- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Дарога да Бога

[1]Чарговай раніцай я прыехала ў сталіцу. Мінск сустрэў каляровымі агнямі і незвычайнай ілюмінацыяй. Праз мабільнае прыкладанне выклікала таксі. Пакуль стаяла на прыпынку, пазірала на каляровыя шыльды, што асабліва прыгожа выглядалі ў ранішнім змроку.

Вось пад’ехаў мой аўтамабіль. Кіроўца прывітаўся, а пасля яшчэ раз перапытаў: “Едзем у касцёл?” Я станоўча кіўнула галавой. Аўтамабіль сарваўся з месца, і мы паімчалі па святочна ўпрыгожаным горадзе. Вельмі хацелася спаць, аднак таксіст не даваў мне гэтай магчымасці. “Я толькі нядаўна даведаўся, што ў католікаў пасля пахавання адзначаюць адразу трыццаць дзён. А дзевяць дзён увогуле няма”. Пасля мужчына заглыбіўся ў разважанні пра падабенства каталіцкай і праваслаўнай канфесій. Крыху пазней прыгадаў тэорыі Дарвіна і вялікага выбуху, а таксама факты іншапланетнай прысутнасці на нашай Зямлі. На выгляд мужчыну было каля шасцідзесяці гадоў. Было бачна, што ён знаходзіцца ў пошуках найвышэйшай сілы, якая кіруе ўсімі працэсамі ў свеце. У нейкай ступені ён падтрымліваў кожную тэорыю і рэлігію.

Я моўчкі слухала гэты супярэчлівы маналог. Зусім не хацелася ўступаць у палеміку і аспрэчваць пэўныя факты. “Чалавек можа ўсё, – расхвалявана сцвярджаў мой суразмоўца. – Ён з лёгкасцю можа пазбавіць сябе любой хваробы. Нават невылечнай”. І тут я ўжо не стрымалася і ўступіла ў размову: “Усё можа толькі Бог. А больш, напэўна, і ніхто. Сем гадоў таму маё жыццё і жыццё маёй ненароджанай дачкі было пад сур’ёзнай пагрозай. Урачы не бачылі перспектываў і шанцаў. Аднак дзякуючы Божай дапамозе я сёння еду з вамі ў аўто, а мая дачушка ўжо першакласніца”. Мужчына раптоўна замаўчаў. Далей мы ехалі ў поўнай цішыні. Праз некалькі хвілін прыехалі ў пункт прызначэння. Я падзякавала шафёру і разлічылася за паездку. На развітанне мужчына кінуў такія словы: “Ведаеце, калі Вы расказалі сваю гісторыю, здаецца, што мяне з ног да галавы “прабіла” токам. Яна мяне вельмі ўсхвалявала і прымусіла задумацца”. Я ўсміхнулася свайму суразмоўцу і пажадала добрага дня.

Усе мы знаходзімся ў пастаянным пошуку Бога. Толькі Ён можа вылечыць нашыя раны, нанесеныя абставінамі і людзьмі. Ён адзіны можа любіць чалавека, не звяртаючы ўвагі на ўмоўнасці. Яго любоў дасканалая. Людзям, што не пазналі Усемагутнага, значна складаней. Як сляпыя кацяняты, яны шукаюць любові праз матэрыяльныя рэчы, славу, уплывовасць. Аднак, на жаль, з цягам часу расчароўваюцца.

Вельмі трапна пра гэтую з’яву калісьці напісаў французскі філосаф, пісьменнік і драматург Жан-Поль Сартр: “У чалавека ў душы існуе дзірка памерам з Бога, і кожны запаўняе яе як можа”.

Гэта меркаванне цудоўна адлюстроўвае рэчаіснасць. Не пазнаўшы Бога, але жадаючы быць шчаслівай, асоба кідаецца з крайнасці ў крайнасць: злоўжывае алкаголем, наркатычнымі сродкамі, становіцца залежнай ад азартных гульняў, моды, неўпарадкаваных сексуальных сувязей. Усе гэтыя “сродкі” на самым пачатку даюць асалоду і задавальненне, а потым робяць чалавека нявольным, залежным, няздольным да ўтаймавання ўласных інстынктаў.

Час ад часу я задумваюся над тым, што мне вельмі пашчасціла нарадзіцца ў каталіцкай сям’і. Свае першыя крокі да Бога я рабіла не самастойна, а разам са сваімі бацькамі, з бабуляй. Я ішла па добра пратаптанай дарозе, якую калісьці праклалі мае продкі. Гэтая дарога, як кветкамі, усыпаная малітвамі, просьбамі, добрымі інтэнцыямі, трывалымі хрысціянскімі традыцыямі. Такі шлях з’яўляецца вялікім дарам Усемагутнага. Аднак так пашчасціла не кожнаму. Камусьці даводзіцца пракладаць сцежку да Бога самастойна: збочваць, падаць, пэцкацца ў брудзе, уставаць і зноў ісці. І няма побач моцнай рукі блізкага чалавека, якая дапаможа падняцца ў цяжкі момант. Кожны католік – гэта светач, які закліканы дзяліцца сваёй верай, падаваць руку бліжняму ў цяжкі момант і прасвятляць. А калі трэба, то і дапамагаць пракладаць шлях да Бога праз церні і перашкоды.

Марта Венславовіч