[1]Фестываль Gloria in excelsis Deo — «Хвала на вышынях Богу» — гэта маштабнае мерапрыемства, у гасцінным беларускай мястэчку, дзе ў міры і згодзе жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў, ён па праве лічыцца адной з яскравых рэлігійных падзей жыцця Касцёла на Беларусі.
У дваццаць трэці раз выбітная падзея збярэ дзецей і моладзь Іўеўшчыны, каб у атмасферы братэрства з вялікай радасцю і энтузіязмам яны маглі падзяліцца сваімі талентамі і праславіць Хрыста.
Прайшоўшы шлях ад сціплага парафіяльнага свята да прадстаўнічага фестывалю, мерапрыемства штогод збірае ўдзельнікаў рознага ўзросту, якія не толькі выконваюць калядныя песні, але таксама чытаюць вершы, танчаць і паказваюць калядныя сцэнкі.
Фестываль адбудзецца 25 студзеня і распачнецца святой Імшой у 11.30 у іўеўскім касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла.
А 14-й гадзіне адбудзецца святочны канцэрт у Цэнтры культуры і вольнага часу горада Іўя.
Арганізатары шчыра запрашаюць усіх ахвотных у Іўе на традыцыйны фестываль калядных песень
За час існавання фестывалю ў ім бралі ўдзел выканаўцы не толькі з Іўеўскай зямлі, але і прадстаўнікі розных мясцін Беларусі і нават з замежжа. У якасці ганаровых гасцей на фестывалі прысутнічалі каталіцкія іерархі Беларусі, Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і мясцовай улады, з якімі ў цеснай супольнай працы штогод ладзіцца фестываль.