- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

“Дух Святла і Любові”. Біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамант бежмавання ў Докшыцах

[1]Урачыстасць Спаслання Святога Духа стала асаблівай для вернікаў Докшыцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы. 8 чэрвеня 2025 года 47 маладых асобаў прынялі сакрамант канфірмацыі.

Пад словы гімну да Духа Святога, які выканаў парафіяльны хор, распачалася святая Імша. Яе ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Вітаючы прысутных, іерарх адзначыў, што Спасланне Святога Духа можна назваць днём нараджэння Касцёла, і гэтая ўрачыстасць становіцца яшчэ больш велічнай і хвалюючай для кандыдатаў, якія хутка прымуць сакрамант хрысціянскай сталасці.

Падчас гаміліі біскуп разважаў над асобай Святога Духа.

“Ён Дух Любові паміж Айцом і Сынам. Усе мы шукаем любові ў сучасным свеце і заўважаем, што гэты тэрмін перавернуты сёння дагары нагамі. Любоўю сёння называюць самыя розныя рэчы, але праўдзівую Любоў паказаў Езус Хрыстус праз Крыж”.

[2]

Напрыканцы ардынарый пажадаў прысутным звяртацца па дапамогу да Святога Духа, каб ніколі не забываць, што кожны чалавек – Божае стварэнне.

Пасля літургіі Слова біскуп звярнуўся да кандыдатаў: «Скажыце перад сабраным тут Касцёлам, якіх ласкаў чакаеце вы ад Пана Бога ў гэтым сакраманце?» «Прагнем, каб Дух Святы, якога мы атрымаем, умацаваў нас для мужнага вызнавання веры і для жыцця паводле яе праўдаў» — пачуўся шматгалосны адказ.

Потым біскуп удзяляў сакрамант Бежмавання, а прысутныя вернікі маліліся спевамі да Духа Святога.

[3] [4]

Напрыканцы Імшы вернікі выказалі словы падзякі ардынарыю за ўдзяленне сакраманту, братам капуцынам і законным сёстрам за падрыхтоўку і падтрымку, парафіяльнай супольнасці за малітву і прысутнасць. З асаблівымі словамі віншаванняў звярнуліся да пробашча парафіі а. Ігара Колзуна, які ў гэты дзень адзначаў свае імяніны.

[5]

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота