- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Дзьмухавец, казялец, падтыннік, скрыпень: беларускія назвы некаторых кветак і раслін

[1]У папярэднім выпуску нашай моўнай старонкі мы гаварылі пра беларускія назвы некаторых ягад, пра граматычныя адметнасці, што неабходна браць пад увагу, каб захаваць правільнасць выкарыстання згаданай групы лексікі. Тады падрыхтаваць адмысловы матэрыял на гэтую тэму прасіла чытачка “Каталіцкага Весніка” спадарыня Галіна С. з Лепельшчыны.

Дык вось аўтар таго артыкула зноў атрымаў прапанову ад сп-ні Галіны. Тым разам нашая чытачка звяртае ўвагу, што цікава было б разгледзець на старонках газеты і беларускія назвы кветак, пэўных куставых раслін, найперш тых, якія ў моўнай плыні ўжываюцца найчасцей. Гэтая ідэя падалася нам таксама дастаткова актуальнай, таму паспрабуем падаць беларускія назвы некаторых кветак і раслін, пазначым неабходныя граматычныя рысы. І таксама праілюструем іх выкарыстанне адпаведным мікракантэкстам з мастацкай літаратуры.

Аер (толькі адз. лік) – рус. аир: Хлеб чорны, хлеб жытні, – / Мацунак здаровы, / Ты пахнеш аерам / І лістам кляновым. Пятрусь Броўка.

Аксаміткі (толькі множны лік) – рус. бархатцы: На лузе было хораша: цешылі вока сінія валошкі і жоўтыя аксаміткі. Іван Муравейка.

Бэз (толькі адз. лік) – рус. сирень: Расцвіў перад акном духмяны белы бэз. Янка Брыль.

Васілёк – васількі, валошка – валошкі – рус. василёк: Усё наваколле патанала ў блакітным моры васількоў. Васіль Каваль; З густога лесу жыта вытыркалі ўперад сінія галоўкі цыбатыя валошкі. Цішка Гартны.

Верас верасы – рус. вереск: Звініць наліўная пагода, / Цвітуць верасы ў бары. Пімен Панчанка. Заўважым, што менавіта гэтая кустовая расліна дала назву знакамітаму беларускаму вакальна-інструментальнаму ансамблю “Верасы”, а таксама дзявятаму месяцу года – верасню.

Вяргіня вяргіні – рус. георгин: У кветніку ля самай хаты раслі рознакаляровыя вяргіні і чырвоныя ружы. Васіль Каваль.

Гарлачык гарлачыкі – рус. кувшинка: Лена апусціла руку ў ваду, сарвала вялікую белую кветку гарлачыка. Мікола Ваданосаў.

Гваздзік гваздзікі – рус. гвоздика: Скрозь зелянелі садкі і агародчыкі з ярка-чырвонымі ружамі і пахучымі гваздзікамі. Аляксей Якімовіч.

Дзьмухавецдзьмухаўцы – рус. одуванчик: На цёмнай ужо, сакавітай траве абочын камячкамі кволага пуху стаіць дзьмухавец. Янка Брыль.

Званочкі (толькі множны лік) – рус. колокольчик: Пагойдваліся на тонкіх ножках густа-блакітныя бутоны званочкаў. Алесь Асіпенка.

Казялец казяльцы – рус. лютик: Па дарозе кідаліся ў вочы сваёй нязвыклай прыгажосцю рамонкі і казяльцы. Тарас Хадкевіч.

Лілея лілеі – рус. лилия: На воднай роўнядзі ляніва красаваліся дзве невялікія лілеі, далей пачынаўся чарот. Аляксей Якімовіч.

Падтыннік (толькі адз. лік) – рус. чистотел: Жоўты падтыннік сваімі парасонамі пакрыў, здавалася, увесь луг. Васіль Каваль.

Пралеска пралескі – рус. подснежник: Красавік – / Гэта першыя краскі вясны. / Некранутая сінь / Танканогай пралескі. Алесь Звонак.

Рамонакрамонкі – рус. ромашка: А на зямлі, сярод рамонку і палыну, блішчэлі дзве калісьці ўтаптаныя, як ток, лапіны. Іван Мележ.

Ружа ружы – рус. роза: Па сваёй каханай сумаваў я дужа, / Наламаў букет ёй / Самых яркіх ружаў. Юрась Свірка.

Скрыпень (толькі адз. лік) – рус. иван-чай: Вецер развіваў пурпурова-ружовыя мяцёлкі скрыпню, разгойдваў даспелую ўжо канюшыну. Аляксей Якімовіч.

Стакроткастакроткі – рус. маргаритка: Няма яшчэ Стакроткі, Чабору і Шыпшыны, / Але наш час кароткі, / Пачаць без іх павінны. Уладзімір Дубоўка.

Чабор (толькі адз. лік) – рус. чебрец: Вам кожны ўзгорак адклікнецца песняю, / Запахне ружовы духмяны чабор. Валянцін Тарас.

Чарот – чараты – рус. камыш: Выбліснула сонца з чароту, што густой шумлівай паласой узнімаўся па той бок ракі. Аляксей Кулакоўскі.

Шыпшына (толькі адз.) – рус. шиповник: Паўз дарогу раз-пораз мільгалі дрэвы, адзінокія кусты дзікай шыпшыны, усыпанай пяшчотнымі ружовымі кветкамі. Усевалад Краўчанка.

Язмін (толькі адз. лік) – рус. жасмин: Зноў пахне ў руках тваіх язмін – / Майго юнацтва весняга ўспамін. Алег Лойка.

Як бачна, некаторыя беларускія назвы маюць толькі форму адзіночнага ліку (аер, бэз, падтыннік, скрыпень, чабор, шыпшына, язмін) або толькі множнага (аксаміткі, званочкі). Іншыя ж могуць выкарыстоўвацца і ў адзіночным, і ў множным ліку.

Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны для ўсіх, хто цікавіцца нашай мовай, імкнецца пашырыць свой лексічны запас і дбае пра ўласную культуру маўлення.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук