[1]“Кажуць, што прынцэса вярнулася ў царства свайго Айца і кіравала там, несучы дабро і справядлівасць на працягу многіх вякоў, і што народ яе любіў, і што ад яе прабывання на зямлі засталіся ледзь прыкметныя сляды, бачныя толькі тым, хто ведае, куды глядзець”.
На сухой галінцы распускаецца кветка, а затым экран гасне, з цемры праступае назва “Лабірынт Фаўна” і залу кінатэатра “Люм’ер” у Канах запаўняюць 22-хвілінныя авацыі, самыя доўгія ў гісторыі кінафестывалю. Сёлета, да дваццацігадовага юбілею карціны, рэжысёр Гільерма дэль Тора зноў прывёз гэты фільм у Каны, толькі гэтым разам ужо ў статусе класікі – адной з самых вынаходлівых, прыгожых і глыбокіх казак у гісторыі сусветнага кіно.
Іспанія, 1944 год. Цяжарная Кармэн і яе адзінаццацігадовая дачка Афелія перабіраюцца ў сельскую мясцовасць да мужа і айчыма, капітана Відаля. Капітан – чалавек жорсткі і бязлітасны, адзіная яго мэта – ачысціць краіну ад “чырвоных”, і дзеля гэтага ён не грэбуе нічым: ні садысцкімі катаваннямі, ні бессэнсоўнымі забойствамі. На слуг і падначаленых ён глядзіць з пагардай, жанчын проста не заўважае, і нават хворая жонка не можа растапіць яго сэрца, бо адзінае, дзеля чаго яна патрэбная, – гэта нарадзіць сына, нашчадка.
Пакуль Відаль спрабуе выкурыць заселых у лясах партызан, а Кармэн усё складаней пераносіць цяжарнасць, пакінутая ўсімі Афелія заглыбляецца ў свой унутраны свет. Неўзабаве яна сустракае фею, і тая адводзіць дзяўчынку ў старажытны лабірынт, дзе жыве Фаўн. Гэтая дзіўная істота з зямлі, імху, лазы і кары дрэў апавядае Афеліі, што насамрэч яна – прынцэса падземнага свету, і каб вярнуцца ў сваё царства, ёй трэба прайсці праз тры выпрабаванні да наступлення поўні. Серп месяца з кожным днём расце, і страшная рэальнасць франкісцкай Іспаніі пачынае непрыкметна пераплятацца з не менш вусцішным і жорсткім чароўным светам…
У аснову сваёй карціны Гільерма дэль Тора паклаў матыў падваення. Яно пранікае на кожны яе сэнсавы і эстэтычны план, а сам фільм пачынае жыць адначасова ў двух жанрах: ваеннай драмы і цёмнага фэнтэзі. Дуальнасць, якая на сюжэтным узроўні праяўляецца ў падзеле на рэальнае і казачнае, сягае далей і выходзіць на ўзровень добрага і злога, матэрыяльнага і ідэальнага, веры і нявер’я, смерці і несмяротнасці. Аднак ніводзін з гэтых узроўняў не становіцца адназначным, а процілегласці адначасова палярызаваныя і пераплеценыя між сабой.
Кантраст двух светаў ярка адлюстроўваюць дзве каляровыя палітры: халодная сіне-зялёная і цёплая залаціста-ірдзяная. Першая пераважна суадносіцца з жорсткай рэальнасцю, яе холадам і брудам, другая – з містычным светам казкі, з агнём і жывою крывёю. Аднак гэты падзел не носіць прамалінейнага характару, і колеры аднаго свету раз-пораз умешваюцца ў іншы, быццам паказваючы саму непадзельнасць матэрыяльнага і духоўнага быцця. Такое ўзаемапранікненне часам дасягае стану поўнага адлюстравання, і гэта нараджае як дадатковыя сэнсы, так і цалкам новы паэтычны план. Ключ, які дабывае Афелія ў першым выпрабаванні, рыфмуецца з ключом ад складу з прыпасамі, кінжал з другога выпрабавання – з нажом служанкі Мэрсэдэс. Прасочваюцца адлюстраванні і сярод персанажаў. Тая ж Мэрсэдэс, якая даўно расчаравалася ва ўсім казачным, быццам паказвае альтэрнатыўны лёс Афеліі: што чакае дзяўчынку, калі яна зняверыцца і адмовіцца ад вяртання ў сваё каралеўства.
Асобную ролю ў вобразным шэрагу фільма займае сімволіка часу. Адным з галоўных атрыбутаў капітана Відаля становіцца бацькаў кішэнны гадзіннік, які ён скрупулёзна змазвае, адладжвае і ні на секунду не пакідае. У той жа час для выканання другога задання Фаўн уручае Афеліі пясочны гадзіннік. Гэтае выпрабаванне не толькі абмежаванае часам, але ўсё прасякнутае яго вобразам. Бледны Чалавек, якога сустракае Афелія, уяўляе сабой літаральна шкілет у абвіслай скуры і без вачэй, нібы сімвал бясконцага здрахлення, немачы і слепаты. Адначасова вобраз Бледнага Чалавека нагадвае карціну Франсіска Гоі “Сатурн, які пажырае свайго сына” і тым самым адсылае да постаці старажытнарымскага бога часу. З іншага боку, пышны стол перад Бледным Чалавекам візуальна рыфмуецца з застоллем, якое ладзіць для сваіх набліжаных капітан Відаль: тутэйшы бажок часу, гатовы пажраць каго заўгодна. Час становіцца галоўнай зброяй антаганістаў карціны і наўпрост асацыюецца са смерцю і смяротнасцю. Афелія ж змагаецца за вяртанне ў царства вечнасці, да сваёй несмяротнай сутнасці.
Згодна з сюжэтам казкі, што абрамляе фільм, прынцэса чароўнага падземнага царства здзейсніла акт непаслушэнства – збегла ад свайго Айца на паверхню, праз што стала смяротнай. Пажадаўшы ўбачыць іншы свет, яна нібыта сарвала плод з Дрэва пазнання дабра і зла. І як у хрысціянстве кожны з нас у пэўным сэнсе Адам і Ева, дзяўчынка Афелія – тая самая прынцэса. Каб вярнуць сабе каралеўскую годнасць, яна мусіць выканаць тры заданні: забіць жабу, праз якую гіне смакоўніца, сімвал страчанага раю; перамагчы час, а значыць смяротнасць; і ўрэшце прынесці крывавую ахвяру. Такім чынам, гэты фільм можна ўспрыняць як прытчу пра грэхападзенне і адкупленне.
З іншага боку, пытанне рэальнасці таго, што адбылося з Афеліяй, застаецца без адказу. Ці існуюць падземнае царства і Айцец, які чакае вяртання сваёй дачкі, ці гэта толькі эскапісцкая фантазія дзяўчынкі, каторая шукае паратунку ад жорсткай рэальнасці ў сваіх фантазіях? Фільм поўніцца доказамі і аднаго, і другога пункту гледжання, і хоць яны яўна несумяшчальныя між сабой, аўтар настойвае на праўдзівасці абодвух да самага апошняга кадра. І тым самым пакідае выбар гледачу, размяшчае перад ім люстэрка і прапануе зазірнуць у яго.
Смяротна параненая дзяўчынка цяжка дыхае, але час паварочвае свой бег і струменьчык крыві вяртаецца ў ноздру. Камера набліжаецца да бледнага твару і ўлятае ў зрэнку вока. “Даўным-даўно ў падземным царстве, дзе не было ні хлусні, ні болю, жыла прынцэса, якая марыла патрапіць у свет людзей. Яна марыла пра блакіт нябёсаў, лёгкі ветрык і сонечнае святло. Аднойчы, уцёкшы ад аховы, прынцэса збегла. Выйшаўшы на паверхню, яна была аслепленая сонцам, якое сцёрла з яе памяці ўсе ўспаміны. Прынцэса забылася, хто яна і адкуль прыйшла. Яе цела пакутавала ад холаду, хваробаў і болю, і ўрэшце яна памёрла. Аднак яе Айцец-кароль заўжды ведаў, што душа прынцэсы вернецца, магчыма, у іншым целе, у іншым месцы і ў іншы час”
Фільм пачынаецца…
Стах Лысы