[1]14 чэрвеня ў парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Віцебску вернікі, нягледзячы на нязручнасці, звязаныя з перабудовай касцёла, у часовай капліцы ўрачыста адсвяткавалі ўспамін свайго святога.
Святую Імшу цэлебравалі айцец Сяргей Мацюшонак OFM Cap, запрошаны госць парафіі разам з пробашчам кс. Вячаславам Барком і вікарыем а. Станіславам Памыкалам SJ.
У сваёй гаміліі а. Сяргей нагадаў пра жыццёвы шлях святога Антонія Падуанскага, які стаў простым і папулярным у народзе, красамоўным прапаведнікам Слова Хрыстова. Айцец-капуцын Сяргей заахвоціў кожнага браць прыклад з жыцця святога.
Пробашч парафіі кс. Вячаслаў Барок таксама заклікаў вернікаў маліцца за аднаўленне касцёла св. Антонія на Рынкавай плошчы у гістарычным цэнтры Віцебска, які быў разбураны ў сярэдзіне ХХ ст.
Падчас Імшы адбылося адбылося асвячэнне “хлябоў св. Антонія”.
Пасля Літургіі адбыўся вясёлы конкурс на лепшы “хлеб св. Антонія”, спечаны вернікамі. Затым адбылася святочная праграма, прысвечаная жыццядзейнасці святога.
Ігар Красоўскі, тэкст і фота