Дзяржсакратар Папы даў інтэрв’ю пасля візіту ў Беларусь

IMG_8143Кардынал П’етра Паралін 15 сакавіка 2015 года даў інтэрв’ю каталіцкім СМІ, у якім падвёў вынікі свайго візіту ў Беларусь. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы падзяліўся з “Каталіцкім Веснікам”, інтэрнэт-парталам Сatholic.by і Ватыканскім радыё сваімі ўражаннямі ад шматлікіх сустрэч на высокім дзяржаўным і касцельным узроўнях, выказаўся наконт патрэбы і магчымасці стварэння новых дыяцэзій у Беларусі, распавёў пра погляд Святога Пасаду на кантакты з Маскоўскім Патрыярхатам, скіраваў адмысловае пасланне да беларускага каталіцкага духавенства.

 Catholic.by:

– Які вобраз беларуса Вы павезяце ў Рым?

– Я павязу ў Рым, перш за ўсё, вобраз тых сустрэч, якія я меў з хрысціянскай супольнасцю. Гэта мяне найглыбей уразіла. Яны былі не ў першай частцы майго візіту, а ў апошняй, але я быў па-сапраўднаму ўражаны і ўзрушаны ўдзелам людзей у набажэнствах, як учора вечарам, так і сёння раніцай. Такім чынам, я забяру з сабой вобраз народа з вельмі моцнай, глыбокай, укаранёнай верай. Усё гэта было карысна таксама і для мяне, таму што, безумоўна, падчас сустрэч мы штосьці даём, але таксама і атрымліваем. Я б сказаў, што з гэтага пункту гледжання, я атрымаў нашмат больш, чым даў.

«Каталіцкі Веснік»:

– Пасля Вашай сустрэчы з Мітрапалітам Паўлам ён сказаў, што ў адносінах з Касцёлам Праваслаўная Царква не кажа пра экуменізм і экуменічнае збліжэнне. Што наконт Касцёла? Якое паняцце сёння Касцёл укладае ў слова “экуменізм”?

– Для Каталіцкага Касцёла, я думаю, значэнне экуменічнага руху вельмі яснае. Яно адпавядае гарачаму жаданню, выказанаму Езусам падчас Апошняй Вячэры: “Каб усе былі адно”. Такім чынам, гаворка ідзе пра пошук адзінства паміж хрысціянамі, пра ўсе ініцыятывы, прапановы і дзейнасць на розных узроўнях, якія павінны весці да гэтага адзінства. Мне здаецца, што Каталіцкі Касцёл з часоў ІІ Ватыканскага Сабора (канешне, падчас яго Касцёл сабраў плёны руху, які пачаўся нашмат раней) рашуча крочыць па гэтым шляху.

Касцёл ведае, што гэты шлях нялёгкі, ведае, што існуе шмат цяжкасцяў, якія ўжо паступова праявіліся на гэтым шляху, але ён працягвае вельмі ясна і канкрэтна дзейнічаць на гэтым узроўні. Гаворка ідзе пра тое, каб рабіць усё магчымае, згодна з Божай воляй, каб дасягнуць бачнага адзінства. Я думаю, што таксама і Папа Францішак выказаў гэта вельмі ясна, яшчэ на пачатку свайго пантыфікату.

Сёння, мне здаецца, патрэба ў пошуку адзінства з’яўляецца абавязкам, яна ўзрасла, і яе ўзмацняе неабходнасць супольнага сведчання аб Евангеллі Пана. Калі мы не будзем паяднанымі, наша сведчанне будзе мець, безумоўна, меншую сілу, будзе менш уплывовым таксама для грамадства і сучаснага свету. У большай ступені гэты шлях выкліканы менавіта неабходнасцю быць сведкамі Пана, Яго Евангелля ў існуючай рэальнасці.

Ватыканскае радыё:

– Некаторыя назіральнікі сцвярджаюць, што Апостальская Сталіца ўдзяляе вялікую ўвагу захаванню добрых адносін з Маскоўскім Патрыярхатам часам за кошт мясцовых каталіцкіх супольнасцяў у краінах з праваслаўнай большасцю. Ці праўда гэта?

– Адказваючы проста, я скажу – не! Гэта абсалютна не так! Апостальская Сталіца бароніць і падтрымлівае мясцовыя каталіцкія супольнасці. Мы з’яўляемся часткай аднаго Касцёла. Хіба мы як Апостальская Сталіца можам не быць зацікаўленымі ў іх? Я думаю, што былі і існуюць шматлікія, вельмі ясныя пацвярджэнні, знакі гэтага жадання Апостальскай Сталіцы быць побач з імі. Заданне Апостальскай Сталіцы заключаецца ў тым, каб умацоўваць мясцовыя супольнасці, дапамагаць ім. Улічваючы пры гэтым і іншую патрэбу, пра якую ўзгадвалася толькі што.

Такім чынам, шукаецца раўнавага, што часам можа быць складана, і я гэта прызнаю. Не заўсёды проста крочыць у гэтым напрамку. Але мы імкнёмся з добрай воляй, з вялікімі намаганнямі ўлічваць гэтыя абедзве патрэбы, якія мне здаюцца фундаментальнымі, пра адну з якіх не можна забыцца за кошт другой: рашучую і сур’ёзную падтрымку мясцовых супольнасцяў і адначасова экуменічную дзейнасць, у дадзеным выпадку – у адносінах да Маскоўскага Патрыярхату.

Catholic.by:

– Ваша Эмінэнцыя, падчас зваротаў да моладзі і ў гаміліях да дзяцей і да ўсіх беларусаў Вы часта звярталіся да беларускай паэзіі. За гэта вам вялікі дзякуй! Але калі б, скажам, Вы былі пісьменнікам і складалі маленькую кнігу пра тое, як з’ездзілі ў Беларусь, то што з гэтай паездкі стала б кульмінацыйным момантам?

– Мама мія!! Я не пісьменнік! Мяне вельмі ўразілі гэтыя паэты! Сапраўды! Я штосьці прачытаў, каб падрыхтавацца да гэтага падарожжа і застаўся ўражаны іх словамі, якія былі таксама трапнымі для гаміліі і вельмі адпавядалі думкам, каторыя я хацеў выказаць, хацеў адлюстраваць. Я думаю, што ваша краіна цудоўная! Мяне больш за ўсё ўразіла, што тут ёсць вельмі прыгожая прырода, вельмі чыстая – гэтыя лясы і азёры! Калі пагрузіцца ў такую рэальнасць, тут сапраўды можна адшукаць Бога і атрымаць дапамогу, разважаючы пра фундаментальныя каштоўнасці жыцця.

Што ж датычыцца народа, то мяне вельмі ўразіла яго цярплівасць: цярплівасць народа, які шмат пакутаваў на працягу гісторыі, але які здолеў па-сапраўднаму з годнасцю вынесці драматычныя і балючыя моманты. Учора вечарам я сустрэў у Апостальскай нунцыятуры некалькіх сведкаў перыяду вайны, усяго таго, што здарылася падчас нацысцкай акупацыі, а таксама і наступнага перыяду камунізму і цяжкасцяў, звязаных з жыццём верай. Перад гэтымі сведчаннямі акунаешся ў маўчанне, поўнае захаплення і ўдзячнасці Богу за тое, што Ён даў гэтыя прыклады. Такім чынам, я думаю, што гэтыя пакуты прынясуць шмат плёнаў, таму што, як кажа св. Тэрэза, якую я ўжо цытаваў з іншых нагодаў, “з цярпеннем можна дасягнуць усяго”. Праз пакуты можна атрымаць усё, чаго мы шукаем.

IMG_8149_1

«Каталіцкі Веснік»:

— Калі Вы прыляцелі ў Беларусь, Вас віталі хлебам і соллю і падчас св. Імшы прыносілі хлеб. Хлеб у Беларусі сімвалізуе цяжкую працу. У сувязі з гэтым хочацца спытацца, што б Вы хацелі сказаць моладзі, якая працуе, якая шукае працу і людзям, ад якіх залежыць добрае развіццё рынку працы ў Беларусі – нашым уладам?

– Я ведаю, наколькі мне казалі, што тут адзін з першых клопатаў, у тым ліку для ўладаў, гарантаваць занятасць усяму насельніцтву, і што паказчык беспрацоўя тут вельмі нізкі. Гэта, на мой погляд, цудоўны знак, асабліва ў кантэксце міжнароднай і еўрапейскай панарамы, дзе беспрацоўе становіцца адной з самых галоўных праблем, у першую чаргу, сярод моладзі. Я не маю зараз тут працэнтных паказчыкаў, але існуюць сітуацыі па-сапраўднаму цяжкія і па-сапраўднаму драматычныя. У гэтым сэнсе я думаю і дазволю сабе сказаць, што Беларусь можа стаць таксама прыкладам увагі да таго, што павінна быць адным з прыярытэтаў.

Я памятаю, як у адным мястэчку ў Умбрыі, калі я ўдзельнічаў у адной з працэсій у гонар св. Ганны, спяваўся гімн, падобны да таго, які спявалі вы пасля св. Імшы (рэд.: у Мінску спявалі гімн “Магутны Божа”). У ім прасілі ў Пана, праз заступніцтва св. Ганны, толькі аб дзвюх рэчах: аб веры і працы. Таму што без працы няма годнасці, без працы няма магчымасці ўтрымліваць самога сябе, уласную сям’ю, а таксама развівацца і развіваць сябе як асобу. Без працы няма будучыні для моладзі. Я думаю, што магу пажадаць, каб захоўвалася гэтая ўвага, каб праца была па-сапраўднаму цэнтральным клопатам палітыкі дзяржавы.

Ватыканскае радыё:

– Ваша Эмінэнцыя, ці магчыма і пры якіх умовах стварэнне новых каталіцкіх дыяцэзій у Беларусі?

– Я думаю, што гэта ўмовы, якія патрабуюцца пры стварэнні любой іншай дыяцэзіі. Гэта значыць, каб тэрытарыяльная адзінка мела структуры, персанал і каб з эканамічнага пункту гледжання яна магла б існаваць аўтаномна ад той дыяцэзіі, ад якой яна будзе аддзелена. Гэта ўмовы, якія прымяняюцца ва ўсім свеце. Яны могуць быць прыменены таксама і тут, у Беларусі. Цяпер нунцыятура, разам з епіскапатам, будзе сачыць за гэтым працэсам і паступова можа саспець рашэнне аб стварэнні новых дыяцэзій.

Ватыканскае радыё:

– На думку Апостальскай Сталіцы, ці існуе неабходнасць стварэння новых каталіцкіх дыяцэзій у Беларусі?

– Я не думаю, што існуе тэрміновая патрэба ў новых дыяцэзіях. Я бачыў, што тут ёсць дыяцэзіі, якія тэрытарыяльна займаюць плошчу некалькіх рэгіёнаў. Калісьці яны існавалі, напрыклад, Магілёўская. Я думаю, што цяпер няма тэрміновай патрэбы ў гэтым. Але, канешне, працэс ідзе ў такім напрамку. Апостальская Сталіца будзе сачыць за гэтым працэсам і потым прыме рашэнне.

Апостальскі нунцый мне казаў, што прызначэнне новых біскупаў – трох новых біскупаў – гэта таксама крок у тым жа напрамку. Таму працэс ідзе ў гэтым кірунку. Канчатковае рашэнне будзе прынята, калі сыдуцца разам усе ўмовы.

Ватыканскае радыё:

– Ваша Эмінэнцыя, як католік вы ведаеце, наколькі радасна маліцца разам з кіраўніком Паўсюднага Касцёла – з Папам. Вы маеце гэту магчымасць падчас папскіх цэлебрацый. Сотні тысяч беларускіх католікаў мараць аб тым, каб Папа наведаў іх краіну. Што, акрамя малітвы, яны могуць зрабіць, каб гэта мара стала рэальнасцю?

– Яны ўжо зрабілі шмат у гэтыя дні! У тым, што будзе малітва, я не сумняваўся! Але, канешне, яны прадэманстравалі праз арцыбіскупа Кандрусевіча і іншых пастыраў гэтае моцнае жаданне бачыць Папу на беларускай зямлі. Гэта прадэманстравала моладзь учора вечарам, гэта прадэманстравалі дзеці – гэтага ўжо шмат! Vox populi – vox Dei!

Безумоўна, як я ўжо казаў падчас св. Імшы, маім заданнем будзе перадаць Папу гэту настойлівую просьбу супольнасці вернікаў, выказаную розным чынам, да якой далучаецца таксама жаданне ўладаў. Спадзяёмся, што хутка ўзнікнуць умовы для таго, каб Папа мог прыехаць. Я пажадаў бы працягваць маліцца, а са свайго боку я прыкладу намаганні, каб як мага дакладней пераказаць Папу гэтае жаданне, гэту настойлівую і гарачую просьбу, якую я прыняў апошнімі днямі.

Ватыканскае радыё:

– Ваша Эмінэнцыя, падчас гэтага візіту былі сустрэчы рознага кшталту – з епіскапатам, моладдзю, дзецьмі. Некаторыя святары пыталіся: чаму не было сустрэчы з духавенствам і законнікамі? Магчыма, праз нас Вы б хацелі скіраваць сваё пасланне да нашых беларускіх святароў?

– Так! З радасцю! Праблема заключалася ў тым, што было мала дзён: я павінен быў запланаваць больш доўгі візіт! Дні выдаліся вельмі насычанымі, і практычна ўвесь час быў заняты. У такой сітуацыі вельмі складана сустрэцца з усімі, але, як я казаў на заканчэнне св. Імшы, я б хацеў, каб усе адчулі сябе заўважанымі і адведанымі. Намер быў такі! Нават калі рэальным чынам зрабіць гэта было немагчыма.

Беларускім святарам я хачу скіраваць вялікае прывітанне – прывітанне сардэчнае і братэрскае, і сказаць ім, што мы блізка, што мы іх падтрымліваем, суправаджаем у іх служэнні, якое часта нялёгкае па прычыне пэўных жыццёвых умоваў, у якіх яны знаходзяцца. Хачу, каб яны ведалі, што Папа іх захоўвае ў сваім сэрцы і заахвочвае іх быць вернымі і радаснымі, каб былі святарамі, здольнымі распаўсюджваць Евангелле ў тым ліку і сваёй радасцю, пачуццём удзячнасці Пану, Які іх паклікаў, каб ведалі, што мы падтрымліваем іх у цяжкасцях, молімся за іх і просім іх аб малітве.

 Дзякуй, Ваша Эмінэнцыя!

Размаўлялі: Аксана Ючкавіч, кс. Віктар Місевіч, кс. Аляксандр Амяльчэня
Фота кс. Віктара Місевіча

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі