[1]Галоўнай навіной восені ў свеце кіно стаў катастрафічны правал фільма «Джокер: Вар’яцтва на дваіх». Ён быў задуманы як працяг надзвычай паспяховай карціны «Джокер», што выйшла пяць гадоў таму і атрымала шырокае прызнанне як сярод гледачоў, так і сярод крытыкаў. Прапаную зірнуць уважлівей, што робіць першую частку «імгненнай класікай» і чаму працяг чакала параза.
Артур Флек – адзін з мільёнаў жыхароў змрочнага Готэм-Сіці. Днямі ён працуе вулічным блазнам, а па вечарах клапоціцца пра сваю хваравітую маці. Жыццё не песціць Артура: ён раз-пораз сутыкаецца са здзекамі навакольных, справу ўскладняе і псіхічная хвароба Артура: ён пакутуе ад некантраляваных прыступаў смеху. Нягледзячы на нестабільную псіхіку і негатыўныя думкі, у яго самая бяскрыўдная мара – стаць вядомым стэндап-комікам, бо мама заўжды запэўнівала Артура, што ён народжаны несці людзям радасць. Аднак горад не прымае ўбогага няўдачніка, і тады замест Артура на сцэну выходзіць псіхапат Джокер, здольны пагрузіць Готэм у агонь і хаос.
Выхад гэтай карціны стаў знакавай падзеяй у свеце кіно. «Джокер» робіць вельмі смелую, калі не сказаць дзёрзкую спробу прымірыць у адным фільме дзве процілегласці: арт-хаўснае кіно і супергеройскі мэйнстрым. І, як ні дзіўна, аўтарам удаецца гэтая, здавалася б, невыканальная задача. Гісторыя Джокера, галоўнага ворага Бэтмэна, раскрываецца з новага, нечаканага боку. Замест звычайнай прыгодніцкай гісторыі разгортваецца глыбокая псіхалагічная драма маленькага чалавека.
Карціна запамінаецца яркасцю формы і сваёй эстэтыкай. Гарманічнае буйства колераў, меланхалічнае сола віяланчэлі, бездакорна пастаўленыя кадры і запамінальная ігра Хаакіна Фенікса – усё гэта западае ў душу. З іншага боку, захапляльнай візуальнай і гукавой прыгажосці фільм супрацьпастаўляе псіхалагічна цяжкі, дыскамфортны сюжэт. Тут няма станоўчых герояў, няма маральных арыенціраў. Глядач міжволі пранікаецца спагадай да злачынцы, а меркаваныя станоўчыя героі адкрываюцца з новага, непрыгляднага боку.
Будучы наватарскім і рэвалюцыйным, фільм адначасова звяртаецца і да кінематаграфічнай традыцыі канца 70-х – пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя. Сярод крыніц натхнення тут выразна чытаюцца стужкі Марціна Скарсэзэ «Таксіст» (1976), «Шалёны бык» (1980) і «Кароль камедыі» (1982). Аднак гэтым спіс далёка не вычэрпваецца. Такая напоўненасць цытатамі з аднаго боку стварае атмасферу эпохі, а з іншага – узбагачае сімвалічны складнік карціны.
Фільм валодае і ўласным сімвалічным шэрагам. Самым значным і знакамітым сімвалам тут з’яўляецца вобраз лесвіцы, па якой Артур кожны дзень, як мучанік, узбіраецца наверх, каб зноў вярнуцца да цяжкага самотнага жыцця і клопатаў пра хворую маці. Калі ж ліхадзейская сутнасць бярэ ў ім верх, гэта перадаецца спускам па той жа лесвіцы, што суправаджаецца феерычным танцам. Бо спускацца заўсёды лягчэй, чым падымацца.
Пасля надзвычайнага поспеху карціны з’яўленне працягу стала амаль непазбежным. Сярод шматлікіх варыянтаў развіцця гісторыі аўтары спыніліся на змене жанру. З крымінальнай псіхалагічнай драмы «Джокер» ператварыўся ў мюзікл. Па сюжэце, знаходзячыся на прымусовым лячэнні, Артур сустракае ракавую жанчыну Харлі Куін і без памяці ўлюбляецца. Жорсткі свет псіхіятрычнай лякарні расквечваецца музыкай і каханнем, якія могуць вярнуць псіхалагічнае здароўе або канчаткова звесці з глузду. Наколькі першы фільм быў усімі абласканы, гэтак жа моцна другі быў асвістаны. Хтосьці абвінавачваў аўтараў у кепскай ідэі, хтосьці – у халтурным выкананні, хтосьці настойваў, што другой часткі проста не павінна было быць і віной усяму прага грошай. Убачыўшы фільм на свае вочы, я хачу зрабіць іншую выснову: гэта банальная творчая няўдача, ад якой ніхто не застрахаваны. У гэтым фільме ёсць усё для поспеху, але яно не працуе. Ідэя зрабіць мюзікл – цікавая, але ніводная з песень не запамінаецца і не кранае. Акцёры іграюць у поўную моц, але ў святле няўдалых сюжэтных рашэнняў іх ігра, хутчэй, стамляе, чым захапляе. Знята ўвогуле досыць прыгожа, але калі фільм не складваецца, то і гэта не можа яго ўратаваць. Не, гэта не падобна да халтуры ці скрадзеных грошай. Наадварот, не кожнаму дадзена ўвайсці ў адну раку двойчы.
Стах Лысы