- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Фестываль хрысціянскай музыкі прайшоў на Глыбоччыне

[1]14 жніўня пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле (Глыбоцкі дэканат) упершыню адбыўся фестываль хрысціянскай музыкі — SD FEST. Музычны фэст прайшоў у дзень успаміну св. Максіміліяна Марыі Кольбэ пад дэвізам «У любові няма страху».

У Удзела прыехала моладзь з Віцебска, Мінска, Брэста, Варапаева, Браслава, Полацка, Падсвілля. Арганізавала SD FEST моладзь з Глыбокага разам з кс. Яўгенам Шымановічам, пры дапамозе моладзі Удзелаўскай парафіі разам з а. Віктарам Мялешка OFMConv.

[2]

Фестываль распачаўся са святой Імшы, пасля якой было трохі вольнага часу, калі ўсе маглі наведаць розныя куткі нашага фестывалю. Каля духоўнай зоны прысутныя маглі паразважаць, што для кожнага значыць каханне. У “бары” частавалі смачнымі напоямі і слодычам. Гульнявая зона дапамагала завесці новыя знаёмствы.

Пасля быў квэст на знаёмства з тэрыторыяй і згуртаванне каманды. Затым пачаўся сам фестываль, на якім выступалі гурты Sperantes in Domino (Глыбокае), Ex anima (Браслаў), моладзь з Удзела і Варапаева, дуэт Laudans (Брэст).

[3]

Арцём Ткачук з Гродна правёў канферэнцыю “Паступіць, зрабіць кар’еру і не згубіць веру”, дзе падзяліўся і сваім сведчаннем. Пасля канцэртнай праграмы распачаліся танцы і гульні. А завяршэннем вечара была адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта на свежым паветры, дзе моладзь разам праслаўляла Госпада.

[4]

Марыя і Дар’я Іваноўскія, тэкст;
Соф’я Марціновіч, Паліна Арэхво, фота;
кс. Алег Хмылко, відэа