- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Дабрачынную акцыю «Калядны падарунак» правёў «Карытас» у Гродне

[1]Традыцыйна перад Божым Нараджэннем супрацоўнікі і валанцёры дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі праводзяць калядныя акцыі, накіраваныя на збор дабрачынных ахвяр для хворых і для дзяцей, якія патрабуюць асаблівай увагі.

16 валанцёраў і супрацоўнікаў “Карытас” прынялі ўдзел у акцыі “Калядны падарунак”, якая адбылася 15-16 снежня ў гіпермаркеце “АЛМІ” па пр. Касманаўтаў у Гродне.

Валанцёры тлумачылі пакупнікам магазіна, які ўклад, па жаданні, можна ўнесці для падтрымкі дзяцей і самотных людзей.

Удзельнікам акцыі прыемна было ўсведамляць, што шмат добрых сэрцаў адклікалася на іх зварот аб дапамозе. Сямейныя пары, дзеці, людзі сталага ўзросту, юнакі і дзяўчаты клалі ў кошык прадукты харчавання, слодычы, напоі, навагоднія падарункі, цацкі. Адна жанчына, якая пажадала застацца невядомай, прынесла сумку дзіцячых заплечнікаў. Іншыя людзі кідалі ў скарбонку грошы.

Стомленыя, але вельмі задаволеныя сваёй працай, валанцёры выказвалі свае думкі наконт акцыі: “Ёсць у нас добрыя і неабыякавыя людзі, якія гатовыя падзяліцца часцінкай свайго цяпла!”

[2]

Падчас акцыі падыходзілі людзі, якія вельмі сціпла прасілі аб дапамозе сабе, сваім дзецям. Так прадстаўнікі дабрачыннага таварыства даведаліся пра дзіцячы садок для дзяцей з аўтызмам і збіраюцца адправіцца з падарункамі туды, дзе іх ужо чакаюць.

Супрацоўнікі і валанцёры “Карытас” удзячныя кіраўніцтву гіпермаркета “АЛМІ” за прадстаўленую магчымасць правядзення акцыі і ўсім жыхарам Гродна, якія прынялі ў ёй удзел.

Наталля Вішнеўская, grodnensis.by [3]