Пэўна, кожны з нас, рыхтуючыся да святой споведзі ці проста аналізуючы свае паводзіны, неаднойчы задумваўся: мой учынак добры ці дрэнны? Ці можна мае грахі апраўдаць жыццёвымі абставінамі, у якіх я апынуўся? Ці даруецца мне тое зло, што я зрабіў, бо я ж хацеў як лепш?
У краме прыкладанняў для мабільных прыладаў мне выпадкова сустрэліся гульні – “сімулятары Бога” кшталту “Судны дзень”, “Пекла або рай”. У іх гульцу прапаноўваецца ацэньваць ўчынкі нейкага персанажа і “адпраўляць” яго ў пекла ці рай, вырашаць, чаго той заслужыў. Маю ўвагу прыцягнулі менавіта самі фармулёўкі ўчынкаў: на некаторых прыкладах сапраўды можна практыкавацца ў маральнай тэалогіі! “Я забіў сваю жонку, але яна моцна пакутавала ад раку” або “Я ўзяў хабар, каб аплаціць вучобу свайму сыну”. Нават вернік можа мець клопат з маральнай ацэнкай падобных дзеянняў. Таму варта памятаць пра фактары, якія дапамагаюць гэта зрабіць – крыніцы маральнасці чалавечага ўчынку.
Узгадаем, што чалавечы ўчынак – гэта свядомае і добраахвотнае дзеянне асобы, за якое яна нясе маральную адказнасць. Калі ўчынак застаецца ў згодзе з маральным законам (знешняй нормай) і сумленнем (унутранай нормай), гэта азначае, што ён з’яўляецца добрым, і наадварот. Ва ўчынку традыцыйна вылучаюць тры элементы, якія вызначаюць яго маральную вартасць: прадмет дзеяння, акалічнасці і мэту выканаўцы (інтэнцыю). Усе разам яны называюцца крыніцамі маральнасці. Існуе правіла: чалавечы ўчынак з’яўляецца добрым тады, калі ўсе тры крыніцы згодныя з маральнымі нормамі. Разгледзім іх кожную асобна.
Прадмет дзеяння. Гэта вынік дзеяння, да якога яно імкнецца непасрэдна і па сваёй прыродзе, незалежна ад намеру таго, хто выконвае гэта дзеянне. Напрыклад, прадметам крадзяжу заўжды будзе прыўлашчванне чужой маёмасці (не важна, каму яна належыць і ці чалавек крадзе для сябе або каб дапамагчы бедным). Прадметам аборту заўжды з’яўляецца гвалтоўнае выдаленне чалавечай істоты з улоння маці, незалежна ад таго, ці гэта робіцца, каб пазбегнуць скандалу, ці з-за таго, што дзіця мае адхіленні ў развіцці. Прадмет дзеяння – гэта першарадная і вырашальная крыніца для маральнай ацэнкі ўчынку: ці ён яднае нас з Богам, ці аддаляе ад Яго? Учынак, які сам па сваёй сутнасці з’яўляецца дрэнным і спрэчным з Божым пакліканнем (забойства нявіннай асобы, сужэнская здрада), ніколі не можа быць дазволеным незалежна ад таго, якую інтэнцыю меў чалавек, які яго здзяйсняў.
Акалічнасці. Гэта агулам усе зменныя фактары, не абавязкова звязаныя з прадметам чалавечага дзеяння, якія, аднак, уплываюць на яго маральную ацэнку. Напрыклад, міласціну чыніць бедны ці багаты, публічна ці ў таямніцы. Хоць могуць існаваць, канешне, і абыякавыя акалічнасці (гэтая міласціна была складзена раніцай ці ўвечары).
Чаму акалічнасці маюць маральнае значэнне? Бо яны здольныя павялічваць або памяншаць добрыя або кепскія вынікі дзеяння, а таксама адказнасць чалавека за гэтае дзеянне. Вось некаторыя прыклады. Возьмем евангельскую гісторыю пра дзве лепты, якія бедная ўдава ахвяравала на святыню. Хоць зусім дробная, яе міласціна была больш дасканалая, чым міласціна багачоў, бо ўдава аддала ўсё, што мела (Мк 12,41-44). Меншым грахом будзе адмовіцца ад веры ў страху перад катаваннямі, чым дзеля атрымання высокай пасады. Крадзеж дваццаці рублёў у небагатага студэнта – гэта значна горшы ўчынак, чым крадзеж такой жа сумы ў прафесара, які добра зарабляе.
Згодна з традыцыяй, якая цягнецца ад Арыстоцеля і Цыцэрона, а пасля – святога Тамаша Аквінскага, можна вылучыць наступныя акалічнасці:
- Хто? – які ёсць стан, узрост, прафесія выканаўцы дзеяння (дом быў падпалены дзіцём ці дарослым);
- Што? – напрыклад, вартасць рэчы (было скрадзена золата ці жалеза);
- Дзе? – акалічнасць месца (сварка ў касцёле ці ў краме);
- Якімі сродкамі? – бяруцца пад увагу выкарыстаныя сродкі ці дапамога іншых асобаў;
- Чаму? – тут акцэнт робіцца на тым, што знешне паўплывала на рашэнне чалавека (ціск грамадства, страх);
- Якім чынам? – спосаб дзеяння (кпіць з бліжняга сам-насам ці адкрыта, пры народзе);
- Калі? – акалічнасць часу (падзяліцца ежай падчас голаду).
Інтэнцыя. Гэта мэта, якую хоча дасягнуць асоба, што выконвае ўчынак. Менавіта яна надае ўчынку канчатковую вартасць, выказвае яго духоўны бок. Кепская інтэнцыя можа ператварыць і без таго дрэнны ўчынак у яшчэ горшы (забойства з карыслівай мэтай), а абыякавае дзеянне ўчыніць дрэнным (гучна слухаць музыку, каб раздражняць суседзяў). Нават добры ўчынак можа быць зруйнаваны дрэннай інтэнцыяй (напрыклад, малітвы і пасты, каб паказацца людзям). Добрая ж інтэнцыя чыніць лепшым добрае дзеянне, аднак, насуперак ходкаму меркаванню, нават найбольш шляхетная мэта не можа апраўдаць учынак дрэнны па сваёй сутнасці. Нельга растлумачыць рашэнне забіць дзіця ва ўлонні маці тым, што сям’я жыве ў беднасці і не зможа даць яму годнае жыццё, таксама як нельга скрасці цэглу, каб збудаваць з яе касцёл.
Такім чынам, мэта не апраўдвае сродкаў і ніколі нельга чыніць зло, каб з яго атрымалася дабро. Ні добрая інтэнцыя, ні нейкія акалічнасці не могуць выправіць учынак, кепскі па сваёй сутнасці, які нельга злучыць з пакліканнем да жыцця з Богам і камуніі з бліжнім. Калі гэта памятаць, то, з разважлівасцю абапіраючыся на маральны закон і голас сумлення, можна без вялікіх цяжкасцяў распазнаць маральную вартасць учынку і зрабіць правільны выбар.
c. Дар’я Галубкова OV
для друку