- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Езус ідзе з вамі”: у Гродне стартавалі Агульнабеларускія дні моладзі

[1]20 чэрвеня ў парафіi Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне пачаліся Агульнабеларускія дні моладзі. Дэвіз форуму – “Мы – пілігрымы надзеі”, ён сугучны з дэвізам Юбілейнага 2025 года – “Пілігрымы надзеі”.

На сустрэчу прыбыло каля 600 маладых людзей з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі, большая частка з Гродзенскай.

Ад імя ўсёй супольнасці мясцовага Касцёла ўдзельнікаў прывітаў у парафіяльнай святыні біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, старшыня Камісіі па справах моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ён сказаў, што вельмі крануты прысутнасцю маладых людзей з розных куткоў краіны.

[2]

“Кожны і кожная з вас – знак таго, што Касцёл жыве, што ён у дарозе, што ён шукае, давярае і… любіць”, – дадаў іерарх.

Біскуп нагадаў пра дэвіз Юбілейнага года, прапанаваны спачылым Папам Францішкам, і адзначыў: “Менавіта ў гэтым духу мы тут збіраемся. Не як турысты, не як выпадковая група людзей, а як пілігрымы – значыць тыя, хто ідзе разам і ведае, куды ідзе”.

Іерарх падкрэсліў: “Маладосць – час не застою, а дарогі, не пасіўнае чаканне, а актыўны пошук. І гэтая дарога мае імя: Езус, які сёння нас запрасіў у Гродна”.

Па словах біскупа, Папа Францішак неаднойчы нагадваў моладзі, што яна не будучыня Касцёла, а сучаснасць, “заклікаў мець адвагу марыць, любіць, ісці супраць плыні, адважна шукаючы Бога і сэнс жыцця”.

[3]

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што гэтае мерапрыемства трэба разумець як запрашэнне да сустрэчы з Богам, бліжнім і самім сабой: “Мы прыехалі сюды не толькі дзеля праграмы, забаваў ці супольнага спеву. Мы прыехалі, каб пачуць голас Бога, які кажа кожнаму з нас: “Ты – Маё дзіця. Я люблю цябе. Ідзі і скажы аб гэтай праўдзе кожнаму, каго спаткаеш на сваім шляху!”

Біскуп заахвоціў “радавацца ўдзелу” ў гэтай сустрэчы і “адкрыцца адзін на аднаго”. “Прашу вас, маладыя пілігрымы надзеі: не бойцеся быць сабой! Не бойцеся пытацца, шукаць, сумнявацца – а таксама не бойцеся верыць! Не бойцеся Езуса! Ён ідзе з вамі!” – сказаў іерарх і пажадаў, каб Дні моладзі сталі для прысутных “часам ласкі, крыніцай новай адвагі і новай надзеі”.

[4]

Для ўдзельнікаў падрыхтавана насычаная праграма. Цэнтральнай падзеяй кожнага дня будзе святая Імша, якую будуць цэлебраваць беларускія біскупы.

Таксама запланаваны адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, канцэрты праслаўлення, сведчанні, катэхезы, якія будуць праводзіць святары і законныя сёстры ў дзевяці тэматычных групах, прэзентацыя моладзі ўсіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі і Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў, размова з біскупамі.

Сустрэча скончыцца ў нядзелю 22 чэрвеня ўрачыстай Імшой, пасля якой адбудуцца сімвалічны “пераход праз браму надзеі” i рассыланне моладзі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі [5]