- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Джон Прэвост пра свайго брата, Папу: ён не баіцца казаць тое, што трэба

[1]«Менавіта нашы бацькі былі крыніцай нашай веры», — кажа Джон Прэвост, успамінаючы іх дзяцінства ў Чыкага, калі фарміраваўся іх характар. Ён падкрэслівае, што бацькі вучылі іх на ўласным прыкладзе, штодня молячыся на ружанцы, але ніколі не прымушалі да гэтага сваіх сыноў. Ён прызнаецца, што яго малодшы брат, цвёрда перакананы ў сваім выбары святарства, быў для яго своеасаблівым «акном у іншы свет».

Нягледзячы на ​​тое, што яго брат Роберт цяпер Папа, Джон Прэвост застаецца з ім у вельмі блізкіх адносінах і ў інтэрв’ю французскаму штотыднёвіку «Famille Chrétienne» раскрывае некалькі малавядомых падрабязнасцей.

— Як вы спраўляецеся з разлукай з братам пасля яго абрання пераемнікам Пятра?

— Мы ўсё яшчэ размаўляем адзін з адным кожны дзень! Я чакаю яго званка, які ніколі не адбываецца ў нейкі пэўны час. Самае складанае для мяне — фізічная разлука. Каб убачыць яго асабіста, я павінен паехаць… у Ватыкан!» Раней нам заўсёды ўдавалася сустракацца ў Чыкага, нават калі ён быў місіянерам ці біскупам у Перу. Тое ж самае было, калі ён быў настаяцелем аўгустынаў — ён заўсёды знаходзіў спосаб застацца дома.

— Пра што вы размаўляеце адзін з адным кожны дзень?

— Калі мы размаўляем па тэлефоне, мы гуляем у Words with Friends! [гульня ў словы для двух гульцоў, падобная да «Скрэбл», заўв. рэд]. Гэта анлайн-гульня, якая трэніруе памяць. Я часта яго перамагаю! Падчас гульні я пытаюся ў яго: «З кім ты сёння сустракаўся?»; «Што ты еў?»

— Як вы ўспрынялі апошні абмен яго меркаваннем з Дональдам Трампам?

— Мой брат не палітык, а пастар. Ён не спрабуе заваяваць папулярнасць з дапамогай тых ці іншых выказванняў. Усім вядома, што Папа ніколі не спрабаваў адказаць наўпрост прэзідэнту Трампу. Я яго ведаю: ён сапраўды не з тых, хто займаецца асабістымі нападкамі. Ён сам тлумачыў у Афрыцы, што яго прамовы былі падрыхтаваны загадзя і не маглі быць зразуметыя як прамыя адказы на словы амерыканскага прэзідэнта.

— Ці здольны ваш брат, нягледзячы на ​​свой мірны характар, на моцныя словы?

— Адзінае, што яго цікавіць, гэта абвяшчэнне каштоўнасцяў Евангелля. Пры гэтым ён ніколі не баіцца казаць тое, што трэба, нават калі гэта можа кагосьці знерваваць. Ён заўсёды ведае, як казаць праўду, калі гэта неабходна. У ім ёсць нешта ад прарока, што свет зараз адкрывае. На пачатку свайго пантыфікату ён некаторы час назіраў. Цяпер мы бачым, як ён паступова развівае пэўныя ключавыя ідэі. Мы не будзем расчараваныя, бо ў яго мноства ідэй!

— Як выглядала ваша нядзеля ў Долтане ў 1960-х гадах?

— Мы хадзілі ў касцёл усёй сям’ёй і апраналі нядзельную вопратку. Нам не трэба было насіць гальштукі, бо мы насілі іх у школу разам з нашай формай.

— Ці быў дом для вас вашым хатнім касцёлам?

— Так. Нашы бацькі былі крыніцай нашай веры. Для нас усё пачыналася дома. Тата і мама не выказвалі вялікіх тэорый. Яны былі вельмі паслядоўнымі ў сваім жыцці і ведалі, як нас выхоўваць. Мы маліліся перад ежай. Кожны вечар мае бацькі разам маліліся на ружанцы. Мы часта далучаліся да іх, але заўсёды па ўласнай волі.

— Ці паўплывала палітычнае жыццё ў Амерыцы на ваша дзяцінства?

— Я вельмі добра памятаю пахавальную Імшу прэзідэнта Кенэдзі [у 1963 годзе Роберту было 8 гадоў, Джону 9, рэд.]. Усе каталіцкія школы былі зачыненыя. Я ўсё яшчэ бачу сябе з двума маімі братамі, якія сядзяць перад каляровым тэлевізарам у гасцінай.

— А вайна ў В’етнаме, якая ў той час палярызавала амерыканскае грамадства?

— Вайна ў В’етнаме? Нам было цяжка зразумець, што адбывалася. Я памятаю Нацыянальны з’езд Дэмакратычнай партыі ў Чыкага ў 1968 годзе. Гэта прывяло да сур’ёзных актаў гвалту, і гэта ўразіла нас. Мы яшчэ не маглі зразумець сэнс гэтай трагедыі.

— Вы вельмі падкрэсліваеце «дзеянне Духа» ў разуменні незвычайнага шляху Папы. Чаму?

— Шчыра кажучы, я заўсёды адчуваў нешта звышнатуральнае ў ім ці вакол яго. Своеасаблівае акно ў іншы свет. Як чалавек можа ў такім маладым узросце ведаць, што стане святаром? Я не ведаю, як у ім узнікла гэтая ўпэўненасць, але ён заўсёды адчуваў пакліканне. Заклік звыш, на які ён заўсёды адказваў. На працягу ўсяго свайго жыцця ён казаў Богу «так». Для мяне няма сумненняў, што таямнічая сіла падштурхоўвае яго працягваць.

— Якая, на ваш погляд, галоўная рыса характару вашага брата?

— Гэта чалавек, які ўмее слухаць. Перш чым прыняць рашэнне, ён звычайна доўга слухае. Ён не імправізуе, абапіраючыся на ўласныя пачуцці, а спрабуе зразумець патрэбы свайго суразмоўцы. Гэта патрабуе вельмі адкрытага і ўважлівага розуму. Але калі ён адказвае, яго словы ніколі не бываюць няўпэўненымі або недакладнымі.

— Як вы думаеце, ці зможа Папа Леў хутка вярнуцца ў Чыкага?

— Я лічу, што паездка ў Злучаныя Штаты сапраўды важная для яго. Вядома, я не ведаю даты і месца… Чыкага, чаму б і не?! Але наш прыход Святога Юды ў Нью-Леноксе будзе занадта малы, каб прыняць яго! (Смяецца)

ekai.pl [2]
Пераклад Марыны Ткач