Здаецца, няма ў свеце чалавека, які б не чуў знакамітага прозвішча “Дыснэй”. Сёння гэта не проста магутная мультыплікацыйная карпарацыя, а вялікая кампанія разнастайных забаваў для дзяцей і дарослых.
Усім вядомыя плёны творчасці карпарацыі: “Мікі Маус”, “Папялушка”, “Пінокіа” і шматлікія іншыя мультфільмы і поўнаметражныя фільмы. Цікава, што яе заснавальнік увесь час заставаўся за кадрам, але разам з тым падарыў дзецям і дарослым некалькі тысяч гадзін чароўнай казкі.
А з чаго ўсё пачыналася? Гэта быў сапраўдны шлях “Per aspera ad astra” (Праз церні да зорак). І менавіта пра жыццёвы шлях Уолта Дыснэя распавядае кінастужка “Летуценнік”.
Уолт Дзісней нарадзіўся 5 снежня 1901 года ў Чыкага. Бацькі доўгі час жылі на ферме і працавалі там. Маленькі Уолт дапамагаў даглядаць хатнюю жывёлу, а любую вольную хвіліну прысвячаў свайму вялікаму захапленню – маляванню.
У 1920 годзе Дыснэй уладкоўваецца на працу на студыю кінарэкламы. Праца стала штуршком да рэалізацыі не толькі мастацкага таленту, але і розных анімацыйных эксперыментаў.
Дзякуючы смеласці і знаходлівасці хлопца ў 1921 годзе выходзіць першы анімацыйны фільм – “Смехаграмы”. Гэта было сапраўды новае слова ў сусветнай мультыплікацыі.
На першы погляд, можа скласціся ўражанне, што Уолт – мілы мужчына-дзівак, які павінен быў хутка ўзляцець па кар’ернай лесвіцы, бо кожны яго мультфільм здаецца лёгкім, як воблака, напоўненым радасцю і бестурботнасцю жыцця. Але гэта толькі стэрэатып. Насамрэч, аўтар сюжэтаў, якія складаюць шчаслівыя ўспаміны з нашага дзяцінства, перажыў вельмі шмат выпрабаванняў.
І кінастужка закранае менавіта той бок кінематографа Уолта Дыснэя, які быў звязаны з дробнай, няпростай і карпатлівай працай. Гледачы ўбачаць, як “лёгка” знаходзіліся новыя сюжэты і персанажы для іх, што такое “камандная праца” і колькі крокаў трэба зрабіць ад ідэі да апладысментаў у кінатэатры.
Аднойчы Уолт Дысней дасягнуў самага дна свайго жыцця: заснаваная фірма стала банкротам, сябры здрадзілі, а супрацоўнікі абралі грошы і не паверылі ў новыя ідэі. Але мужчына не здрадзіў мары і прыклаў усе намаганні, каб яна здзейснілася. Ён бачыў тое, што не бачылі іншыя, распрацоўваў ідэі, якія іншыя лічылі безнадзейнымі, і працаваў, вельмі шмат працаваў.
Здаецца, што кінастужка – простая біяграфічная гісторыя аднаго са знакамітых людзей. Але яна прымушае задумацца над важнымі пытаннямі: “Ці проста абраць сваю мару? Ці лёгка быць геніем? Ці варта змагацца, калі ўсе абставіны і людзі супраць цябе? Як застацца чалавекам, калі светам кіруюць здрады, вялікія грошы і канкурэнцыя?”
Дарэчы, асаблівая разыначка ў фільме – гісторыя знаёмства Уолта Дыснэя з маленькім мышанём – прататыпам Мікі Мауса.
Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка
