- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Духоўныя парады аднаго з “найбольш прывабных святых”

[1]4 кастрычніка Каталіцкі Касцёл успамінае св. Францішка Асізскага, які жыў на мяжы XII – XIII стагоддзяў, а яго простыя і адначасова мудрыя парады застаюцца актуальнымі і сёння. Мы падрыхтавалі для чытачоў “Каталіцкага Весніка” некалькі духоўных парадаў ад аднаго з “найбольш прывабных святых”, які лічыцца папулярным не толькі сярод католікаў, а нават сярод атэістаў.

Пра чысціню сэрца

Бласлаўлёныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць (Мц 5,8). Сапраўды чыстыя сэрцам тыя, хто адмаўляе зямное, шукае нябеснага і няспынна моліцца і бачыць Госпада Бога жывога і праўдзівага чыстым сэрцам і душой.

Пра пакорнага слугу Божага

Шчаслівы той слуга (Мц. 24, 46), які не больш ганарыцца ад дабра, каторае Госпад робіць праз яго, чым калі кажа і робіць праз іншага. Грашыць чалавек, які аддае перавагу атрыманню большага ад бліжняга свайго, чым аддаванню ад сябе Госпаду Богу.

Няхай ніхто не спакушаецца злом, здзейсненым іншым

У слугі Божага нішто не павінна выклікаць агіды, акрамя граху. І калі хто-небудзь зробіць грэх, а слуга Божы бянтэжыцца і гневаецца, але не праз любоў да грэшнага, дык сам памнажае сабе грэх. Той слуга Божы, які не гневаецца і не бянтэжыцца праз чужы грэх, жыве без уласнага. І шчаслівы той, хто не пакідае сабе нічога, аддаючы цэзарава цэзару, а Божае Богу.

Пра спагаду да бліжняга

Бласлаўлёны той чалавек, які ў немачы падтрымлівае свайго бліжняга ў тым, у чым сам бы хацеў, каб той яго падтрымаў, апыніся ён у падобным няшчасці. Шчаслівы слуга, які аддае ўсё дабро Госпаду Богу, бо калі хто што-небудзь ўтрымаў сабе, схаваў у сябе срэбра Госпада Бога свайго (Мц. 25, 18), тое што ён думаў мець, адымецца ў яго (Лк. 8, 18).

Пра любоў

Кажа Госпад: “Любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас” (Мц 5, 44). Той сапраўды любіць свайго ворага, хто не пра ўчыненую ім крыўду ўспамінае і смуткуе, але ў любові да Бога смуткуе за грахі яго душы. І вырастае з яго пакутаў любоў.

Каб ніхто не прысвойваў сабе ўлады

“Я не для таго прыйшоў, каб Мне служылі, але каб паслужыць” ( Мц. 20, 28), кажа Госпад. Тыя, хто пастаўлены над іншымі, няхай столькі ж ганарацца гэтай уладай, колькі калі б былі прызначаныя на служэнне абмывання ног братоў. І калі больш бянтэжацца пра страту ўлады, чым пра страту абавязку мыць іншым ногі, тым больш набіваюць сабе грашовых скрыначак на пагібель душы (Ян. 12, 6).

[2]

Пра цнатлівасць, якая пазбягае заганы

Дзе любоў і мудрасць, там няма ні страху, ні невуцтва.

Дзе цярпенне і пакора, там няма ні гневу, ні збянтэжанасці.

Дзе беднасць з радасцю, там ні сквапнасці, ні скупасці.

Дзе спакой і разважанне, там ні смуты, ні трывогі.

Дзе страх Госпада ў таго, хто ахоўвае свой дом (Лк. 11,21), там вораг не зможа знайсці месца для нападу.

Дзе міласэрнасць і любоў, там няма месца ні фанабэрыі, ні чэрствасці.

Падрыхтавала Вікторыя Колзун