсткім насамрэч? Адказы і вывады кожны глядач зробіць сам.
Апроч Людвіга Бетховена ў фільме шмат іншых цікавых персанажаў: гэта бацькі кампазітара і яго настаўнікі, першае каханне і нават Моцарт. Важным кампанентам стужкі з’яўляецца музыка аўтарства Людвіга ван Бетховена ў вялікім спектры выканання: ад аргана да сімфанічнага аркестра. І гэтае музычнае суправаджэнне яшчэ больш раскрывае галоўнае – глыбіні сэрца геніяльнага кампазітара.
Вікторыя Філіпенка