- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Cёстры эўхарысткі з Браслава арганізавалі духоўна-пазнавальную паездку для інвалідаў

[1]На працягу некалькі гадоў сёстры эўхарысткі ў Браславе апякуюцца дарослымі з Цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў, што пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Ужо другі год штотыднёвыя сустрэчы на духоўныя тэмы для такіх асоб праводзіць сястра Кацярына Папакуль SJE. А на мінулым тыдні яна арганізавала своеасаблівыя рэкалекцыі для іх з наведваннем святыняў у Відзах, Далёкіх і Опсе.

Двухдзённая паездка была напоўнена не толькі экскурсіямі па касцёлах і наведваннем сядзібы Плятэраў у Опсе, але мела і багатую малітоўную праграму. Спачатку браслаўчане наведалі касцёл у Відзах, а затым накіраваліся ў парафію ў Далёкіх, дзе ў іх быў абед, святая Імша, вечаровыя размовы пры вогнішчы і прагляд фільма, які вучыў радавацца кожнаму дню, нягледзячы на цяжкасці.

Наступны дзень распачаўся таксама з малітвы, была і праца ў групах, накіраваная на развіццё адказнасці за сябе і іншых, а таксама Крыжовы шлях, які правёў ксёндз Андрэй Бочар. У разважаннях крыжовай мукі Хрыста святар заклікаў людзей з асаблівасцямі развіцця зразумець, што нават калі яны нічога не могуць зрабіць фізічна, то могуць маліцца. Бо іх малітва, малітва церпячых людзей, вельмі дапамагае іншым.
[2]
«На нашых сустрэчах мы пазнаём тое, чаму вучыў Езус. Мы часта чытаем Божае Слова і вучымся прымяняць яго ў жыцці, у канкрэтных сітуацыях, ‒ падзялілася з намі сястра Кацярына. ‒ Вучу іх бачыць у кожным чалавеку Езуса. Каб разумець, што калі крыўдзім кагосьці, то крыўдзім Езуса, калі пляткарым, то кажам напраўду пра Езуса. А калі іншаму скажам добрае слова ці ўсміхнёмся, то таксама робім гэта самому Богу. У гэтыя дні для іх была таксама магчымасць вучыцца размаўляць з Богам падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту і атрымаць дар прабачэння і аднаўлення ў сакрамэнце споведзі».

«Цэнтр дзённага знаходжання інвалідаў шмат робіць для такіх асоб, яны адчуваюць сябе патрэбнымі. А я падкрэсліваю ім, што іх малітва вельмі патрэбна іншым, і праз яе шмат могуць зрабіць», ‒ дадала сястра.

У адмысловых рэкалекцыях прынялі ўдзел 10 чалавек. Сярод іх былі не толькі католікі, але і асобы іншых канфесій.

Святлана Жылевіч, waladarka.by [3]