Часам Пан Бог пасылае на наш жыццёвы шлях цікавых людзей. Калі знаёмішся з імі, здаецца, што у сутках больш за 24 гадзіны, а ў тыдні – больш за 7 дзён.
Чаму так кажу? Напрыклад, нашая сённяшняя суразмоўца – жонка, маці траіх цудоўных дзяцей, лекар, актыўная каталічка, удзельніца хору, а ячшэ — аўтар і выканаўца хрысціянскіх спеваў.
Так так, гэта ўсё пра адну прыгожую жанчыну, якая аднойчы даверылася Богу і Марыі, а Яны змянілі жыццё.
— Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе: дзе нарадзіліся, якая была ў Вас сям’я?
— Я нарадзілася ў Віцебску ў 1985 годзе. Нашая сям’я складаецца з чатырох чалавек: тата,мама, я, старэйшы брат. Мама праваслаўная, тата – католік. Мы былі ахрышчаныя ў Каталіцкім Касцёле. Бацькі не хадзілі ў храм самі, і не вадзілі туды нас. Але кожнае лета мы прыязджалі да бабулі ў Лынтупы. Яна была чалавекам, які паказаў мне Бога. Упэўненая, што толькі дзякуючы прыкладу веры бабулі Яніны, яе малітвам, я перажыла навяртанне і прыйшла да Бога.
— Якім ён быў, гэты шлях да сапраўднай сустрэчы з Хрыстом?
— Ва ўзросце пятнаццаці гадоў я прыняла Першую Святую Камунію. Гэта было маё асабістае рашэнне, бо прыклада рэлігійнага жыцця ў сям’і я не бачыла.
Але ж прыязджала ў Лынтупы. Там бабуля вадзіла нас у касцёл. Я ўдзельнічала ў Імшах і набажэнствах. Памятаю, што стаяць на каленях было цяжка, тое, што адбываецца на Імшы было незразумела. Але гэта быў мой шлях. Я шукала сябе, сваё пакліканне, мэту жыцця, творчы накірунак.
У падлеткавым узросце я вырашыла, што хачу пайсці да споведзі. Маё жыццё было насычаным, грахоў назбіралася шмат. Сэрца прагнула аддаць іх Пану Богу і прымірыцца з Ім. Я прыйшла ў Віцебскі касцёл, ксёндз даў мне кніжачку, сказаў: “Прачытаеш яе і прыходзь, паразмаўляем”. Гэтую кніжачку я чытала прыкладна год. Было шмат незразумелых пытанняў, а задаць іх не было каму, бо бабуля была далёка.
Зноў надышло лета. І я зноў прыехала ў Лынтупы. Там падышла да ксяндза Паўла (Кнурэка). Першым яго пытаннем было:
— Ці любіць цябе Езус?
— Адкуль жа я ведаю? – адказала я.
— Добра, прыходзь, будзем высвятляць.
Так пачаўся мой шлях да Бога, які працягваецца па сённяшні дзень.
— А як распачаўся Ваш творчы шлях?
— Мая мама музыкант – выкладчык класічнай гітары. Вядома, я часта бачыла і чула, як яна рыхтуецца да заняткаў, рэпетуе. Музыка ў маім доме была заўсёды. Памятаю, як часам мне хацелася спаць, але мама ўсё іграла і іграла. Таму я і засынала пад музыку і яе ігру (усміхаецца).
Мама была ў клубе аўтарскай песні, там, дзе музыканты збіраліся, гралі і спявалі разам. А я была заўсёды з ёй. Пранікалася атмасферай рэпетыцый і выступаў, знаёмілася з музыкантамі, гасцямі.
Кожны год праходзілі фестывалі аўтарскага спеву. Там я і дэбютавала ў сваіх 15 год на конкурсе са сваёй песняй. Гэта быў, канечне ж, спеў пра каханне.
— А калі пачалі з’яўляцца хрысціянскія спевы?
— Калі я прыняла Першую Святую Камунію, пачалося маё актыўнае жыццё і служэнне ў касцёле. Я хадзіла ў Віцебскую парафію Святой Барбары. Там наведвала спатканні для моладзі, пазнаёмілася з айцом Браніславам Дашкевічам, які стаў маім духоўным кіраўніком.
Айцец Браніслаў запрасіў іграць на гітары падчас св. Імшы з удзелам дзяцей. Гэтае служэнне развівала мяне, узмацніла любоў да інструменту.
Тады і з’явіўся мой першы спеў “Пабудуй свой дом на скале”. Я яго напісала, мы спявалі з моладдзю ў касцёле, але потым закінула. Праз доўгія гады я яго рэаніміравала. Канешне, не змагла ўспомніць арыгінал, крыху перарабіла, але ён увайшоў у першы альбом.
А яшчэ адным з першых стаў спеў “Ты мой Госпад, я чакала Цябе”. Яго я напісала пасля навяртання, як падзяку Пану Богу за тое, што прывёў мяне да Сябе.
Гэта былі першыя спробы пісаць хрысціянскія творы. Наступныя з’явіліся цягам вялікага перапынку ў амаль 15 год.
— А як Вы лічыце, чаму не пісаліся спевы?
— Таму што было вельмі актыўнае і насычанае жыццё. Мы з моладдзю шмат збіраліся, падарожнічалі, удзельнічалі ў рэкалекцыях. Разам з тым, я вучылася спачатку ў медычнай вучэльні, потым – ва ўніверсітэце. І, здаецца, каб прыпыніцца і штосьці напісаць, не было ні часу ні натхнення.
— А што дало штуршок да напісанння наступных спеваў?
— Я лічу, што гэта была пілігрымка ў Меджугор’е.
— Чаму Вы вырашылі туды паехаць?
— На той момант я ўжо выйшла замуж. Стала маці траіх дзяцей. Малодшай дачцы было 1.7. Я вельмі стамілася ад усяго: ад дэкрэту, ад дзіцячых хвароб, дамашніх абавязкаў. На сустрэчы са сваім духоўным кіраўніком, тады гэта быў айцец Віталь Сапега, я падзялілася сваёй стомленасцю і фізічнай і духоўнай, а айцец Віталь – сваімі планамі паехаць у пілігрымку ў Меджугор’е.
Ён распавёў, што пілігрымка адбудзецца праз некалькі месяцаў і будзе трываць 9 дзён. Калі я пра гэта пачула, адразу сказала – запішыце мяне. Я зраблю сабе падарунак.
— Гэта было абдуманае рашэнне маці траіх дзяцей?
— Канешне ж не (усміхаецца). Проста была вялікая прага выехаць з дому, сабрацца з думкамі, насыціцца Панам Богам, каб потым ісці далей і аддаваць сябе іншым. Бо на той момант я адчувала сябе поўнасцю спустошанай знутры.
— Як адбылася гэтая пілігрымка?
— Я запісалася ў пілігрымку. І чым бліжэй быў час ад’езду, тым больш я разумела, што не магу туды паехаць: вельмі маленькая была тады Мая – мая дачка. Я разумела, што проста не магу пакінуць яе на такі доўгі час.
Патэлефанавала арганізатару пілігрымкі, каб адмовіцца ад удзелу. А ён спытаўся, ці ёсць у дачкі віза і прапанаваў узяць яе з сабою.
Я была ўпэўненая, што гэта не самая лепшая ідэя: дзіцяці няма нават двух гадоў, дзевяць дзён у аўтобусе, мы будзем усім перашкаджаць.
Усё ж такі мы паехалі.
Успамінаю гэтую карціну ад’езду. Раніца, 5.30. Я падыходжу да аўтобусу з вазочкам, у якім спіць малое дзіця. Усе ўдзельнікі пілігрымкі, разам з вадзіцелем дзіўна на мяне глядзяць. Не ведаю, што яны думалі ў той час, але хачу сказаць, што напрацягу паездкі кожны імкнуўся мне дапамагчы. Зазначу, што Мая паводзіла сябе вельмі добра. Дачка стала найлепшай маёй спадарожніцай.
— Ці ведалі Вы штосьці пра месца, у якое едзеце?
— Трэба сказаць, што я і пра Панну Марыю мала чаго ведала. Ну так, гэта Маці Божая, але ніякай любові і адносінаў у яне не было. Усю інфармацыю пра Меджугор’е, аб’яўленні, сведчанні я атрымала ўжо падчас дарогі.
Таму, тая пілігрымка стала сапраўды маім шляхам набліжэння да Маці Божай.
-Напачатку Вы казалі,што ў пілігрымцы хацелі адпачыць. Ці атрымалася?
— Не магу сказаць, што я адпачыла, але дакладна атрымала вельмі шмат. Гэта і малітва, і духоўнае насычэнне, і знаёмства з цудоўнымі людзьмі, і, канешне ж, сустрэча з Маці Божай.
Не абышлося без цяжкасцяў. Мая захварэла ў дарозе. Замест таго, каб пайсці на гару Крыжавец – мэту пілігрымкі, я засталася лекаваць дзіця. Але прыняла гэта ў пакоры. Калі ёй стала крыху лепш, мы падняліся на гару Аб’яўленняў. Там я даверылася Марыі і папрасіла, каб наступны раз у нас атрымалася вярнуцца ў Междугор’е ўсёй сям’ёй.
Хачу сказаць, што нягледзячы на розныя перашкоды, праз год наша сям’я зноў прыехала ў Междугор’е, за што я вельмі ўдзячная Пану Богу і Марыі.
— Якія былі плёны той пілігрымкі?
— Пасля сустрэчы з Маці Божай, Яна пачала дзейнічаць у маім жыцці. Я пайшла ў Легіён Марыі, там упершыню за пяць год узяла у рукі гітару, пачала іграць, спяваць падчас розных набажэнстваў. Мы паехалі на рэкалекцыі ва Уселюб. Тады гэта было далёкае, невядомае глухое месца, але яно натхніла сваёй адкрытасцю. У гэтым ціхім куточку я адчула мацярынскую любоў і падтрымку Маці Божай.
Калі гуляла па парку, да мяне прыйшлі словы спеву: “Давяраю Табе, Бог Мой. Твая Маці мяне вядзе, напаўняе любоўю і дабром, супакой у сэрцы дае”.
А потым вельмі хутка пачалі з’яўляцца новыя спевы.
— Шмат людзей піша спевы, але не кожны можа выдаць свой альбом. Як атрымалася ў Вас?
— Сваімі спевамі я хацела дзяліцца. Ніколі нікому іх не навязвала, але людзям яны падабаліся. Мы спявалі іх падчас Адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, падчас ружанца.
Аднойчы я паказала іх сваёй сяброўцы скрыпачцы, яна сказала: “Трэба запісаць альбом”. У мяне было шмат сумненняў: хто захоча пісаць альбом? Ці дастойныя мае спевы? Каму яны ўвогуле патрэбныя?
Бог мяне накіроўваў да розных людзей, між іх была і Ядзя Багдановіч. Яна знайшла студыю, прапанавала запісацца. Цікава, што для запісу патрэбна была добрая гітара. У мяне яе не было. Я звярнулася да сваёй маці, яна падзялілася сваёй.
Трэба сказаць, што запіс альбома прыйшоўся на пачатак эпідэміі каронавірусу. Але і тут Госпад дапамагаў нам. Альбом мы ўсё ж запісалі.
— Як Вы рэагуеце, калі чуеце, што іншыя гурты і супольнасці спяваюць Вашыя спевы?
— Першы раз я пачула ў выкананні дзіцячага хору свой твор “Мы чакаем твайго нараджэння, Хрыстос”. Па маім твары цяклі слёзы. Гэта былі слёзы радасці і ўдзячнасці Богу за талент і за магчымасць ім дзяліцца. Дзеці спявалі яго быццам анёлы. Ён загучаў зусім па-іншаму.
Увогуле, аўтарскі спеў ў выкананні хору ці дзяцей, калі далучаецца шмат галасоў, інструментаў, гучыць па-іншаму, але так у твораў з’яўляецца другое жыццё. І гэта вельмі радасныя адчуванні.
— Вашыя творы – гэта толькі хрысціянскія спевы, або ў рэпертуары ёсць нешта свецкае?
— Ёсць спевы, прысвечаныя маме, мужу, або калыханкі. Але ў іх я давяраю Богу сваіх родных людзей і лічу іх, хутчэй, хрысціянскімі.
Напрыклад, калыханкі я запісала, калі хварэлі дзеці і прасілі нешта напісаць.
Памятаю, як мая дачка Мая папрасіла: “Мама, напішы нам спеў.” Так з’явілася калыханка.
Я не бачу патрэбы пісаць свецкія спевы, бо не бачу ў іх сябе.
Напісанне і выкананне спеваў – гэта мой асабісты шлях да Бога і асабістая псіхатэрапія.
— Ці падтрымлівае Вашую творчасць сям’я?
— Мая творчасць была б увогуле немагчымай без падтрымкі сям’і: мужа і дзяцей. Гэта мае натхняльнікі. Калі радасна на душы – я пішу. Калі сумна, я таксама пішу.
Муж падтрымлівае. Гэтая падтрымка выражаецца ў тым, што ён застаецца з дзецьмі, пакуль я ўдзельнічаю ў канцэртах. Вандруе з намі і па магчымасці ўдзельнічае ў мерапрыемствах.
Часамі маіх выездаў, канцэртаў, служэння бывае зашмат. Таму прыходзіцца рабіць выбар на карысць сваёй сям’і.
Ведаеце, нам заўсёды прасцей аддаваць сябе іншым людзям, цяжэй – быць і клапаціцца пра бліжэйшых людзей, якіх даў Пан Бог.
Хачу напрыканцы падзякаваць мужу, дзецям і ўсім хто побач за падтрымку, яна вельмі важная.
— А мы дзякуем Вам, Вольга, за цікавы і шчыры аповед пра жыццё і творчаць. Жадаем Божага бласлаўлення і натхнення на новыя творы.
Размаўляла Вікторыя Філіпенка
