– Хвала Хрысту! Адкажыце, калі ласка, чаму нельга кандыдату да бежмавання быць міністрантам падчас святой Імшы з удзяленнем сакраманту бежмавання? А якія могуць быць перашкоды? Вялікі Дзякуй! З павагай, Станіслаў.
На пытане адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, ВДС імя св. Тамаша Аксінскага ў Пінску:
– Паважаны Станіслаў!
Дзякуй за пытанне пра ўдзяленне сакраманту канфірмацыі, якое хачу пашырыць, каб ахапіць таксама ролю сведкі ў гэтай цэлебрацыі. Пры нагодзе выказваю ўдзячнасць усім, хто адважваецца задаваць пытанні як сваім душпастырам, так і “Каталіцкаму Весніку”. Падобная актыўнасць – гэта сведчанне адказнасці за рэлігійныя веды ды дапамога ўсім, хто цікавіцца жыццём Касцёла.
Сутнасць канфірмацыі
Канфірмацыя разам з хростам і Эўхарыстыяй належыць да сакрамантаў хрысціянскага ўтаямнічэння, якія з’яўляюцца падмуркам усяго хрысціянскага жыцця (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1212). Праз сакрамант канфірмацыі ахрышчаныя “яшчэ цясней звязваюцца з Касцёлам, атрымліваюць асаблівую моц Духа Святога і такім чынам яшчэ больш абавязваюцца як праўдзівыя сведкі Хрыста пашыраць веру словам і справай, а таксама абараняць яе” (Пар. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium, 11). Сутнасць сакраманту канфірмацыі выражаецца таксама ў адказе кандыдатаў на пытанне біскупа пра ласкі, якіх яны чакаюць ад Бога: “Прагнем, каб Дух Святы, Якога мы атрымаем, умацаваў нас для мужнага вызнавання веры і для жыцця паводле яе правілаў”. Вернікі, пераважна маладыя, усвядоміўшы вялікі дар веры і моц Духа Святога, прагнуць яшчэ больш дасканала прыпадабняцца да Хрыста і ўмацоўвацца, каб даваць сведчанне пра Яго і будаваць Яго цела ў веры і любові. Канфірмацыя называецца таксама сакрамантам сталасці, што ў сваю чаргу выказвае гатоўнасць вернікаў жыць па-хрысціянску як Божыя дзеці, каторыя могуць казаць да Бога “Абба Ойча” (Рым 8, 15). Менавіта дзякуючы памнажэнню дароў Духа Святога кожны з нас можа ў лучнасці з усім Касцёлам быць сведкам Езуса Хрыста і абвяшчаць праўду пра Яго іншым людзям. Варта таксама памятаць пра незнішчальную пячаць – знак Пана, які канфірмаваны атрымлівае на ўсё жыццё.
Адказнасць за хрысціянскае ўтаямнічэнне
Сакраманты – гэта крыніцы Божай ласкі, таму свядомае іх прыняцце дапамагае чалавеку яднацца з Богам і жыць у камуніі з Ім. Клопат пра хрысціянскае выхаванне дзяцей і моладзі, а ў выніку пра падрыхтоўку да сакрамантальнага жыцця ляжыць на ўсёй супольнасці Касцёла, аднак у першую чаргу з’яўляецца заданнем бацькоў і хросных. Менавіта бацькі павінны паступова ўводзіць сваіх дзяцей у таямніцу веры, карыстаючыся між іншым катэхетычнай дапамогай сваёй парафіяльнай супольнасці. Паколькі вера ёсць вялікім дарам і прывілеем, то варта гэты вялікі скарб перадаваць дзецям у сям’і ад самых маленькіх гадоў. Безумоўна, асаблівым чынам дапамагае ў гэтым удзел у сакрамантальным жыцці ў парафіі: спачатку пад апекай найбліжэйшых, а з цягам часу і самастойны.
У працэсе хрысціянскага ўтаямнічэння вялікую ролю адыгрывае таксама сведка канфірмацыі. Трэба, на жаль, сказаць, што яго роля часта абмяжоўваецца толькі суправаджэннем кандыдата падчас урачыстасці ўдзялення сакраманту хрысціянскай сталасці. Заданне сведкі падобнае да заданняў хросных бацькоў. Ён павінен дапамагаць кандыдату ў падрыхтоўцы да канфірмацыі, прадстаўляць яго біскупу для намашчэння хрызмам у часе літургіі, а пазней падтрымліваць у верным выкананні абяцанняў, дадзеных падчас хросту (пар. Парадак канфірмацыі. Уводзіны, 5). У сувязі са сказаным вышэй, трэба сцвердзіць, што найбольш адпаведнымі сведкамі канфірмацыі ёсць хросныя бацькі, калі яны сумленна выконваюць свае абавязкі. Беручы пад увагу той факт, што хросныя не заўсёды могуць прысутнічаць на літургіі канфірмацыі ды іншыя акалічнасці, кандыдаты самі выбіраюць сведку сярод родных, сваякоў або знаёмых. Такая традыцыя ёсць таксама і ў нашай краіне. Варта памятаць пры выбары сведкаў, што яны мусяць стаць пэўнага кшталту працягам хросных бацькоў тых, хто прымае сакрамант канфірмацыі. Складана адназначна адказаць, ці можна лічыць добрым выбар сведкі сярод равеснікаў, хоць, канешне, нельга пярэчыць такому праву. Найважнейшае, каб сведка быў прыкладам і ўзорам жыцця, якое згоднае з вызнаванай верай.
Цэлебрацыя літургіі канфірмацыі
Ва ўзгаданых вышэй Уводзінах да Парадку канфірмацыі напісана, што неабходна паклапаціцца, каб абрады мелі святочны і ўрачысты характар з увагі на іх значэнне для мясцовага Касцёла. Такім чынам, як душпастыры так і вернікі павінны добра падрыхтавацца да свята, каторае варта перажыць з сем’ямі і сябрамі тых, хто атрымлівае канфірмацыю, а таксама з парафіянамі. Праз гэта прысутныя паказваюць сваю веру ў пладах, якія ўзрасціў у іх Дух Святы. Вядома, што добра падрыхтаваная літургія дапамагае яе ўдзельнікам больш глыбока ўключыцца ў праслаўленне Бога. Сакрамант канфірмацыі, які ахрышчаны прымае адзін раз у жыцці, патрабуе менавіта ўрачыстага характару і адпаведнага парадку.
Калі гэта магчыма, то кандыдат да канфірмацыі павінен знаходзіцца разам са сведкам на працягу ўсёй літургіі ў падрыхтаваным раней месцы, што ў сваю чаргу дапамагае захаваць павагу і засяроджанасць, а таксама пазбегнуць непатрэбнай мітусні. Паколькі канфірмацыя ўдзяляецца пераважна падчас Святой Імшы, можна лічыць, што такі парадак варта захаваць на працягу ўсёй літургіі.
Тут трэба яшчэ звярнуць увагу на знак ускладання рукі сведкі на плячо канфірмаванага, што выражае з боку сведкі гатоўнасць дапамагаць і падтрымліваць сваё “духоўнае дзіця”, а з боку кандыдата – прыняцце гэтай дапамогі. Трэба разумець, што згаданы знак больш выразны, калі той, хто прымае сакрамант хрысціянскай сталасці, і сведка знаходзяцца разам у часе усёй цэлебрацыі.
Станіслаў пытае, чаму нельга кандыдату да канфірмацыі выконваць функцыі міністранта падчас удзялення гэтага сакраманту. Не існуе ніякай забароны прыслугоўваць міністрантам падчас літургіі канфірмацыі, аднак для глыбейшага перажывання асаблівай таямніцы варта ў гэты выключны дзень устрымацца ад выканання абавязкаў міністранта.
Станіславу і ўсім шаноўным чытачам “Каталіцкага Весніка” жадаю пастаяннага ўзрастання ў хрысціянскім жыцці.
для друку