- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Дапаможнага біскупа Лос-Анджэлеса застрэлілі ва ўласным доме

[1]Дэвід О’Конэл, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Лос-Анджэлеса, вядомы сваім служэннем мігрантам, бедным і ахвярам гвалту з выкарыстаннем зброі, быў застрэлены ў суботу, 18 лютага 2023 г.

Як паведамляе CNA са спасылкай на заяву дэпартамента шэрыфа акругі Лос-Анджэлес, напад адбыўся каля 13.00 у доме, дзе жыў біскуп. 69-гадовы О’Конэл быў знойдзены мёртвым з агнястрэльным раненнем тулава. Паліцыя праводзіць расследаванне, але на дадзены момант ніякіх падрабязнасцяў не паведамляецца.

Біскуп Дэвід О’Конэл нарадзіўся ў Ірландыі ў 1953 годзе. Пасля прыняцця пасвячэння ў 1979 годзе быў накіраваны на служэнне ў архідыяцэзію Лос-Анджэлеса. У якасці святара ён служыў у некалькіх парафіях у паўднёвым Лос-Анджэлесе, дзе служыў супольнасцям, якія пакутуюць ад праблем банд, беднасці, разбітых сем’яў і напружанасці паміж мясцовымі жыхарамі і паліцыяй, якая вылілася ў масавыя беспарадкі ў 1992 годзе, піша Angelus News. Як засведчыў О’Конэл на Капіталійскім пагорку, хваляванні прывялі да гвалту і шырокага разбурэння, асабліва ў яго парафіі. Па вяртанні стаў актыўна дапамагаць у аднаўленні раёна — і ў аднаўленні даверу паміж гараджанамі і праваахоўнікамі, за што яго звалі «Міратворац».

[2] [3]

Галоўнымі прыярытэтамі Дэвіда О’Конэла ў якасці біскупа былі аздараўленне сем’яў, евангелізацыя, душпастырства мігрантаў і развіццё каталіцкіх школ. Ён лічыў, што парафіі і школы з’яўляюцца магутнымі інструментамі для змены жыцця асобных людзей і цэлага раёна. Ён таксама ўзначальваў падкамітэт чалавечага развіцця Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША. Але, нягледзячы на ​​свае ўшанаванні і рэгаліі, біскуп О’Конэл славіўся сваёй стрыманасцю, сціпласцю і прыземленасцю: найбольш камфортна ён адчуваў сябе сярод простых працаўнікоў, якім служыў усё жыццё.

[4]

“У маім жыцці было вялікай радасцю быць пастырам для гэтых людзей, асабліва для тых, хто пакутуе, мае патрэбу або сутыкаецца з цяжкасцямі, — сказаў О’Конэл пасля свайго прызначэння біскупам у 2015 г. – Яны кранулі маё сэрца сваёй шчырасцю”.

«Ён быў міратворцам з сэрцам, адкрытым для бедных і мігрантаў, і меў жаданне будаваць супольнасць, дзе святасць і годнасць кожнага чалавечага жыцця паважаюцца і абараняюцца», — сказаў арцыбіскуп Хасэ Гомес, ардынарый Лос-Анджэлеса. «Ён таксама быў добрым сябрам, і я буду сумаваць па ім». Няхай Маці Божая Гвадэлупская ахіне яго плашчом сваёй любові, няхай анёлы прывядуць яго на неба, і няхай ён спачывае з мірам».

Пераклад з credo.pro [5]