14 верасня Папа Леў XIV адзначае 71-ы Дзень нараджэння. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі накіраваў Пантыфіку віншаванне ад імя беларускіх каталіцкіх біскупаў і вернікаў.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, выказаў Льву XIV удзячнасць за яго апостальскае служэнне. У віншаванні ён адзначыў увагу Пантыфіка да Беларусі і падзякаваў за яго стаўленне да краіны.
«Мы з удзячнасцю захоўваем у памяці тую ўвагу, якую Вы праявілі да нашай зямлі», — напісаў арцыбіскуп. Сярод знакаў гэтай увагі ён назваў накіраванне кардынала Клаўдыё Гуджэроці ў Беларусь у якасці спецыяльнага папскага пасланніка, а таксама добразычлівасць падчас нядаўняга візіту беларускіх біскупаў, калі яны ўручылі Пантыфіку абраз Маці Божай Будслаўскай і аднавілі запрашэнне наведаць Беларусь.
Арцыбіскуп Станеўскі запэўніў Папу Льва XIV у малітвах беларускіх католікаў. Ён папрасіў Бога благаславіць Пантыфіка і яго служэнне, а таксама адарыць яго «здароўем і сіламі», каб Касцёл мог працягваць свой «пілігрымскі шлях надзеі з адноўленай руплівасцю».
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя [2] Vatican News
