Ці можна, каб людзі былі хроснымі адзін у аднаго (так званае “перахрышчванне”)? І ці можна, каб хросны належаў да іншай канфесіі?
Адказвае кс. Аляксандр Мацкевіч
Адказ на пастаўленыя пытанні хацеў бы распачаць кароткім нагадваннем пра тое, хто такія хросныя і якія іх задачы. Згодна са старадаўняй традыцыяй Касцёла, катэхумен, ці дарослы, які хоча прыняць хрост, павінен быў, каб быць дапушчаным да гэтага сакрамэнту, мець хроснага, ці хрысціяніна, які належыць да супольнасці і задачай якога было дапамагаць катэхумену ў духоўнай падрыхтоўцы да прыняцця гэтага сакраманту, пры яго ўдзяленні засведчыць перад Касцёлам пра веру катэхумена і яго гатоўнасць прыняць хрост, а пасля хросту – клапаціцца, каб новаахрышчаны трываў у веры і вёў жыццё, годнае хрысціяніна.
У выпадку хросту немаўляці роля хроснага падобная: гэта прадстаўнік як сям’і таго, хто прымае хрост, пашыранай у духоўным сэнсе, так і Касцёла; разам з бацькамі дзіцяці хросны вызнае веру Касцёла, а таксама абяцае гатоўнасць у выпадку неабходнасці дапамагаць хрысціянскім бацькам у выхаванні іх дзіцяці да жыцця, згоднага з вызнаванай верай. Гэтая дапамога з боку хроснага нічым не памяншае і не замяняе адказнасці бацькоў за выхаванне іх дзіцяці; на практыцы роля хроснага заключаецца найперш у тым, каб даваць асабісты прыклад веры і маліцца за свайго хрэсніка.
Патрабаванні, якія ставяцца да хросных, акрэслены ў Кодэксе кананічнага права, у Агульных уводзінах да хрысціянскага пасвячэння і іншых афіцыйных дакументах Касцёла. Гэтыя крытэрыі маюць на мэце найперш забяспечыць, каб хросны быў у стане сапраўды добра споўніць гэтыя задачы і каб яго вельмі важная і адказная функцыя не была проста фікцыяй. Такім чынам, касцёльнае права патрабуе, каб хроснаму было поўных 16 гадоў (дапускаюцца выключэнні па сур’ёзнай прычыне), быў католікам, прыступаў да сакрамэнту канфірмацыі і ўжо прыняў сакрамэнт Эўхарыстыі, вёў жыццё, згоднае з верай і адпаведнае сваёй функцыі, быў вольны ад якога-небудзь кананічнага пакарання, а таксама не быў адным з бацькоў таго, хто прымае хрост.
Гэта адзіныя крытэрыі, прадугледжаныя касцёльным заканадаўствам. Кананічнае права не забараняе дзвюм парам бацькоў быць адна ў адной хроснымі дзяцей. Усе меркаванні аб якойсьці забароне такой практыкі належыць трактаваць як звычайныя забабоны (на жаль, яны вельмі распаўсюджаныя і іх цяжка выкараніць).
Патрабаванне, каб хросны быў католікам, вынікае проста з гэтай задачы: бо ён павінен дапамагаць бацькам у выхаванні дзіцяці ў каталіцкай веры. Ясна, што хрысціянін, які не належыць да Каталіцкага Касцёла, не будзе ў стане споўніць гэты абавязак, і нават патрабаваць ад яго такога абяцання было б вельмі неэтычна. Таму касцёльнае заканадаўства пастанаўляе, што хрысціянін, які не належыць да Каталіцкага Касцёла, можа быць толькі сведкам хросту, пад умовай, што хросным з’яўляецца католік або каталічка. Іншымі словамі, дапускаецца сітуацыя, калі на хросце дзіцяці прысутнічае адзін хросны (католік, які адпавядае згаданым вышэй крытэрыям) і адзін сведка хросту (хрысціянін, які не з’яўляецца католікам).
Пры выбары хроснага варта таксама звярнуць увагу на тое, каб гэта быў практыкуючы католік, які прыступае да сакрамэнтаў, вядзе маральнае жыццё. Напрыклад, католік, які жыве ў несакрамэнтальным сужэнскім саюзе, або такі, які называе сябе “веруючым, але непрактыкуючым”, або хтосьці, хто, будучы фармальна католікам, вядзе немаральнае жыццё, адасабляецца ад веры і Касцёла, публічна супраціўляецца асноўным праўдам хрысціянскай веры – не можа быць хросным менавіта таму, што не будзе ў стане даваць свайму хрэсніку прыклад жыцця, згоднага з верай.
На заканчэнне яшчэ адна заўвага. Паколькі быць хросным – задача прыгожая і ганаровая, то, калі хтосьці нас да гэтага запрашае і калі ведаем, што мы ў стане адпавядаць прадугледжаным правам крытэрыям, не трэба адмаўляцца ад гэтай функцыі, калі не існуе нейкіх важных прычын. Будзем удзячныя, што бацькі дзіцяці менавіта нам хочуць даверыць такую ганаровую задачу, і будзем старацца споўніць яе як найлепш, з усёй сур’ёзнасцю, у духу веры і адказнасці.
З павагай, кс. Аляксандр
grodnensis.by