- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Даследаванне: духоўны рэнесанс сярод пакалення Z

[1]У васьмі краінах свету за апошнія пяць гадоў 50 працэнтаў маладых людзей заявілі пра рост цікавасці да духоўнасці. Новае даследаванне абвяргае тэорыю непазбежнай секулярызацыі грамадства.

Група даследчыкаў “Footprints” прадставіла 24 ліпеня 2025 года ў Папскім універсітэце Святога Крыжа вынікі маштабнага даследавання рэлігійнасці моладзі. Апытанне ахапіла амаль 5 тысяч маладых людзей ва ўзросце 18-29 гадоў з Аргенціны, Бразіліі, Італіі, Кеніі, Мексікі, Філіпін, Іспаніі і Вялікабрытаніі.

Найбольш яскрава тэндэнцыя да духоўнага адраджэння праявілася ў Бразіліі, Кеніі і на Філіпінах, дзе больш за 50 працэнтаў рэспандэнтаў адзначылі рост цікавасці да духоўнасці. У Італіі, Іспаніі і Вялікабрытаніі, нягледзячы на дзесяцігоддзі секулярызацыі, назіраецца «ціхае адраджэнне» веры.

«Нашы даныя паказваюць, што моладзь сёння актыўна шукае духоўныя арыенціры. Гэта адбываецца насуперак тэорыям 1960-70-х гадоў пра непазбежную секулярызацыю грамадства», — адзначыў Джанатан Эванс, старшы даследчык “Pew Research Center”.

Цікавы факт: сярод тых, хто называе сябе няверуючымі, 48 працэнтаў час ад часу моляцца, 62 працэнта звяртаюцца да малітвы ў цяжкія моманты, а 37 працэнтаў просяць вернікаў маліцца за іх.

Папа Леў XIV неаднаразова падкрэсліваў важнасць духоўнага жыцця для маладых людзей. «Мы бачым, што сучасная моладзь жадае больш глыбокага і аўтэнтычнага духоўнага досведу», — сказаў Святы Айцец падчас нядаўняй аўдыенцыі.

У Францыі, паводле даных касцельных крыніц, колькасць ахрышчаных маладых людзей ва ўзросце 18-25 гадоў вырасла з 1 тысячы ў 2022 годзе да 4 тысяч у 2025 годзе. Даследаванне “Bible Society” і “YouGov” у Англіі і Уэльсе таксама зафіксавала рост колькасці «свядомых хрысціян» сярод пакалення Z.

«Мы назіраем тэндэнцыю да больш глыбокага, асэнсаванага духоўнага жыцця сярод маладых людзей, — адзначыў прафесар Кембрыджскага ўніверсітэта Дэніэл Мулін. Гэта не проста вяртанне да традыцыйнай рэлігійнасці, але пошук аўтэнтычнага духоўнага досведу».

Даследаванне было праведзена іспанскай кампаніяй GAD3 у лістападзе-снежні 2023 года метадам CAWI (Computer Assisted Web Interviewing).

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]