[1]Паводле даных газеты «La Croix», на Юбілей Моладзі ў Рым прыбудзе каля 25 тысяч французаў – гэта нашмат больш, чым з многіх “традыцыйна каталіцкіх” краін. З самога Парыжа чакаецца больш за 1 500 чалавек.
Пілігрымы з Францыі падрыхтавалі ўласны гімн «Пакаленне Юбілею» (Génération Jubilé) і тэатральную пастаноўку «Перад крамай ювеліра» паводле твора Караля Вайтылы. «Мы хочам кранаць гледачоў і перадаць пасланне пра Бога і тэалогію цела Яна Паўла II», — кажа адзін з кіраўнікоў тэатральнай групы «Le Reflet». Запланавана чатыры спектаклі ў адным з рымскіх тэатраў.
Французы разглядаюць Юбілей Моладзі як своеасаблівыя дадатковыя Сусветныя дні моладзі. Многія прыедуць у Рым дзякуючы станоўчаму досведу ад папярэдняга глабальнага форуму ў Лісабоне.
У праграме Юбілею 31 ліпеня 2025 года адведзены асобны час для сустрэч і малітвы катэхуменаў і неафітаў з Францыі. У “французскі” касцёл святога Людовіка ў Рыме прывезены рэліквіі святога Яна Марыі Віянэя, апекуна пробашчаў, і рэліквіі святога Яна Эда, прапаведніка XVII стагоддзя.
Францыя перажывае час духоўнага абуджэння. Аб гэтым сведчаць паведамленні пра рэкордную колькасць удзельнікаў пілігрымкі з Парыжа да Шартра, натоўпы парыжскіх ліцэістаў у Лурдзе, перапоўненыя касцёлы ў Папяльцовую сераду і, што найбольш уражвае, беспрэцэдэнтны рост просьбаў аб хросце, асабліва сярод моладзі.
Кс.Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News [2]