- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Цэлібат і шлюб у святарскім жыцці: гармонія духоўнасці і служэння

[1]Пытанне цэлібату і святарскага шлюбу выклікае шмат дыскусій. Адны бачаць у цэлібаце знак поўнай ахвяры і адданасці Богу, іншыя ж лічаць, што сям’я можа быць каштоўнай падтрымкай у святарскім служэнні. Абодва шляхі маюць свае вартасці і выклікі, і выбар паміж імі залежыць ад індывідуальнага паклікання чалавека.

Пра перавагі і асаблівасці абодвух варыянтаў распавялі рымска-каталіцкі святар ксёндз Андрэй Юхнік і грэка-каталіцкі святар айцец Андрэй Крот.

Параўноўваючы цэлібат і шлюб можна адразу выказаць здагадку, што чалавек без жонкі і дзяцей можа цалкам засяродзіцца на духоўным жыцці, на малітве, пастырскай апецы. Аднак жанаты святар можа стаць яскравым прыкладам для сваёй паствы.

“Сёння, калі ў нашым свеце шмат разводаў, так званых “грамадзянскіх шлюбаў”, людзей, якія ўвогуле не хочуць злучаць сваё жыццё з іншай асобай, трэба, каб мы давалі прыклад нармальных сем’яў, у якіх пануюць любоў, ахвярнасць, уменне вырашаць канфлікты. І гэта ў першую чаргу заданне святарскіх сем’яў”, – падзяліўся айцец Андрэй Крот, грэка-каталіцкі святар.

Яшчэ адзін немалаважны фактар – матушка, якая часта становіцца правай рукой святара і часам мае духоўны ўплыў на вернікаў. Вядома, яна не можа замяніць бацюшку, аднак яе прысутнасць дапамагае наладзіць кантакт з паствай. “Вернікі часам саромеюцца нешта сказаць бацюшку, баяцца яго турбаваць, загружаць сваімі праблемамі (гэта, канечне, не правільна, бо праблемы вернікаў – гэта і праблемы святара, які можа дапамагчы словам, справай, малітвай). Не раз заўважаў, што людзям прасцей нешта сказаць матушцы, чым бацюшку. І яна потым дзеліцца гэтым з мужам. Альбо, наадварот, да нечага, што кажа святар, людзі часам ставяцца так: “Ну, вы гэта кажаце, бо вас так пасада абавязвае”. Калі тое самае кажа жонка святара – гэта ўжо больш вымоўнае сведчанне”, – распавёў айцец Андрэй.

Яшчэ адна невідавочная перавага святара ў шлюбе – гэта вялікая прастора для Евангелізацыі. Праз розныя сямейныя патрэбы пашыраецца кола кантактаў святара. Ён знаёміцца з настаўнікамі сваіх дзяцей, бацькамі іх аднакласнікаў, аднакурснікамі ва ўніверсітэце. Часам гэтыя людзі не ходзяць у царкву, але маюць патрэбу ў духоўнай падтрымцы. Тады праз знаёмага святара ў іх ёсць магчымасць атрымаць параду ці папрасіць аб малітве. “Такім чынам, святар становіцца не нейкім “жыхаром неба”, адарваным ад жыцця, а братам для сваіх вернікаў, які мае падобныя да іх клопаты, але пры гэтым не проста навучае іх веры, а дае сведчанне, – падкрэсліў айцец Андрэй. – Рызыка стаць адарваным ад людзей у ксяндза ёсць, але рызыкі – гэта нармальна, таму што мы – людзі і не жывём у нейкім ідэальным свеце, таму рызыкі ёсць заўсёды і ўсюды. Грэка-католік таксама можа быць неэфектыўны якраз праз наяўнасць сям’і.

“Важна, што мы як святары пакліканыя абвяшчаць Евангелле, Божае слова, а не дзяліцца жыццёвай мудрасцю. Мы перадаём, інтэрпрэтуем яго словы адносна той сітуацыі, у якой знаходзіцца чалавек. Мы шукаем гэтага чалавека ў Евангеллі, шукаем сябе ў Евангеллі, думаем, як прыпадабніцца да Хрыста і зрабіць па-Божаму. Абвяшчаючы вучэнне Хрыста, мы крыху хаваемся за Яго спіну, але разам з тым мы разумеем людзей у некаторых момантах таму, што ў нас таксама ёсць бацькі, сёстры, браты”, – патлумачыў ксёндз Андрэй Юхнік.

Калі ёсць столькі пазітыўных момантаў у служэнні святара ў шлюбе, то навошта рымска-каталіцкі абрад працягвае абавязваць да цэлібату? Ці не з’яўляецца цэлібат рэхам гісторыі, калі ў чалавека не было тэхнічных магчымасцяў хутка перасоўвацца, хутка перадаваць інфармацыю, і плённае сумяшчэнне сямейнага жыцця і служэння здавалася немагчымым? “У цэлібаце наша ўнікальнасць і багацце Касцёла. Гэта не перажытак мінулага, бо менавіта сучасныя людзі асабліва захапляюцца тымі, хто можа зрабіць такі цяжкі выбар дзеля Валадарства Нябеснага. Цэлібат яшчэ больш падкрэслівае радыкальнасць Евангелля. Касцёл у сваіх рашэннях ніколі не спяшаецца. Напэўна, ёсць воля Божая ў тым, каб грэка-католікі былі сямейнымі людзьмі і праз гэта паказвалі сваю блізкасць святара да вернікаў. І ёсць воля Божая ў тым, каб былі такія святары, якія жывуць у цэлібаце, каб таксама прыпамінаць чалавеку, што, калі ты з Богам, Ён падтрымае цябе ў тваім намеры прысвяціць Яму сваё жыццё”, – падзяліўся ксёндз Андрэй.

Кожны юнак, які імкнецца да святарства, стаіць перад выбарам. І шлюб, і цэлібат маюць сваю ўласную каштоўнасць і значэнне для святарскага служэння. Немагчыма адназначна сказаць, што адзін стан лепшы за другі. Аднак для канкрэтнай асобы, якая не распазнала свайго сапраўднага паклікання, памылковы выбар можа стаць вельмі балючым і мець сур’ёзныя наступствы. “У семінарыю прыходзяць розныя людзі: пасля школы, каледжа, універсітэта, хтосьці прыходзіць з вялікім працоўным вопытам. Сем гадоў вучобы дадзеныя, каб распазнаваць, зможаш ты быць ксяндзом ці не зможаш. Я думаю, што памылкі здзяйсняюцца рэдка. Мне падаецца, што гэта ўсё ж больш выключэнне. Але калі ты не супрацоўнічаеш з Богам у справе распазнання свайго шляху, то памылкі будуць дакладна, таму што чалавек сляпы. Без Бога мы не можам прымаць важных, сур’ёзных рашэнняў. Таму, калі ты просіш, калі ты духоўна развіваешся, калі ты молішся, Бог умацоўвае ў добрых намерах, – падкрэслівае ксёндз Андрэй. – Важна адрозніваць свой фундаментальны, так бы мовіць, выбар, і часовыя спакусы, калі чалавеку здаецца, што лепей было б служыць не ў тым стане, у якім ён ёсць. Як у тым анекдоце пра Сакрата, у якога вучань спытаў: ці жаніцца, ці не. Мудры філосаф падумаў і адказаў: “Што б ты ні зрабіў, усё роўна будзеш шкадаваць”. Таму важна ўмець спраўляцца з гэтым шкадаваннем і далей працягваць сваё служэнне ў тым стане, у якім ты ёсць”, – падзяліўся меркаваннем айцец Андрэй Крот.

Аляксандра Шпілеўская