- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Фільм “Анатомія падзення”

[1]У чаканні выхаду на экраны сёлетніх лаўрэатаў Канскага кінафестывалю прапаную звярнуць увагу на пераможцу мінулага году – судовую драму французскай рэжысёркі Жусцін Трые «Анатомія падзення».

Паспяховая пісьменніца Сандра, яе муж Сэмюэль і іх адзінаццацігадовы сын Даніэль вядуць адасобленае жыццё ў французскіх Альпах. Аднойчы, вярнуўшыся з прагулкі, Даніэль знаходзіць свайго бацьку мёртвым. Па ўсім відаць, што мужчына выпаў з акна. Але што гэта было: няшчасны выпадак, акт адчаю, спланаванае забойства? Падазрэнне падае на жонку Сэмюэля, якая ў момант смерці мужа была з ім адна дома. Жанчыну бяруць пад арышт, а на судовым працэсе пачынаюць адкрывацца такія падрабязнасці жыцця сямейнай пары, што нават іх сын пачынае сумнявацца ў невінаватасці мамы.

Абгорнуты ў форму судовай драмы, гэты фільм уяўляе сабой глыбокі псіхалагічны аналіз адносін між мужам і жонкай. Фільм пачынаецца з даследавання ўсіх найменшых дэталяў, якія могуць раскрыць прычыны выпадзення Сэмюэля з акна. Аналізуюцца яго рост і вышыня акна над падлогай, характары пашкоджанняў на целе і на доме, які Сэмюэль закрануў пры падзенні. Аднак гэта не набліжае паліцыю да разгадкі. Тады следства вымушана пачаць даследаванне адносінаў сямейнай пары. Скрупулёзна прэпарыруючы псіхалогію адносін між сужэнцамі, кіно выбудоўвае паслядоўную карціну падзення Сэмюэля, якое пачалося задоўга да яго фізічнай смерці. Сцэна за сцэнай перад гледачом пачынае вымалёўвацца складаная выява анатоміі гэтага падзення.

Хоць фільм і прымае форму судовай драмы, у большай ступені гэта гісторыя пра крызіс сямейных адносін. У гэтым плане ён куды бліжэйшы да такіх стужак, як «Сцэны з сямейнага жыцця», «Крамер супраць Крамера» або нядаўняя «Гісторыя шлюбу». Нерв гісторыі не столькі ў расследаванні забойства, колькі ў выяўленні прычын смерці сям’і. Аб’ектыўнасць у форме шматлікіх фактаў і доказаў застаецца бездапаможнай і паступова саступае месца пачуццям, уражанням і пунктам гледжання. А калі лёс працэсу трапляе ў рукі малалетняга і да таго ж сімвалічна паўаслеплага сына, яму нічога не застаецца, як пакласціся на сваё сэрца. Не будзе і яснай разгадкі, а вердыкт суда пакіне сумневы. Ды і ці ёсць месца аб’ектыўнасці ў справе, так глыбока асабістай для ўдзельнікаў працэсу?

Фільм не гаворыць новага слова ў кінематографе, як можна чакаць ад пераможцы Канаў. Яго візуальная і драматычная мова даволі класічная і быццам наўмысна стрыманая і халодная. Тым не менш, вартым яго робіць майстэрства аўтараў, выяўленае ў моцным сцэнарыі, праўдзівым псіхалагізме і ажыўленае добрай акцёрскай ігрой. Адметнай рысай гэтага майстэрства асабіста для мяне стала тое, што я некалькі разоў за фільм сур’ёзна мяняў свае адносіны да персанажаў. Дэталёва выбудаваць вобраз героя, а затым праз невялікія штрышкі і дэталі развярнуць уражанне амаль на супрацьлеглае – гэта дарагога варта!

Стах Лысы