[1]Тэма цяжкіх хваробаў, іх складанага перажывання самімі хворымі, а таксама іх блізкімі вельмі папулярная ў кіно. І, здавалася б, на гэты конт даўно ўжо ўсё сказана, і нічога не застаецца, як толькі раз за разам паўтарацца. Але прастор для новага бачання заўсёды існуе, ён толькі чакае свайго часу і свайго аўтара. І такі прарыў адбыўся ў неўраджайны на добрае кіно 2020 год, калі брытанскі драматург Фларыян Зелер прадставіў публіцы свой сціплы дэбютны фільм “Бацька” – стужку, якая прымусіла зірнуць на кіно пра хворых з новага, нечаканага ракурсу.
Энтані за восемдзясят. Ён жыве адзін у лонданскай кватэры і лічыць, што выдатна з усім спраўляецца і дапамога яму непатрэбная. Але яго дачка Эн іншага меркавання. Яна сабралася пераязджаць у Парыж і хоча знайсці бацьку сядзелку. Энтані з усіх сіл упіраецца, спрабуючы паказаць дачцэ, што цалкам здаровы, але раптам у яго кватэры пачынаюць адбывацца дзіўныя парадоксы: у гасцёўні аказваецца старонні мужчына, дачка раптам змяняе выгляд, у пакоях змяняюцца дэталі абстаноўкі і кудысьці зноў і зноў знікае любімы гадзіннік…
У цэнтры карціны апынаецца праблема старэчай дэменцыі. Аднак аўтар адмаўляецца як ад старонняга назірання за цячэннем хваробы, так і ад аповеду з пункту гледжання блізкіх хворага. Замест гэтага ён робіць цэнтрам сваёй гісторыі свядомасць самога Энтані. Стары перакананы, што з ім усё ў парадку – гэта вакол яго адбываецца нейкі абсурд. У дом пранікаюць чужыя людзі, цалкам лагічна, што праз гэта пачынаюць знікаць рэчы, бо, напэўна, гэта ўсё злодзеі, якія толькі прыкідваюцца раднёй, або радня, якая задумала зжыць яго са свету. Сцэна за сцэнай хвароба прагрэсуе, пераходзіць ад стадыі да стадыі: старога апаноўваюць рэзкія перапады настрою, з’яўляецца падазронасць, а гумар і вясёласць праз імгненне змяняюцца грубасцю і абразамі. З кожным днём страта розуму ўсё больш выбівае зямлю з-пад ног Энтані, які адчайна імкнецца зразумець, што адбываецца, і захаваць твар перад ужо ледзь пазнавальнымі яму людзьмі.
Падзеі амаль увесь фільм адбываюцца ў адных дэкарацыях, у адным памяшканні. Уласна кватэра Энтані становіцца своеасаблівым вобразам яго свядомасці, што паціху траціць звыклы выгляд і пераўтвараецца ў лабірынт з пакояў і калідораў. Для нагляднай дэманстрацыі гэтых працэсаў аўтар прыбягае да надта простага і нагляднага метаду. Раз за разам ён мяняе невялічкія дэталі ў абстаноўцы, прымушае старога губляцца ў сваёй кватэры і вынаходзіць спосабы ў ёй існаваць. Паколькі ўсё, што адбываецца, мы бачым вачыма хворага, то разам з героем цалкам губляемся ў сюжэце. Хто з гэтых гераінь дачка Энтані? Збіраецца яна перасяліцца ў іншую краіну, ці ўжо даўно перасялілася і цяпер прыехала адведаць бацьку? А калі даўно ўжо перасялілася, то хто ўсе гэтыя людзі, што пастаянна ходзяць па доме? І чаму яны маюць нахабства сцвярджаць, што гэты дом зусім не яго?
У адрозненне ад іншых фільмаў, якія зацягваюць гледача ў цяжкое і маруднае перажыванне чужой бяды, “Бацька” дзякуючы сваёй незвычайнай канцэпцыі захоўвае дынаміку, добра трымае ўвагу гледача і не адчуваецца марудным. Не адчуваецца ён і сентыментальным, бо не прапануе глядзець на героя збоку, вачыма спачувальных блізкіх. Але адмова ад танных спосабаў выціснуць слязу, хіба, толькі мацней узбуджае спачуванне да галоўнага героя.
Сіле спачування спрыяе і выдатная ігра знакамітага брытанскага акцёра Энтані Хопкінса. Будучы аднаго ўзросту са сваім персанажам, акцёр дакладна падмячае ўсе нюансы паводзінаў старых людзей. Ён па-майстэрску перадае перапады настрою свайго персанажа, моманты здзяціньвання і старэчага раздражнення, нягеглыя спробы кіраваць сітуацыяй, якая табе ўжо даўно не падпарадкоўваецца. Дзеля яшчэ больш шчыльнай сувязі з карцінай акцёр нават пазычае персанажу частку сваёй асобы. Энтані не толькі супадае з акцёрам па ўзросце, але атрымлівае яго імя і нават дакладную дату нараджэння.
Тэма фільма падштурхоўвае гледача да пытання, чым жа ёсць чалавек? Ці застаецца нешта ад чалавека, калі ён траціць сваю памяць, сваю свядомасць і ідэнтычнасць? Аднак пытанні гэтыя ў карціне не прагучаць. Тым не менш, у адной са сцэнаў, дзе Энтані ўпадае ў адчай, ён пачынае параўноўваць страту кантролю над сваёй свядомасцю, над сваёй памяццю і жыццём са стратай дрэвам свайго лісця. І гэты мімалётны вобраз, які нараджаецца ў хворай свядомасці Энтані ў прыступе адчаю, можа і быць галоўным ключыкам да ўсёй карціны. Бо лісце хоць і стварае хараство дрэва, але яго не вызначае, а за зімой неадступна надыходзіць новая вясна.
Стах Лысы