[1] З 14 па 16 жніўня ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Лебедзеве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) прайшлі рэкалекцыі “Чытанне Бібліі і асабістыя сустрэчы з жывым Езусам праз Слова”, якія арганізавала гродзенская супольнасць “Мужчыны св. Юзафа”.
Правёў духоўныя практыкаванні кс. Артур Ляшнеўскі SDB. Святар адзначыў: “Для хрысціяніна Біблія – гэта не проста гістарычны помнік, а натхнёнае Богам Слова.
Святое Пісанне выступае галоўным духоўным арыенцірам, які раскрывае характар Пана і Яго намеры, а таксама з’яўляецца асновай для фарміравання веры, маральных каштоўнасцей і асабістых адносін з Творцам праз вучэнне Езуса Хрыста”.
На рэкалекцыях удзельнікі наблізіліся да святасці Пісання і паспрабавалі адкрыць яго як жывы інструмент зносін з Творцам.
Уражаннямі аб духоўных практыкаваннях падзяліўся Гайдэль Вячаслаў.
Я ўпершыню ўдзельнічаў у рэкалекцыях, на якіх былі толькі мужчыны, і гэты вопыт аказаўся вельмі плённым і пазітыўным.
Уяўляў, што вось я, просты чалавек, прыеду і ўбачу там такіх сур’ёзных, суровых, дасведчаных у веры мужчын, і будзем маліцца ды чуваць, як Езус у садзе Аліўным, пакуль у нас пот не пацячэ. І я сапраўды сустрэў дасведчаных у веры мужчын, якія адразу прынялі мяне як аднаго з іх, як сябра, нават як брата. Сустрэў светлых і адкрытых людзей, якія мяне разумеюць.
Ведаеце, калі пакутуеш ад нейкай хваробы, часам сустракаеш людзей, якія таксама хварэлі на гэта, і яны даюць добрыя парады, прапануюць схадзіць да вопытнага ўрача, купіць нейкае эфектыўнае лякарства, весьці здаровы лад жыцця і г. д. Тут было нешта падобнае, але замест урача – святар, замест лекаў – малітва і Святое Пісанне, замест здаровага ладу жыцця – жыццё з Богам. Час ляцеў незаўважна, і неўзабаве, паглядзеўшы на свой гадзіннік, я са здзіўленнем усвядоміў, што палова з гэтых амаль трох дзён ужо прайшла.
Кожны вечар мы збіраліся разам на вячэру, потым пілі каву ці гарбату і размаўлялі пра Біблію, пра Езуса Хрыста, пра нашу веру, дзяліліся рознымі цікавымі падзеямі. На працы, напрыклад, таксама ёсць з кім паразмаўляць і ёсць шмат добрых людзей, але не ведаю нікога, з кім мог бы абмеркаваць такія рэчы. Таму было вельмі прыемна бавіць час за гарбатай з братамі.
Хачу таксама падзякаваць кс. Артуру Ляшнеўскаму, які ўвесь час быў з намі, навучаў, тлумачыў Святое Пісанне, адказваў на нашы пытанні (часам наіўныя), але ніколі не крытыкаваў і нікому не адмовіў, да ўсіх адносіўся з павагай і нават правёў цікавую экскурсію ў сваім касцёле ў Жупранах. Дарэчы, вельмі раю наведаць жупранскі касцёл: там ёсць на што паглядзець.
Мяне вельмі турбавала асабістая начная адарацыя, але яна таксама прайшла вельмі плённа, у малітве. Нават не заўважыў, як праляцела гадзіна. Мне сярод пастаяннага шуму і мітусні сучаснага жыцця вельмі не хапае такіх гадзін цішыні, каб сустрэцца і паразмаўляць з Панам Езусам, сузіраць Яго, адкрыць Яму сваё сэрца.
Хачу таксама падзякаваць Аляксандру, які прывёз нам з Гродзенскага дыяцэзіяльнага выдавецтва сапраўдныя скарбы – каталіцкія кнігі. Насамрэч хацелася купіць усё, але набыў адну кнігу і малітоўнік для мужчын. Зараз з задавальненнем чытаю і малюся па іх, абавязкова пакіну водгук, калі скончу.
На завяршэнне хацеў бы заахвоціць мужчын удзельнічаць у рэкалекцыях, якія праводзіць душпастырства “Мужчыны св. Юзафа”. Там можна сустрэць сапраўдных братоў у Хрысце, якія падтрымаюць, зразумеюць і дапамогуць справіцца з жыццёвымі складанасцямі. За гэтыя тры дні душа сапраўды ўваскрасае. З Богам!

