[1]Ксёндз Францішак Рэнкорэт Мухіку, 35-гадовы святар з Чылі, студэнт Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэту, у гэтым годзе вярнуўся да сябе на радзіму, бо даведаўся, што ў яго рак лёгкіх. Нядаўна ён атрымаў нечаканы званок з Рыма. Тэлефанаваў Папа Францішак.
Трубку падняла маці святара, перакананая, што тэлефануе іх знаёмы святар з Іспаніі, які часта цікавіцца станам здароўя яе сына. «Не, гэта не айцец Артур. Гэта Папа Рымскі. Так, Яго Святасць. Папа… » — пачула жанчына ў адказ. Айцец Францішак распавёў, што Папа распытваў пра адчуванне і запэўніў, што моліцца за яго. Святар кажа, што «адчуў вялікую падтрымку, падбадзёрванне і любоў усяго Касцёла» дзякуючы гэтаму жэсту Пантыфіка. Святар таксама прыгадаў Святому Айцу, што менавіта ён падчас Сіноду біскупаў пра сям’ю падарыў Пантыфіку ўласнаручна намаляваны партрэт яго бацькоў.