[1]13 верасня Каталіцкі Касцёл успамінае св. Яна Златавуснага (Хрызастома), біскупа і доктара Касцёла. Мы падрыхтавалі для чытачоў “Каталіцкага Весніка” меркаванні святога Яна пра малітву, а таксама яго знакамітую няспынную малітву.
- Малітва – гэта лекі. Але калі мы не ведаем, як іх ужываць, мы не атрымаем ад іх карысці. І перш за ўсё варта ведаць, што для малітвы не патрабуецца пэўнага становішча цела, няма неабходнасці ў асаблівым месцы і часе, але патрэбныя толькі шчодры розум і ўвага. Апостал Павел (хоць быў у гэты час звязаны ў кайданы) ператрос вязніцу і прывёў яе ў рух, таму што памаліўся з жаданнем. Нам трэба навучыцца мець моцнае жаданне да малітвы. Мець жаданне быць у няспынным дыялогу з Госпадам – днём і ноччу.
- Мы павінны падыходзіць да Бога і гаварыць з Ім сам-насам. Таму што калі нам трэба сказаць нешта сур’ёзнае нашым сябрам, мы з імі сустракаемся асабіста і асабіста абмяркоўваем. Тым больш трэба, каб мы рабілі так у гутарцы з Богам, уваходзячы ў блізкасць адносінаў з Ім. І наша малітва абавязкова будзе пачутая, калі тое, пра што мы просім, будзе нам на карысць.
- Ты кажаш, што схіляеш калені, але думкі твае лунаюць па-за малітвай. Вусны гавораць малітву, а думкі падлічваюць даходы, сувязі, адносіны, маёмасць і г.д… Д’ябал, падступны, які ён і ёсць, выступае супраць нас. Ён ведае, што час малітвы вельмі для нас карысны. Так часта бывае, што калі мы кладзёмся спаць, у нас няма ніякіх думак. А прыходзім на малітву– і нам перашкаджаюць незлічоныя думкі, бо д’ябал аддаляе нас ад малітвы, каб не было нам карысці, таму што ён, безумоўна, ведае, што самая вялікая зброя – гэта малітва.
- Калі, любы дружа, ты бачыш, што думкі, якія аддаляюць ад Госпада, прыходзяць у гадзіну малітвы (і калі ты па-за домам, у дарозе), кажы бесперапынна: “Злітуйся нада мною”, не рухаючы вуснамі, але магутным крыкам розуму. Таму што і калі мы маўчым, Бог нас чуе. Месца не мае значэння, але нам важны спосаб. Ерамія быў у дрыгве – і звяртаўся да Бога. Ён сядзеў зверху на багне – і Госпад яго пачуў. Ён ва ўлонні кіта таксама быў пачуты Богам.
- І калі ты ў лазні – маліся, і калі ты ў дарозе, і калі ў ложку. Куды б ты ні пайшоў, маліся! Ты – храм Божы, не шукай асаблівага месца, бо патрэбна толькі твая прысутнасць і жаданне быць з Госпадам.
[2]
24 малітвы святога Яна Залатавуснага па колькасці гадзін дня і ночы
- Божа, не пазбаў мяне нябесных Тваіх дабротаў.
- Божа, збаў мяне ад вечных мукаў.
- Божа, розумам ці думкаю, словам ці ўчынкам зграшыў я, прабач мне.
- Божа, збаў мяне ад ўсякага няведання і забыцця, і маладушнасці, і скамянелае нячуласці.
- Божа, збаў мяне ад усялякай спакусы.
- Божа, прасвятлі маё сэрца, азмрочанае зманлівай пажадлівасцю.
- Божа, я, як чалавек, зграшыў, Ты ж, як Бог шчодры, змілуйся нада мною, бачачы немачы маёй душы.
- Божа, спашлі ласку Тваю ў дапамогу мне, каб я праславіў імя Тваё святое.
- Божа, Езу Хрыстэ, запішы мяне, слугу Твайго, у кнізе жыцця і даруй мне шчаслівую смерць.
- Божа мой, хоць я і нічога добрага не зрабіў перад Табою, але дай мне з ласкі Тваёй пакласці добры пачатак.
- Божа, абмый маё сэрца расою Тваёй ласкі.
- Божа неба і зямлі, успомні мяне грэшнага, нягоднага і нячыстага слугу Твайго ў Валадарстве тваім. Амэн.
- Божа, у пакаянні прымі мяне.
- Божа, не пакінь мяне.
- Божа, не дай мне ўвайсці ў спакусу.
- Божа, дай мне добрыя думкі.
- Божа, дай мне слёзы, і памяць пра смерць, і замілаванне.
- Божа, дай мне жаданне вызнаваць мае грахі.
- Божа, дай мне пакорлівасць, цнатлівасць і паслухмянасць.
- Божа, дай мне цярпенне, велікадушнасць і лагоднасць.
- Божа, пасадзі ўва мне корань дабра і боязь Божую у сэрца маё.
- Божа, навучы мяне любіць Цябе усёю душою маёю і розумам і выконваць ва ўсім волю Тваю.
- Божа, захавай мяне ад злых людзей, і ад дэманаў, і ад спакусаў, і ад усялякіх іншых нядобрых рэчаў.
- Божа, няхай будзе воля Твая ва ўсім, і ўва мне, грэшным, бо Ты благаславёны на векі. Амэн.
Падрыхтавала Вікторыя Колзун