Ці можа сястра быць хроснай маці дзіцяці брата?

“Хвала Хрысту! Я з’яўляюся хросным бацькам дзяцей сваёй роднай сястры. Ці існуюць кананічныя ці іншыя перашкоды, каб у гэтым выпадку мая сястра была хроснай маці майго дзіцяці?”

Іван

 – Хвала навекі, шаноўны Іван! Згодна са старажытнай традыцыяй Касцёла прысутнасць хросных бацькоў, якія спрадарожнічалі дзіцяці як падчас хросту, так і пасля яго, устанаўлівала важную духоўную сувязь альбо духоўную блізкасць паміж ахрышчаным і хроснымі. Настолькі яна з’яўлялася важнай, што ў мінулым адносілася да адной з перашкодаў для заключэння сакраманту сужэнства, гэта значыць, што паміж ахрышчаным і хроснымі бацькам ці маці забаранялася заключаць сужэнства. Існае сёння кананічнае заканадаўства больш не разглядае духоўную сувязь альбо духоўную блізкасць як перашкоду для заключэння кананічнага сужэнства.

Хросныя бацькі з’яўляюцца сведкамі хросту дзіцяці. Яны разам з роднымі бацькамі просяць пра ўдзяленне сакраманту хросту, вызнаюць веру, у якой ахрышчанае дзіця будзе выхавана, і выказваюць таксама гатоўнасць дапамагаць яго выхоўваць.

Канон 774 § 2 Кодэкса Кананічнага Права 1983 г. падкрэслівае, што “бацькі ў першую чаргу абавязаны словам і прыкладам выхоўваць дзяцей у веры і практыцы хрысціянскага жыцця. Такі ж самы абавязак ускладаецца на тых, хто замяняе бацькоў, а таксама на хросных”.

Кодэкс Кананічнана Права ў каноне 874 § 1 вельмі ясна вызначае патрабаванні, якія павінен мець кандыдат, прымаючы на сябе абавязак хроснага. У першую чаргу, гэта павінна быць асоба, выбраная бацькамі дзіцяці, альбо тымі, хто іх замяняе. Калі гаворка ідзе пра дарослую асобу, якая рыхтуецца прыняць сакрамант хросту, то хросныя павінны быць выбраныя гэтай жа асобай. Кандыдату на хроснага неабходна мець узрост не менш чым 16 гадоў (калі няма іншага распараджэння дыяцэзіяльнага біскупа па важнай прычыне, пробашч ці той, хто ўдзяляе сакрамант, можа зрабіць выключэнне). Трэба, каб кандыдат быў ахрышчаным і католікам-практыкам, які прыняў сакрамант бежмавання і Першую Святую Камунію. Таксама вельмі важнай якасцю кандыдата на хроснага з’яўляецца тое, што ён павінен весці жыццё, згоднае з каталіцкай верай і павінен адпавядаць функцыі, якую мае выконваць, а таксама быць свабодным ад кананічнай кары і не з’яўляцца бацькам альбо маці таго, хто прымае хрост.

Трэба памятаць, што ўсё ж такі галоўным заданнем хросных з’яўляецца дапамога бацькам у духоўным (а ў асаблівых выпадках не толькі ў духоўным) і маральным выхаванні дзіцяці. З гэтага вынікае, што хроснымі могуць быць толькі тыя асобы, якія прымаюць веру сур’ёзна, практыкуюць яе штодзённа, жывуць паводле вызнаванай веры і згодна з хрысціянскай маральнасцю. Кажучы простымі словамі, хроснымі могуць быць толькі тыя людзі, якія штодзённа жывуць Евангеллем.

Канон 893 § 2 таксама акрэслівае: “Пажадана, каб сведкам бежмаванага прызначаўся хтосьці з хросных, які прыняў на сябе тыя ж самыя абавязкі пры хрышчэнні”. Але трэба зазначыць, што гэтае прадпісанне не з’яўляецца абавязковым, а толькі звычайным пажаданнем.

Калі ўвогуле казаць пра перашкоды, то з упэўненасцю можна сцвярджаць, што аўтаматычна выключаюцца з ролі хросных бацькоў людзі, жыццё якіх не адпавядае Евангеллю, публічныя грэшнікі, людзі, што публічна выказваюць пазіцыі, супрацьлеглыя вучэнню Касцёла (тыя, хто выступаюць за аборты, разводы; тыя, хто не згаджаецца з навучаннем Касцёла і сумняваецца ў яго аўтарытэце), таксама і людзі, якія маюць удзел у сакрамантах Касцёла блізкі да нуля (людзі, якія гадамі не прыступаюць да святой споведзі і якія звычайна не ўдзельнічаюць у святой Імшы).

Падсумоўваючы ўсё сказанае, шаноўны Іван, можна зрабіць вывад, што ў прадстаўленым выпадку не існуе ніякай перашкоды, каб Ваша сястра была хроснай маці Вашага дзіцяці.

З павагай і малітвай, кс. Аляксей Ляшко, афіцыял Біскупскага Суда

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі